Летнія канікулы перайшлі далёка за экватар. Хутка адчыняць свае дзверы школы і пачнецца новы навучальны год – для кагосьці апошні, а для некага адзначаны цікавым жыццём. Бацькі не адкладваюць зборы на потым, у вольны час лавіруюць сярод палічак з дзіцячым адзеннем. Карэспандэнт "Да новых перамог" таксама вырашыў прысвяціць час шопінгу і вызначыць кошт экіпіроўкі школьніка. На гадзінніку дзесяць раніцы. Некалькі пакупнікоў вывучаюць асартымент мясцовага ўнівермага. У аддзеле дзіцячага адзення маладая сям'я выбірае скураныя туфлі непаседлівай дачурцы. Дарэчы, дзіцячы абутак прадстаўлены прадпрыемствамі "Нёман", "Сівельга", "Марко". Лідская фабрыка прапаноўвае спартыўную прадукцыю ў вясёлкавай гаме па "смачнай" цане – усяго 140 тысяч недамінаваных рублёў.
Увагу прыцягнулі фешэнэбельныя з моднымі латкамі на локцях пінжакі для хлопчыкаў прадпрыемства "Славянка", чорныя і шэрыя касцюмы для падлеткаў Гомельскай фабрыкі "Камінтэрн", да якіх добра падыдуць белыя кашулі з групы школьнага адзення "Царэвіч". Для маленькіх модніц усіх узроставых груп у мясцовым універмагу ёсць камплекты, спадніцы, штаны, блузы ад "Калінкі". Спартыўнае адзенне са стопрацэнтнай бавоўнай абыдзецца бацькоўскаму кашальку ад 300 тысяч недамінаваных рублёў.
Неабходныя атрыбуты школьніка – канцтавары і партфелі – можна купіць у любы дзень тыдня на "Школьным базары", які размяшчаецца каля ўнівермага.
– З 15 па 31 жніўня ў нас пройдзе акцыя "Школьны бум!", у час якой можна набыць тавары са скідкай 10%, – распавяла аб бліжэйшых планах прадавец Тамара Аляксееўна Леановіч. Менавіта яна ў гэтым годзе, як фея з казкі "Папялушка", будзе дапамагаць збіраць школьнікаў. – Мы прапаноўваем разнастайныя віды канцтавараў, пачынаючы ад самых простых – паперы і ручкі, неабходныя ўсюды і заўсёды, і заканчваючы іншымі спецыяльнымі прыстасаваннямі, якія выкарыстоўваюцца не так часта.
Падобная акцыя пройдзе ў наступных магазінах раёна: №3 агр.Заастравечча, №4 агр.Грыцэвічы, №23 агр.Сіняўка, №66 агр.Кухчыцы, №109 арг. Морач, №162 агр. Лазавічы. Акрамя гэтага з 1 жніўня па 15 верасня пакупнікам універмага, якія набылі школьны тавар на суму звыш 150 дамінаваных рублёў, прадастаўляецца беспрацэнтны крэдыт на 3 месяцы.
Алеся Скрунда.
Отправить комментарий