Адзін з самых папулярных маладзёжных праектаў раёна – "Танец сяброўства" – у гэтым годзе прайшоў у беларускім фармаце. Вядучыя ўвесь вечар размаўлялі на мове Коласа і Купалы, яна гучала і ў песнях, пад якія 110 юнакоў і дзяўчат з гарадскіх школ і гімназіі кружыліся ў вальсе. Ці дадасць шоу гэты крок новых прыхільнікаў, стане вядома ў самы бліжэйшы час, як толькі мясцовая моладзь пачне абмяркоўваць падзею ў сацсетках.
На сённяшні ж дзень жадаючых убачыць "Танец сяброўства" значна больш, чым можа змясціць актавая зала Клецкай СШ №1. Ужо некалькі гадоў вядзецца размова, што праект нарэшце зменіць прапіску і пачне абжывацца ў Раённым цэнтры культуры. Але здейсніцца планам кожны раз нешта перашкаджае. Гэтай зімой арганізатарам зноў прыйшлося ламаць галаву над тым, як размясціць гледачоў у школе. Прыйсці раней астатніх і апынуцца ў першых радах каштавала таго. Выпускнікі традыцыйна падарылі родным, гасцям свята і сябрам запамінальнае шоу.
Шосты па ліку "Танец сяброўства" бясспрэчна застанецца ў памяці не толькі тым, што ўпершыню "загучаў" па-беларуску. Прадстаўнікі кожнай навучальнай установы Клецка за кароткі адрэзак часу змаглі падрыхтаваць складаныя па выкананні танцавальныя нумары. Некалькі тыдняў рэпетыцый пасля заняткаў не прайшлі дарэмна. Адчуваўся вялікі ўклад харэографаў у канчатковы вынік. Калі некаторыя пары месцамі і дапускалі нязначныя памылкі, то гэта хутчэй хацелася спісаць на зразумелае хваляванне. Перад юнакамі і дзяўчатамі сапраўды стаяла няпростая задача не толькі спадабацца гледачам, але і выступіць не горш за равеснікаў з другіх школ, хоць праект і не прадугледжвае выяўленне лепшых. Стараліся ўсе. Кожны з падлеткаў паасобку заслугоўвае самай высокай адзнакі.
Прысутныя суправаджалі апладысментамі складаныя элементы ў танцах, якіх у нумарах хапала. Гэта прыкметна падбадзёрвала адзінаццацікласнікаў.
Лічыцца, што "Танец сяброўства" – гэта своеасаблівая "генеральная рэпетыцыя" раённага выпускнога балю. Праект усімі сродкамі імкнецца нагадаць пра тое, што яго ўдзельнікі хутка пакінуць сцены сваіх школ. Наперадзе іх чакае "новы шлях", аб чым распавёў музыкальны хіт "Верасоў", з якога пачаўся вечар у Клецкай СШ №1. Сваю "хвіліну славы" на сцэне атрымаў Мацвей Ягораў, які прызнаны лепшым вучнем Клеччыны мінулага года. Яркім патрыятычным сцяг-шоу здзівілі выхаванцы СШ №1. Нацыянальнага каларыту дабавіла і вакальная група з СШ №2.
Права адкрыць галоўную частку праграмы свята, прайшоўшага пад дэвізам "Беларуская мова ў трэндзе! Беларускасць у трэндзе", даверылі выпускнікам гарадской гімназіі. Адзінаццацікласнікі пад кіраўніцтвам харэографа Вольгі Асаула падрыхтавалі, напэўна, самы кранальны нумар мінулага вечара. Прадстаўнікі прэстыжнай навучальнай установы не здрадзілі сваім традыцыям і выбралі класічны вальс. На іх былі адпаведныя выпадку шыкоўныя ўбранні. На некалькі хвілін гледачы сталі сведкамі арыстакратычнага балю, на якім уздельнікам было не больш сямнаццаці.
Арыгінальны нумар на беларускую тэматыку прадставілі танцавальныя пары з СШ №2 сумесна са сваім педагогам Таццянай Ганчар. Першая, неверагодна прыгожая, частка шоу на матыў верша Максіма Багдановіча "Слуцкія ткачыхі" пачалася выхадам групы падтрымкі ў нацыянальных касцюмах. Пазней як атрыбут танца проста павінны былі з'явіцца слуцкія паясы. Так і атрымалася. Акрабатычныя знаходкі харэографа ўразілі. Калі павольную, настальгічную мелодыю змяніла "Весялуха", на першы план выйшлі маладосць і пазітыў выканальнікаў. Падлеткі атрымоўвалі асалоду ад свайго танца і змаглі перадаць гэта пачуццё гледачам.
Перед тым як святочны марафон прадоўжылі выпускнікі СШ №3, выступілі вучні і настаўнікі Кухчыцкага ВПК. У сваёй сцэнічнай замалёўцы яны адлюстравалі адразу некалькі харэаграфічных напрамкаў. Асабліва адзначым юнакоў, якія прадэманстравалі неблагія навыкі валодання прыёмамі вулічных танцаў.
Нумар адзінаццацікласнікаў гарадской СШ №3 адрозніваўся ад падрыхтаванага іх равеснікамі з гарадской школы №2, але адчувалася, што з рабятамі працаваў адзін і той жа педагог. Творчы почырк Таццяны Ганчар нельга зблытаць . Калі ўбранні "кавалераў" увасаблялі сабой класічную формулу "белы верх, чорны ніз", то сукенкі дзяўчат, нечым падобныя на балетныя касцюмы, былі вельмі арыгінальнымі. Дапаўнялі іх вобразы блакітныя ленты, уплеценыя ў валасы. У аснову іх артыстычнага выступлення ўвайшлі песняроўскія "Жураўлі на Палессе ляцяць" і песня "Гісторыя майго жыцця" беларускай групы "NAVIBAND". Гэты нумар быў адным з самых складаных па сцэнічнай задумцы.
З гэтым могуць справядліва паспрачацца тыя, хто чакаў танец вучняў Клецкай СШ №1. Гаспадары свята прывучылі ўсіх да таго, што кожны год прэзентуюць неардынарнае шоу. Іх ніхто не зразумее, калі яны аднойчы адмовяцца ад сваёй лініі на тое, каб здзіўляць і быць у трэндзе. Пакуль за таленавітым харэографам Юліяй Яворскай не было заўважана самапаўтораў. У яе бліскуча атрымоўваецца эксперыментаваць і ў добрым сэнсе правакаваць. Толькі ад танцораў з СШ №1 можно чакаць, што вальс пад кампазіцыю Алёны Ланской "Васільковае неба" ў адно імгненне зменіцца дыскатэчнай версіяй "Калинки-малинки".
Арганізатар "Танца сяброўства", у якасці якого з самога заснавання праекта выступае аддзел адукацыі, спорту і турызму, заінтрыгаваў, анансаваўшы, што наступнае свята пройдзе ў англійскім фармаце. Будзем зноў чакаць цікавых эксперыментаў!
Юрый Мысліцкі.
Фота Іны Федарчук.
Отправить комментарий