Хто ведае, магчыма, перамозе прадукцыі Клецкага філіяла ААТ "Слуцкі сырыробчы камбінат" у рэспубліканскім конкурсе "Лепшы прадукт Рэспублікі Беларусь 2016 года" паспрыяла менавіта тая акалічнасць, што агульнавядомы брэнд "Клецкая крыначка" ўрэшце вярнуўся да сваіх ранейшых уладальнікаў. Не сакрэт, што малочныя далікатэсы "Клецкай крыначкі" ва ўсе часы карысталіся павышаным попытам не толькі ў кляччан і сталічных жыхароў, але і ў нашых лепшых суседзяў – расіян. Эканамічныя пераўтварэнні, якія адбыліся ў жыцці прадпрыемства некалькі гадоў назад, і як вынік – маркіроўка прадуктаў усіх структурных адзінак Слуцкага камбіната пад адзіным брэндам "Cоmplimilk", прывялі да разгубленасці пакупнікоў. Яны хацелі бачыць на сваім стале традыцыйныя малочныя ласункі "Клецкай крыначкі", але не маглі знайсці іх на гандлёвых прылаўках. Балазе, сёння сітуацыя выправілася. Брэнд застаўся ў клецкіх вытворцаў і спажыўцы ізноў цягнуць руку менавіта ў бок прадукцыі Клецкай крыначкі", якая адрозніваецца сваёй натуральнасцю і асаблівымі смакавымі якасцямі. Увесь асартымент прадукцыі прадпрыемства разлічаны, дарэчы, на шырокае кола пакупнікоў – ад маленькіх спажыўцоў да сапраўдных гурманаў. Нядзіўна, як можна адмовіцца ад такой смакаты!
Святлана Орпель.
1 комментарий