Сейчас загружается

Хранительница семейного очага и просто волшебница

img_9009Я заўсёды крыху зайздросціла тым людзям, каго Бог адарыў талентам. Напэўна, ён ёсць у кожнага з нас, проста трэба паспрабаваць адшукаць гэты скарб. А вось пошук сапраўднага прызвання, па-мойму, – гэта ні што іншае, як рызыка. Мабыць, таму людзі і пазбягаюць яе, баючыся няўдач. Большасці з нас проста не хапае ўпэўненасці ў сабе, каб рызыкнуць. І менавіта таму таленты часта аказваюцца нерэалізаванымі. Дзякуй Богу, што маёй новай знаёмай у гэтым плане пашанцавала. Яе талент заявіў вельмі рана аб сабе. Ёй патрэбна было толькі мэтанакіравана працаваць, каб развіць яго і тым самым падарыць людзям радасць.

Здольнасць прыгожа маляваць перадалася Марыі ў спадчыну ад бацькі. "Ён не быў прафесіянальным мастаком, але мог з дапамогай алоўка стварыць сапраўдны шэдэўр, – дзеліцца ўспамінамі мая суразмоўца і дадае: – Я заўсёды дзіву давалася, як у таты ўсё хутка і проста атрымлівалася. Некалькі штрыхоў алоўкам – і на белым лісце выразна вырысоўваўся сюжэт. Звычайна ён маляваў жывёл. У яго дамашняй галерэі, калі можна так сказаць, было шмат малюнкаў коней. Ведаеце, гэта як у сапраўдных мастакоў: у адных атрымліваюцца непаўторныя пейзажы, у другіх – адмысловыя партрэты, нацюрморты і г.д. Пасля, калі я ўжо займалася мастацкім рамяством на прафесійным узроўні, неаднаразова спрабавала аднаўляць на палатне ці паперы тое, што бачыла на татавых малюнках, – не выходзіла так віртуозна, як у яго".
Здаецца, робячы такую выснову, Марыя недаацэньвала свае здольнасці, ці, можа, гэта звычайнае праяўленне яе жаночай сціпласці. Бо тое, чым займаецца гэта абаяльная творчая жанчына, не можа пакінуць раўнадушным ніводнага чалавека. Поле дзейнасці Марыі Кісель настолькі неабсяжнае, што наўрад ці магчыма расказаць аб усім у адным газетным артыкуле. Але разам з ёй мы паспрабуем усё ж зрабіць невялікі экскурс па творчым жыцці нашай зямлячкі.
Пэндзлі і алоўкі ніколі не пераводзіліся ў яе дзіцячых руках. Малявала для сябе, дапамагала ў афармленні школьных газет і плакатаў. А калі час прыйшоў рабіць выбар справы ўсяго жыцця, ніхто не ставіў пад сумненне, што Маша аддасць перавагу творчай прафесіі. Гэта ў яе характары – штосьці новае пазнаваць, фантазіраваць і рабіць уласнымі рукамі. Так Марыя стала навучэнкай Бабруйскага мастацкага прафесійна-тэхнічнага вучылішча. Пасля яго заканчэння атрымала спецыяльнасць "мастак роспісу па дрэве, інкрустатар саломкі". Але калі прыйшла працаваць у Клецкі цэнтр дзіцячай творчасці, аказалася, што такія спецыялісты ў ім ужо былі. Кіраўніцтва паставіла задачу "здзівіць" дзяцей чымсьці новенькім. Тады Марыя, доўга не думаючы, знайшла патрэбную літаратуру і самастойна авалодала тэхнікай пляцення з саломы, а разам з тым зрабіла выснову: мала мець творчую прафесію, трэба быць творчым чалавекам увогуле. img_8994
З 1995 года Марыя Уладзіміраўна працавала інструктарам па працы ў Клецкім дзіцячым доме, узначальвала гурток "Скарбніца". Колькі цудаў "выпусціла ў свет" разам з дзецьмі, ужо і не падлічыць. Асабліва ўдалымі аказаліся малюнкі з пяску і манкі, падзелкі з папяровых сурвэтак замест фарбаў, мастацкія эксперыменты з круп, насення раслін, апілкаў, пуху, скуры і цеста. Але галоўным яе прызначэннем было не столькі навучыць дзяцей маляваць, ляпіць, рабіць аплікацыі, біжутэрыю і іншае, колькі паказаць выхаванцам, як праз пазнавальную і творчую дзейнасць чалавек можа раскрываць сваю душу, развіваць творчае мысленне, густ і фантазію. Хлопчыкі і дзяўчаты з цікавасцю беглі на чарговыя заняткі, як на сустрэчу з цудам, бо ведалі, што Марыя Уладзіміраўна абавязкова прапануе штосьці яшчэ нязведанае і цікавае. У адказ на шчырасць, клопат і ўвагу педагога малыя дзячылі сваімі высокімі дасягненнямі ў творчых конкурсах самых розных маштабаў – ад раённых да рэспубліканскіх. Трэба адзначыць, што і ў дамашнім арсенале ганаровых грамат – незлічоная колькасць тых, што належаць ёй асабіста, як высокаму прафесіяналу. І гэта, як прызнаецца ў размове Марыя Уладзіміраўна, з'яўлялася стымулам для пакарэння новых абсягаў.
– Каб крочыць у нагу з часам, – дзеліцца прафесійнымі сакрэтамі жанчына, – неабходна пастаянна развівацца і ўзбагачаць багаж сваіх ведаў і ўменняў. Яшчэ калісь я пачула думкі аднаго вучонага аб тым, што нават самы геніяльны чалавек на працягу ўсяго жыцця выкарыстоўвае не больш за адну мільярдную долю тых магчымасцей, якія дае яму розум.
Словы навукоўца настолькі моцна ўкараніліся ў яе галаве, што Марыя вырашыла для сябе, як мага эфектыўней выкарыстаць усе свае творчыя рэсурсы. Паспрыялі гэтаму і новыя жыццёвыя абставіны. Сям'я вырашыла змяніць месца вясковай прапіскі і пераехала ў райцэнтр. Але і тут таленавітая мастачка хутка асвоілася і стала сваёй сярод чужых. Па-першае, як чалавек творчы, не змагла дамовіцца з душой, каб не звяртаць увагу на непрыкметны выгляд прыдамавой тэрыторыі. Некалькі вечароў за камп'ютарам, абмеркаванне ўсіх нюансаў з дамачадцамі, пару плённых працоўных дзён і з дапамогай мужа і сына пад вокнамі з'явіўся прыгожы дызайнерскі куточак – імправізаваны сялянскі двор (як гаворыцца, тое, што блізкае і роднае) з плотам, лаўкай і гасцінным гаспадаром – ландшафтнай фігурай дзеда. Крыху пазней падворак напоўніўся расліннасцю і жыўнасцю – лісамі, баранчыкамі і грыбамі з пены, не абышлося і без экзотыкі – фламінга, папугаяў, паўліна, лебядзяў і г.д. У ход ішлі ўсе падручныя прыродныя матэрыялы і другасная сыравіна. Адным словам, той хто праходзіў альбо праязджаў міма дома нумар 5 па вуліцы Гагарына, абавязкова звяртаў увагу на ўсе гэтыя дзівосы. "Чараўніца!" – гаварылі людзі і спрабавалі высветліць, хто з'яўляецца аўтарам забаўных персанажаў. Так Марыя станавілася чалавекам публічным у Клецку. Але ў хуткім часе яе пачалі ведаць далёка па-за межамі раёна. Тэлефанавалі, прасілі праз знаёмых, каб яна рабіла на заказ падобныя ландшафтныя канструкцыі. Марыя Уладзіміраўна згаджалася, бо любімы занятак стаў не толькі асалодай для душы, а ператварыўся ў хлеб надзённы. І нават больш… Ён даў старт другому захапленню.
Сёння Марыя займаецца новай для яе справай – упрыгожвае залы для вяселляў. Менавіта на грошы, атрыманыя ад рэалізацыі фігурак, яна набыла першы набор для афармлення зоны маладых. З дня ў дзень працуе над удасканаленнем свайго ўжо дызайнерскага майстэрства. Нядзіўна, бо ў гэтай сферы ў яе ёсць сур'ёзныя канкурэнты. Хаця, як зазначае Марыя, не ў іхніх правілах ставіць палкі ў колы. Яны тэлефануюць адзін аднаму, заходзяць у госці, праўда, віртуальныя, – на старонках інтэрнэта, абмяркоўваюць надзённыя пытанні, але не перашкаджаюць працаваць. У ліку яе заказчыкаў – маладыя з Клецка, Капыля, Нясвіжа, са Слуцка і інш. Новы занятак адбірае ў творчай натуры шмат часу, бо акрамя асноўнага афармлення залы (аркаў, шырмаў, чахлоў, сталоў), патрэбна вырабіць яшчэ мноства інтэр'ерных рэчаў і элементаў дэкору, накшталт, букетаў з цукерак і розных кампазіцый з кветак, бутэлек з шампанскім у тэхніцы дэкупаж і інш. Але калі ўсё ж выпадае вольная хвіліна… Не, яна не ляжыць на канапе без справы, а ізноў жа дае волю рукам. Стараецца не забываць лёсавызначальны занятак – маляванне. Цяпер ужо менш піша карціны на палатне, затое займаецца жывапісам на сценах. Нядаўна распісала клас біялогіі ў школе (№2), дзе навучаюцца яе дзеці. Крыху раней – у аддзяленні дзіцячага сацыяльнага прытулку. Ну а тое, што мы з калегай угледзелі, ледзь пераступіўшы парог пад'езда яе дома, не перадаць словамі (!). Літаральна за пару крокаў можна "прайсціся" па ўсіх порах года і, што самае галоўнае, адчуць іх водар. Тут і летняя спякота з прахладжальным азёрным люстэркам. Некалькі мастацкіх прыёмаў, і назіральнік плаўна перамяшчаецца ў госці да багацейкі восені. Стаіш, захоплены яе прыгажосцю, і адчуваеш, як сумна становіцца ад паху мінулага лета. З дрэваў злятае абпаленае пякучым сонцам лісце. Ствараецца ўражанне, што ўся зямля пакрываецца золатам. А вось, зусім побач, і сіняе высокае неба. Дрэўцы абзаводзяцца светла-зялёным убраннем. Гэта вясна… Я назірала за гульнёй фарбаў і выдатна разумела: гэта нішто іншае, як усплёск аўтарскіх эмоцый. Калі мастачка адчувае неабходнасць іх выказаць, яна бярэ ў рукі пэндзлі і малюе ўсё, што рвецца з яе грудзей на волю. "Чараўніца!" – так думаюць пра яе суседзі, якія штодня адчуваюць сябе як на вернісажы.

