Сейчас загружается

История в 3D формате: Виртуальное путешествие в прошлое Клецка

Некаторы час назад у адной з сацыяльных сетак была апублікавана серыя надзвычай цікавых здымкаў. Яны спалучалі ў сабе 3D-маляванне і фотамантаж. Беларускі архітэктар Аляксандр Невар, дзякуючы камп'ютарным тэхналогіям, змог зрабіць графічную рэканструкцыю касцёла Святой Тройцы ў Клецку. Ад гэтага помніка архітэктуры ў горадзе засталася толькі вуглавая частка цэнтральнага аб'ёма, але аўтарскі праект "Страчаная спадчына. Хрысціянскія святыні" дапамагае ўявіць, як бы храм выглядаў у нашы дні. "Да новых перамог" пагутарыла з Аляксандрам Неварам, які з вялікай дакладнасцю ўзнаўляе аблічча беларускіх святынь і змяшчае іх на сучасных фотаздымках.

– Калі нарадзіўся праект "Страчаная спадчына. Хрысціянскія святыні"?         
– Ён узнiк тры гады таму з жадання ажыццявiць нерэалiзаваную дагэтуль мэту вiртуальна аднавiць сiмвал роднага горада Пiнска – былы касцёл Святога Станiслава. Ён уражваў не толькi сваімі памерамі і веліччу, а вызначаў сілуэт Пінска, замацоўваў сістэму гістарычнай планіроўкі цэнтра горада.
– Колькі графічных рэканструкцый Вы ўжо зрабілі?
– З цягам часу праект стаў ахоплiваць усё больш рэгiёнаў. На дадзены момант створана 46 графiчных рэканструкцый. Пакуль не ўсюды, дзе мадэляваў, давялося пабываць i зрабiць фотапараўнанне. У гэтых выпадках дапамагаюць сябры i знаёмыя, у якiх ёсць магчымасць зрабiць здымкі з патрэбных цi жадаемых ракурсаў. Геаграфія працы пакуль вызначаецца межамi сучаснай тэрыторыі Беларусі.
– Што яшчэ плануеце зрабіць перед тым, як паставіць кропку пад гэтым праектам?
– Па меры наяўнасцi вольных гадзін i жадання ён працягваецца. Магчыма, развiццё ў будучым пойдзе шляхам мадэлявання цэлай прасторы вакол аб'ектаў рэканструкцыi, ансамбляў, комплексаў, плошчаў i кварталаў забудовы. Але гэта патрабуе занадта шмат часу i рэсурсаў. 
– Якімі крыніцамі інфармацыі Вы карысталіся падчас працы над графічнай рэканструкцыяй касцёла Святой Тройцы ў Клецку.
– Яна зроблена на падставе захаваўшыхся iканаграфiчных матэрыялаў – архiўных фотаздымкаў розных часоў, апiсанняў даследчыкаў, плану з альбома самога Джавані Бернардонi з надпiсам на лацiнцы "Касцёл месца клецкага пана маршалка" (маецца на ўвазе стрыечны брат Сiроткi ардынат клецкi Альбрыхт Радзiвiл, якi з 1585 г. быў маршалкам ВКЛ). Першае графiчнае адлюстраванне святынi захавалася на гравюры Клецка, выкананай Томашам Макоўскiм на мяжы XVI-XVII cт.
– Якім быў храм, калі апісаць яго з пункту гледжання архітэктара?
– Фарны касцёл у Клецку згодна апісанню з даследавання Тамары Габрусь меў трохчасткавую структуру i складаўся з асноўнага аб'ёма прамавугольнай навы, пяцiграннай выцягнутай апсiды прэсбiтэрыя (з вiмай) i магутнай васьмiграннай вежы над нiжнiм чацверыковым ярусам, завершанай высокiм шатром. Чатыры верхнiя ярусы вежы мелi ў плане аднолькавае сячэнне, але розную адвольную вышыню. Такая будова i прапорцыi рабiлі яе вiзуальна масiўнай. Наяўнасць апсiды прэсбiтэрыя i яе форма сведчаць аб каталiцкiм паходжаннi помнiка. Даволi тонкiя сцены Троiцкага касцёла звонку ўмацоўвалi рытмiчна размешчаныя контрфорсы пастаяннага сячэння, якiм унутры адпавядалi плоскiя лапаткi. На гэтыя канструкцыйныя вузлы перадаваўся распор цылiндрычнага скляпення з распалубкамi, без падпружных арак. Па версе сцен i ярусаў вежы праходзiлi прафiляваныя карнiзы. Такiм чынам, гатычныя контрфорсы спалучалiся з рэнесансным дэкорам. 
У ранніх апісаннях касцёла адзначана, што ён "старасвецкi", памерамi 59x25 аршынаў, з адною мураванаю вежаю, купал якой у 1796 годзе быў абабiты дранiцаю, на ёй мясціліся званы. Знутры будынак меў "нягладкiя старасвецкiя" скляпеннi, сцены былi атынкаваны i часткова распiсаны. Побач з прэсбiтэрыям знаходзiлася сакрыстыя са скляпенiстым перакрыццём, а пад ёю скарбнiца. Пад падлогай з квадратнай цэглы размяшчаліся чатыры ганаровыя пахаваннi.
– Як праходзіць праца па стварэнні графічнай рэканструкцыі архітэктурных помнікаў? Колькі часу гэта займае?
– Тут няма нiчога тэхнiчна складанага, толькi справа часу дасканала пераканвертаваць у 3D геаметрычныя памеры з чарцяжоў ды iншых выяваў, што захавалiся да нашых дзён. Значна спрашчае задачу наяўнасць якаснай праектнай дакументацыi. Я не зацiснуты нiякiмi тэрмінамi, таму наконт затрачанага працоўнага часу можна адказаць вядомай прымаўкай: "Ці доўга ўмеючы? Умеючы – доўга". Няма мяжы дасканаласці.
– Наколькi прыбліжаны да рэальнасці віртульна адноўленыя Вамі помнікі архітэктуры? 
– Судзiць вам, усё досыць наглядна. Некаторыя з гэтых cвятыняў яшчэ захавалiся да гэтых часоў у значнай ступенi альбо часткова, цi ў выглядзе руiн i парэшткаў. Яны маглi б эстэтычна ўпрыгожваць любую мясцовасць, прыцягваючы да сябе ўвагу яшчэ многiх пакаленняў нашчадкаў, каб гэтыя аб'екты не тое што былi адрэстаўраваны, а хаця б належным чынам кансерваваны да лепшых часоў.
Гутарыў Юрый Мысліцкі.
Графічныя рэканструкцыі касцёла Святой Тройцы ў Клецку і архіўныя здымкі святыні.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили