Калі вы спытаеце ў любога ўдзельніка ўборачнай кампаніі, што самае важнае ў гэтым нялёгкім працэсе, будзьце ўпэўнены – кожны адкажа: “Усё!”. І сапраўды, ланцужок неад’емных спраў жніва пачынаецца з гаражоў і майстэрняў, працягваецца ў полі, у сушыльнях, а завяршаецца на зернесховішчах.
Невыключныя звёны – людзі, якія прыкладаюць шмат намаганняў, каб падчас сабраць ураджай, падрыхтаваць яго да захоўвання, не дапусціць пазаштатных сітуацый на аб’ектах і палях. Сярод іх – не толькі механізатары, камбайнёры і іншыя працаўнікі сельскай гаспадаркі, а таксама і работнікі МНС. З самага пачатку ўборачнай кампаніі выратавальнікі наведваюць сельскагаспадарчыя аб’екты з мэтай аказання практычнай дапамогі ў арганізацыі бяспечнага працэсу уборкі на кожным з яе этапаў.
Работнікі Мінскага абласнога ўпраўлення МНС сумесна з прадстаўнікамі раённых РАНС штодзённа выязджаюць на месцы ўборкі зерня, праводзяць агляд тэхнікі, якая працуе ў полі, апытваюць хлебаробаў на прадмет валодання ведамі па пажарнай бяспецы, арганізоўваюць інструктажы. І праца гэта, як і ўборачная кампанія, не спыняецца і ў выхадныя дні.
У мінулыя выхадныя Клецкіх аграрыяў наведалі работнікі Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Ягор Мікалаевіч Шульга, начальнік сектара мабілізацыйнага забеспячэння, і Дзмітрый Барысавіч Мельнік, аператыўны дзяжурны цэнтра аператыўнага ўпраўлення. Падчас візітаў на зернатокі, сховішчы, сушыльныя комплексы і палявыя станы выратавальнікі праводзілі прафілактычна-раз’ясняльную работу з усімі, хто задзейнічаны на ўборцы зерневых культур.
“Відаць, што ўсе работнікі сельскай гаспадаркі добра падрыхтаваны да ўборачнай кампаніі, маюць патрэбныя веды ў вобласці пажарнай бяспекі, выконваюць неабходныя правілы, каб не дапусціць вогненных здарэнняў; тэхніка таксама адпавядае ўсім патрабаванням бяспекі. Вось так, маючы добрую тэхніку, працавітых людзей, адказныя адносіны да справы, сумесна мы зможам сабраць і захаваць добры ўраджай!” – падзяліўся сваім меркаваннем Ягор Мікалаевіч Шульга.
Клецкі РАНС.
Отправить комментарий