Сейчас загружается

15 сентября сотрудники библиотечных учреждений отметили профессиональный праздник

%d1%82%d0%b8%d0%bc%d0%be%d0%b2%d0%b5%d1%86Штогод 15 верасня ўсе бібліятэчныя ўстановы Рэспублікі Беларусь разам са сваімі чытачамі адзначаюць Дзень бібліятэк, які быў зацверджаны ў 2001 годзе Указам Прэзідэнта краіны. Дата невыпадковая: заснаванне Нацыянальнай бібліятэкі – галоўнага кнігасховішча Беларусі.
Радуе, што ў век высокіх тэхналогій, калі большая частка насельніцтва перайшла на электронныя носьбіты, бібліятэкі застаюцца такімі ж запатрабаванымі.
Асабліва плённым на творчую працу для бібліятэк выдаўся 2016 – Год культуры. Іх супрацоўнікі ладзяць шмат праектаў і мерапрыемстваў. А падрабязна аб тым, як працуюць бібліятэчныя ўстановы сёння ў Клецкім раёне, наша размова з дырэктарам ДУ "Клецкая раённая цэнтральная бібліятэка" Людмілай Уладзіміраўнай Цімавец.

– Людміла Уладзіміраўна, што ўяўляе сабою зараз бібліятэчная сістэма раёна?
– Гэта 20 публічных бібліятэк: цэнтральная раённая, дзіцячая бібліятэка-філіял, 16 сельскіх і 2 сельскія бібліятэкі-клубы. Штогод іх паслугамі карыстаюцца звыш 10 тысяч чытачоў, якім выдаецца больш за 170 тысяч экзэмпляраў. Фонд уключае ў сябе кнігі, перыядычныя выданні, электронныя дакументы і налічвае болей за 200 тысяч экзэмпляраў выданняў. Апошнім часам актыўна ідзе працэс інтэграцыі публічных бібліятэк са школьнымі. У раёне такіх ужо пяць: Галынкаўская, Даматканавіцкая, Сіняўская, Грыцэвіцкая і Рассветаўская. Пры цэнтральнай бібліятэцы працуе мабільная бібліятэка-аўтобус. Рухаецца ён па пяці маршрутах, якія абслугоўваюць жыхароў маланаселеных і аддаленых вёсак.
– Крыху падрабязней раскажыце, калі ласка, аб цэнтральнай бібліятэцы.
– Яна з'яўляецца каардынуючым арганізацыйным цэнтрам для бібліятэк раёна. Чытачоў тут больш за 2,5 тысячы. Да іх паслуг абанемент, чытальная зала, публічны цэнтр прававой інфармацыі, фонды камерцыйны і электронных дакументаў. Створаны таксама літаратуры для карыстальнікаў са слабым зрокам. Калектыў цэнтральнай бібліятэкі працуе над стварэннем камфортнага асяроддзя для сваіх наведвальнікаў. ЦБ з'яўляецца той інфармацыйнай установай, куды звяртаюцца студэнты, вучні, настаўнікі, жыхары нашага горада і раёна. Яе фонд налічвае больш за 36 тысяч экзэмплярных выданняў, у ліку якіх 17 найменняў газет і 60 – часопісаў. Створаны краязнаўчы архіў, які рэгулярна папаўняецца новымі выданнямі, існуе поўнатэкставая база дадзеных "Народныя святы і абрады". Прыхільнікаў здаровага ладу жыцця штомесяц збірае на пасяджэнні культурна-аздараўленчы клуб "АІР": атрымліваецца цікавая размова на самыя разнастайныя тэмы аб ўмацаванні здароў'я. Асабліва радуе тое, што колькасць членаў гэтага клуба павялічваецца. Сваіх аматараў мае і літаратурна-музычная гасцёўня "Субяседнік", якая творча працуе сумесна з членамі літаб'яднання "Голас" пры рэдакцыі газеты "Да новых перамог". Адзначыў сваё 30-годдзе шахматна-шашачны клуб "Дэбют", творча працуе юнацкі "Равеснік", які на свае мерапрыемствы збірае старшакласнікаў школ горада. Традыцыйна ладзяцца ў Клецку святы вуліц, і сёлета гучалі добрыя словы для жыхароў Спартыўнай, Рачной, Архітэктурнай, завулкаў Рачнога і Архітэктурнага. Цэнтральная бібліятэка плённа супрацоўнічае з радыёпраграмай "Веснік Клеччыны". Сёлета здзяйсняецца ўжо трэці сумесны праект "Кніга і чытанне ў маім жыцці", які прымеркаваны да Года культуры. Пераможцы будуць узнагароджаны спецыяльнымі дыпломамі ДУ "Клецкая раённая цэнтральная бібліятэка" і памятнымі падарункамі ад раёнкі. Карыстаючыся магчымасцю, хачу падзякаваць тых, хто ўжо выступіў ў нашым радыёконкурсе, а таксама запрасіць да ўдзелу усіх жадаючых!
– Людміла Уладзіміраўна, не сакрэт, што запатрабаваным бывае найперш тое, што навідавоку. Ваша ўстанова сябе нейкім чынам рэкламуе?
– Безумоўна! "Сэрца і душа" бібліятэкі, яе творчая лабараторыя – гэта аддзел бібліятэчнай рэкламы і маркетынгу. Менавіта тут генерыруюцца новыя ідэі, фарміруецца імідж бібліятэк, распрацоўваюцца мэтавыя праграмы і стратэгія развіцця. Асаблівая ўвага надаецца выдавецкай дзейнасці. Створана сістэма павышэння кваліфікацыі супрацоўнікаў, іх прафесійнага росту, а для пачынаючых працуе "Школа маладога бібліятэкара". Што тычыцца дакументацыі, то яна вядзецца ў аўтаматызаваным рэжыме: сфарміраваны электронныя базы дадзеных "Аналітыка", "Рэтраспекцыя", "Новыя паступленні". Словам, мы імкнёмся, каб кожны наведвальнік меў магчымасць атрымаць неабходную кнігу, перыядычныя выданні, электронныя дакументы, а таксама абмяняцца думкамі і ідэямі, атрымаць для сябе неабходную інфармацыю. А яшчэ аддзел працуе з выдавецтвамі рэспублікі, і напрамую – з аўтарамі.
Ды і ўвогуле супрацоўнікі цэнтральнай і дзіцячай бібліятэк заўсёды знаходзяцца ў творчым пошуку і імкнуцца заявіць аб сабе не толькі ў вобласці, але нават і ў рэспубліцы. Гэта яскрава даказвае наш штогадовы ўдзел у прэстыжным рэспубліканскім конкурсе "Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры". Не стаў выключэннем і 2016 год. Дзіцячая бібліятэка падрыхтавала электронную прэзентацыю "Пазнай мір з кнігай".
– Дзіцячая бібліятэка. Як шмат мае яна чытачоў і чым вабіць дзетак?
– Бібліятэка абслугоўвае вучняў трох гарадскіх школ і гімназіі. Яе запатрабавальнай формай работы з'яўляюцца аматарскія клубы, што аб'ядноўваюць дзяцей розных узростаў і захапленняў. Вучні малодшых класаў наведваюць клуб "Чабарок", дзе пашыраюць веды па гісторыі і культуры беларускага народа, экалогіі, абмяркоўваюць прачытаныя кнігі. Літаратурна-музычная гасцёўня "Натхненне" збірае юнакоў і дзяўчат, а для школьнікаў сярэдняга ўзросту працуе клуб "Прававы эрудыт".
Пошук новых формаў і метадаў работы ў арганізацыі абслугоўвання дзіцячага чытача працягваецца ў сельскіх бібліятэках. Ва ўсіх бібліятэчных установах існуюць дзіцячыя куткі, кніжны фонд раскрыты праз выставы і тэматычныя паліцы, арганізуюцца экскурсіі, праводзяцца Дні бібліятэк, Святы дзяцінства, конкурсы летняга чытання, турніры знаўцаў. У гэтым накірунку хочацца адзначыць дзейнасць клубаў і гурткоў па інтарэсах наступных бібліятэк: літаратурна-пазнавальны "Чамучкі"(Грыцэвіцкая), літаратурна-музычны "Імяніннік" (Заастравецкая, Лазавіцкая), "Умелыя рукі" (Ардзянская, Даматканавіцкая, Лазавіцкая), "Сябры бібліятэкі" (Зубкаўская), "Церамок" (Морацкая), "Лесавічок" (Сякерыцкая), "Дамавічок" (Сіняўская), лялечны гурток "Сонейка" (Тучанская). Гучнымі пастаноўкамі і п'есамі, тэатралізаванымі прадстаўленнямі па казках і літаратурных творах заявіў аб сабе тэатр кнігі "Маленькая краіна" пры Рассветаўскай бібліятэцы. У Янавіцкай, Галавацкай, Рассветаўскай сельскіх бібліятэках аформлены цікавыя дзіцячыя пакоі з прымяненнем прыроднага матэрыялу, элементаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а таксама з мноствам казачных персанажаў. Дзеці любяць бываць тут і такім чынам знаёмяцца са шматгранным кніжным сусветам.