Я нават не спытала маю новую знаёмую, ці лічыць яна сябе шчаслівым чалавекам. Бо не трэба быць прафесійным псіхолагам, каб прыкмеціць, як свецяцца вочы гэтай абаяльнай, прыветлівай, працавітай жанчыны. Яно і зразумела: той, хто займаецца сваёй любімай справай, – шчаслівы чалавек. Але яшчэ больш эмоцый я прачытала на яе мілавідным твары, калі гаворка зайшла пра сям'ю. Па ўсім было відаць, што тут усе беражліва адносяцца да сямейных каштоўнасцей. А дзеці – першыя дарадцы і памочнікі бацькоў. Яны працуюць і адпачываюць заўсёды разам. Пятнаццацігадовы Міша, калі бацька заняты на рабоце, усе мужчынскія абавязкі бярэ на сябе. Дапамагае маме ў рэалізацыі яе творчых ідэй і вельмі любіць сваю малодшую сястрычку. Калі яна не можа ўдзяліць шмат увагі Насцёне, якая сёлета пайшла ў першы клас, брацік заўсёды побач. І ўрокі праверыць, і арганізуе вольны час. Міша займаецца спортам, марыць звязаць з ім сваё жыццё. Мама цалкам падтрымлівае жаданне сына, хаця, па сакрэту прызналася, што ў яго ёсць вялікія творчыя задаткі, і яна была б вельмі рада, каб сын іх развіваў і далей. Настачка таксама не пазбаўлена творчых здольнасцей. Яна – маленькая артыстка, з задавальненнем прымала ўдзел ва ўсіх канцэртных праграмах, што праводзіліся ў дзіцячым садку, і мае намер ва ўсёй красе паказаць сябе і ў школе. А яшчэ, малютка валодае нейкім асаблівым дарам з нічога зрабіць штосьці. Што б ёй ні трапілася ў рукі, вяровачка, стужка ці яшчэ што іншае, маленькая вынаходніца тут жа ператворыць рэч у...цацку, напрыклад. Яе ідэю з задавальненнем падхопіць увесь клас і, як гаворыцца, забава атрымалася.
Марыя Уладзіміраўна беражліва захоўвае цяпло свайго сямейнага ачага. Нават незнаёмым людзям няцяжка адчуць у яе доме мір і гармонію. Тут кожнаму цёпла і ўтульна. Здаецца, бацькі Мішы і Насці зрабілі ўсё для таго, каб іх дом стаў тым адзіным месцам на зямлі, куды, незалежна ад узросту, будуць цягнуцца душы дзяцей, куды будзе хацецца вяртацца зноў і зноў, бо тут заўсёды пачуюць, зразумеюць і дапамогуць. Бацькоўскі дом, ласкавыя маміны рукі і добрыя вочы – што можа быць даражэй на свеце?

Святлана Орпель.
Фота Яўгеніі Семянчук.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили