Сейчас загружается

Як у Клецку ладзілі Масленіцу: праводзілі Зіму і сустракалі Вясну

 

Па традыцыі, што склалася ўжо даўно ў нашым горадзе, у апошні дзень перад Вялікім пастом, які будзе доўжыцца да самага Вялікадня, гараджанне і госці райцэнтра збіраюцца на пляцоўцы перад раённым цэнтрам культуры, каб правесці Зіму і сутрэць Вясну. А яшчэ, звычайна праводзіны зімы прыпадаюць на Прашчоную нядзелю – дзень, калі людзі просяць адзін у другога прабачэння за дрэнныя ўчынкі ці паводзіны, цёмныя думкі і не надта прыемныя жаданні, каб з чыстым сумленнем увайсці ў пост на доўгія 40 дзён.

1-га сакавіка, у каляндарны першы вясновы дзень, Масленіца звала да сябе ў госці галасамі ўдзельнікаў аматарскай народнай творчасці Лазавіцкага СДК.

Дарослыя і моладзь падрыхтавалі для гледачоў шмат песняў, гульняў, забаў, каб як мага весялей сустрэць сапраўдную вясну. І яна не заставіла сябе доўга чакаць: літаральна праз дзесяць хвілін пасля пачатку прадстаўлення пайшоў дожд.

І няхай сабе ён быў яшчэ па-зімоваму халодны і нудны, аднак нікога не спалохаў. З задавальненнем прымалі ўдзел і малыя, і іх бацькі, дзядулі і бабулі ў самых розных конкурсах: адгадвалі загадкі, арганізоўвалі “камандныя спаборніцтвы”, вадзілі хараводы і вучыліся хадзіць на хадулях.

З нецярпеннем чакаюць заўжды мужчыны тога месца ў сцэнарыі, дзе надыходзіць час… лесці на высокі слуп.

Так было і ў нядзельку на Масленіцу: аматары правесці святочны дзень “з градусам” – дасталі з кошыка на слупе жаданыя бутэлькі, а малады спартыўны хлопец – салодкія і прыгожыя падарункі, якім будзе рада любая дзяўчына ці жанчына.

Хочацца спадзявацца, што вясна пачула гэтыя шчырыя гуканні гараджан, і сапраўды не будзе доўга затрымлівацца, марнуючы нас холадам!

Валянціна Сянкевіч.

Фота аўтара. 

Отправить комментарий

Возможно, пропустили