– Давайце зноў звернемся да дарослай чытацкай аўдыторыі і павядзем размову пра сельскія бібліятэкі…
– З задавальненнем, таму што актыўна чытаюць не толькі гараджане. Пры Заастравецкай, Янавіцкай і Сіняўскай сельскіх бібліятэках працуюць публічныя цэнтры прававой інфармацыі. Кожная сельская ўстанова атрымлівае па 11 найменняў газет і 22 – часопісы. Краязнаўства для бібліятэк стала не толькі прыярытэтным накірункам, але і набыло ўстойлівую дынаміку, акрэсліваючы рэгіянальны каларыт. Падтрымліваюцца цесныя сувязі з музеем гісторыі Клеччыны, старажыламі сваёй мясцовасці, знакамітымі землякамі. Цыклы мерапрыемстваў знаёмяць з гісторыяй бацькаўшчыны, нацыянальнымі і духоўнымі каштоўнасцямі беларусаў. Маляўнічыя краязнаўча-этнаграфічныя куткі даюць самую поўную і цікавую інфармацыю праз альбомы, буклеты аб родным краі, летапісы вёсак, гаспадарак, бібліятэк, а таксама рэчы і вопратку продкаў. Багаты этнаграфічны матэрыял сканцэнтраваны ў Комлеўскай СБК, Сіняўскай, Зубкаўскай, Галавацкай, Заастравецкай і Галынкаўскай бібліятэках. Гэтыя ўстановы сталі сапраўднымі цэнтрамі краязнаўства ў сваім рэгіёне. Актыўна прапагандуецца спадчына пісьменнікаў-землякоў. Фальклорная тэматыка працягваецца ў рабоце шэрагу бібліятэчных клубаў і гурткоў: "Родны край" (Янавічы), "Спадчына" (Кухчыцы), "Нашчадкі" (Галынка). Экалагічнае выхаванне з дапамогай кнігі – асноўны накірунак дзейнасці Заастравецкай СБ, дзе яно пачынаецца ўжо з інтэр'ера ўстановы. Тут створаны літаратурна-экалагічны клуб "Фларыда", які таксама выхоўвае любоў і павагу да роднага краю. Бібліятэка з'яўляецца неаднаразовым ўдзельнікам конкурсаў па экалагічнай адукацыі і інфармаванні насельніцтва, а вынік – прызавыя месцы, дыпломы, грашовыя прэміі. Добрыя здабыткі ў эколага-асветніцкай рабоце маюць Кухчыцкая, Шчэпіцкая, Сіняўская, Рассветаўская, Морацкая і Сякерыцкая СБ.
– Можна сказаць, што прафесійнае свята бібліятэкараў у верасні – не выпадковае: пачаўся крыху больш двух тыдняў таму і новы навучальны год...
–Так, і ён у нас вельмі плённы. Добрай традыцыяй для бібліятэк раёна стала правядзенне мерапрыемстваў да Дня ведаў, юбілеяў пісьменнікаў і паэтаў. Найбольш актыўныя тут цэнтральная, дзіцячая, Нагорнаўская, Лазавіцкая, Даматканавіцкая, Галавацкая, Грыцэвіцкая, Зубкаўская, Сякерыцкая, Тучанская бібліятэкі. Ужо 23 гады запар цэнтральная бібліятэка з'яўляецца арганізатарам правядзення Дня беларускага пісьменства на Клеччыне. А што тычыцца дзейнасці сельскіх бібліятэк-клубаў, то яна скіравана на задавальненне чытацкіх інтарэсаў жыхароў зоны абслугоўвання, а таксама арганізацыі цікавага і змястоўнага адпачынку. Прафесійна, самааддана і творча працуюць Ардзянская і Комлеўская СБК.
– І ўсё ж, самы вялікі скарб – гэта людзі, адданыя сваёй справе…
– Яны ўсе – ініцыятыўныя, творчыя, таленавітыя, сапраўдныя прафесіяналы ў сваёй справе, якая заслугоўвае самых найлепшых слоў! Проста немагчыма ўявіць наша жыццё без кніг і без бібліятэк. Дзмітрый Ліхачоў сказаў: "Человечество не выживет физически, если погибнет духовно". Загінуць духоўна нам не дазволяць бібліятэкі і людзі, чыя прафесія – бібліятэкар!
Паважаныя калегі! Шаноўныя чытачы! Ветэраны бібліятэчнай справы нашага раёна! Са святам вас – Днём бібліятэк! З душэўнай цеплынёй і сардэчнай прыязнасцю дазвольце выказаць вам шчырыя словы падзякі за высокі прафесіяналізм і талент, руплівую, плённую, бескарыслівую працу, за вашу вытрымку і мудрасць, за тое, што выбралі такую цудоўную і паважаную прафесію. Добрага здароўя, любві вашых блізкіх і сяброў, спакою і дабрабыту ў сем'ях, павагі чытачоў, цікавых і прыемных сустрэч з сапраўнднымі знаўцамі кніг. Дарыце людзям радасць, дабрыню і любоў!
І завяршыць размову са сваёй субяседніцай хачу словамі Карла Гальдоні: "Человек с хорошей книгой в руках никогда не будет одинокий". Чытайце, сябры, наведвайце нашы цудоўныя бібліятэкі, якія былі і заўжды будуць сапраўднымі скарбніцамі навукі і культуры!

Валянціна Сянкевіч.
Фота Яўгеніі Семянчук.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили