Сейчас загружается

Марына Будчан, сацыяльны работнік: “Толькі адчыняю дзверы дамоў сваіх падапечных, адчуваю, з чаго трэба пачынаць

 

За вакном ужо каторы дзень ідзе дождж, нібы на календары зусім не чэрвень, а глыбокая восень. Не, я не супраць залатой пары года (як і ўзросту, які мы называем "залатым"). Тым больш што апошнім часам у рэдакцыю газеты ўсё часцей прыходзяць пісьмы ад чытачоў, якія, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, не адлучаны ад актыўнага паўсядзённага жыцця. Асабліва прыемна чытаць аб людзях, якія заўжды побач з тымі, хто мае патрэбу ў дапамозе. Калі гэта родныя ці сваякі – адна справа, а калі зусім чужы чалавек становіцца блізкім і дарагім – другое.

Мы не аднойчы пісалі на старонаках газеты аб сацыяльных работніках. Нехта заўважыць, што гэта іх непасрэдныя  абавязкі – даглядаць нямоглых і адзінокіх, пенсіянераў ва ўзросце. Нельга з гэтым не пагадзіцца. Аднак сёння хочацца закрануць іншае, больш далікатнае і трапяткое, ад чаго нават халодны дождж здаецца не такім ужо і нудным.

На стале перад вачыма ліст ад жыхаркі аграгарадка Заастравечча Ганны Яўгенаўны Бараховіч. Жанчына шчыра выказвае словы падзякі сацыяльнаму работніку за яе добрасумленную працу і чулыя адносіны да сваіх падапечных.

"У наш надзвычай складаны час вельмі няпроста жывецца хворым пажылым людзям: то каронавірус напаткае іх, то старыя хранічныя балячкі даюць знаць аб сабе. Але ёсць, на шчасце, людзі, якія прыйдуць на дапамогу ў любы час дня і ночы. Гэта – сацыяльныя работнікі. І вось пра адну з іх мне вельмі хочацца расказаць.

Марына Мікалаеўна Будчан – любімы сацыяльны работнік сталых жыхароў Заастравечча і Стараселля. Заўсёды з чароўнай усмешкай, добразычлівая, як сонейка, з'яўляецца яна ў дамах сваіх падапечных. І словам, і справай дапамагае людзям: мые вокны, падлогу, столь, свяцільнікі, рамантуе штосьці ў хаце, падкошвае траву, поле градкі. І гэта няпоўны спіс спраў, якія старанна выконвае Марына Мікалаеўна, нягледзячы на тое, ці ёсць яны ў пераліку абавязковых работ, якіх павінен прытрымлівацца сацыяльны работнік, ці няма.

А пачыналася яе, Машачкі, дарога ў Заастравечча ў сям'і трактарыста, а пазней – шафёра Мікалая Герасімавіча Дзенісені. Дзяўчынка вельмі любіла бацьку за дабрыню, цікавыя гутаркі пра яго малую радзіму – вёску Дзяніскавічы Ганцаўскага раёна Брэсцкай вобласці.

Матуля Ганна Іванаўна працавала поварам у бальніцы і навучыла сваю дачушку пячы смачныя торты. Але, на вялікі жаль, яе мамы і таты ўжо няма сярод жывых. Магчыма, менавіта таму Марына Мікалаеўна з такой цеплынёй адносіцца да пажылых людзей. А яшчэ сапраўдным сябрам Марынкі з самага дзяцінства была бабуля Зоня, якая і перадавала паступова ўнучцы свой жыццёвы вопыт. Гэта яна навучыла сваю любіміцу рабіць сялянскую працу якасна і акуратна.

Сёння ад імя ўсіх падапечных Марыны Мікалаеўны хочацца сказаць: вялікі дзякуй, дачушка, за ўсё добрае, што ты робіш для нас! Жыві шчасліва і будзь каханай! Няхай муж Анатоль Валяр'янавіч і дачушкі Анастасія і Ксенія заўсёды радуюць цябе. Міру, дабра і росквіту вашаму дому.

Няхай Анёл-ахоўнік заўсёды будзе разам з табой, а Гасподзь Бог падаруе доўгае і шчаслівае жыццё. А яшчэ выказваем вялікі дзякуй усім сацыяльным работнікам нашай мясцовасці, таксама дырэктару ДУ "Клецкі ТЦСАН" Зоі Васільеўне Уласевіч і інспектару сацыяльнага абслугоўвання дома Святлане Іванаўне Закруце за спагаду і чулыя адносіны да пажылых землякоў".

Знайсці вуліцу Будаўнікоў у агр.Заастравечча без падказкі было б складана. На шчасце, зараз амаль у кожнага вадзіцеля ў памочніках маецца навігатар, якім і мы скарысталіся. Выбраўшы патрэбны напрамак, раптам аказваемся на ўскрайку калгасных палеткаў.

І тут разумная прылада прамаўляе: "Вы прыбылі на месца прызначэння." Вырульваем па бездарожжы за паварот, і перад вачыма – шыкоўны катэдж. Шыльда на доме з нумарам 11 пацвярджае, што не памыліліся. Вось і гаспадыня спяшаецца насустрач, гасцінна адчыняючы дзверы і запрашаючы прайсці ў пакой.

У доме вельмі прыгожа і ўтульна. Лаўлю сябе на думцы: калі б зараз зрабіла фотаздымкі і выклала ў сацыяльныя сеткі з подпісам, што на іх адлюстраваны інтэр'ер вясковага дома – ніхто не паверыў бы! Адразу бачна: тут жывуць людзі маладыя, творчыя і з адмысловым густам.

…Замуж Марына выйшла рана. Дзяўчыне толькі споўнілася сямнаццаць, як Анатоль прапанаваў пажаніцца. Хлопец ён быў і тады відны, як кажуць – "з перспектывай", вучыўся ў сельскагаспадарчай акадэміі. Ды і Марына пасля дзявяці класаў атрымала спецыяльнасць, вельмі патрэбную на сяле.

Пасля вучобы ў Ляхавіцкім сельгастэхнікуме, – расказвае М.Будчан, – па накіраванні прыехала ў сваю гаспадарку. Працавала заатэхнікам-селекцыянерам. Хутка нашай маладой сям'і выдзелілі гэты дом. Ды толькі не ляжала душа да работы на ферме, хацелася нечага іншага. Пасля нараджэння старэйшай дачушкі вырашыла: трэба штосьці мяняць. Тут у Заастравеччы жыве і мая старэйшая сястра. Яна якраз пайшла працаваць сацыяльным работнікам і аднойчы прапанавала мне таксама паспрабаваць…

З той пары прайшло пятнаццаць гадоў, і да гэтага часу Марына не пашкадавала, што паслухала сястру. Вядома, было і цяжка, і складана, аднак ніколі не ўзнікала жадання адмовіцца ад таго, чым займаецца сёння.

З цягам часу я толькі яшчэ больш пераканалася, – прызнаецца маладая прывабная жанчына, – што гэта і ёсць тое, што мне патрэбна: зносіны з людзьмі, магчымасць дапамагчы і справай, і словам, і сваёй прысутнасцю. - Не, я люблю жывёлу (у нас чатыры каткі, сабачка, шмат гадаванцаў у хляве, дамашняй птушкі), але ўсё ж лічу, што на сваім месцы прыношу больш карысці.

Няма ў гэтым сумнення і ў мяне, асабліва пасля размовы з Марынай Мікалаеўнай. Кожны яе дзень распісаны па гадзінах. Двойчы на тыдзень спяшаецца да пяцярых сваіх падапечных, а ў другія тры дні дамагае па гаспадарцы яшчэ шасцярым пенсіянерам. Узрост тых, хто чакае дабрадушную памочніцу, вагаецца ад 62-х да 92-х гадоў.

У кожнага – свой характар, патрабаванні да сацыяльнага работніка, чаканні і надзеі. З розным настроем пачынаецца іх дзень, а таму і падыход у маладой жанчыны да ўсіх абавязкова індывідуальны.

Яшчэ толькі адчыняю дзверы, – усміхаецца субяседніца, – а ўжо адчуваю, з чаго трэба пачынаць: ці адразу брацца за справу, ці спачатку пагаварыць, выслухаць, суцешыць. А калі выпадае вялікае царкоўнае свята – работа практычна адкладваецца. "У Бога дзён многа, паспеем перарабіць усё" – кажуць мае бабулечкі і даюць "выхадны". Тады размаўляем, я штосьці ім смачненькае гатую: блінчыкі, сырнікі ці салату зраблю. Вось так і сябруем...

І столькі цеплыні і клопату чуецца ў гэтых простых словах, што на памяць прыходзяць радкі з ліста Ганны Яўгенаўны Бараховіч: "Вялікі дзякуй, дачушка, за ўсё добрае, што ты робіш для нас!" А Марына Мікалаеўна ўжо распавядае пра сваіх дачушак, пра клапатлівага, уважлівага мужа, які яе практычна "выгадаваў".

Я ж зусім маладая замуж пайшла, – нагадвае чароўная жанчына, і шчокі яе ўспыхваюць юнацкім румянцам. – Толя за мяне старэйшы, таму муж для мяне – надзейная апора ў жыцці, дарадца і самы любімы чалавек. Нават не ўяўляю, як магло інакш скласціся маё жыццё! Ён уважлівы і добры, прыслухоўваецца да ўсіх нашых жаночых жаданняў і выконвае іх. І мы яго любім бязмерна!

З асаблівым замілаваннем распавядае матуля пра дачок. Насця абрала для сябе прафесію ўрача. Зараз скончыла пяты курс Гродзенскага медуніверсітэта і рыхтуецца да практыкі. Яшчэ калі вучылася ў Клецкім агульнаадукацыйным ліцэі, марыла быць урачом-гінеколагам, але калі трапіла на практыку ў гэтае аддзяленне…

Не, у прафесіі Насця не расчаравалася, – тлумачыць Марына Мікалаеўна, – але зрабіла для сябе выснову, што не зможа жанчынам рабіць аборты, і таму пакуль спынілася на другім накірунку. Яна ведае, чаго хоча, і будзе ўпарта ісці да сваёй мары, а мяне, як маці, гэта вельмі радуе. Я ўвогуле буду падтрымліваць усімі сіламі добрыя імкненні і Насці, і Ксюшы. У свой час мне гэтага моцна не хапала, таму для сваіх дзетак зраблю ўсё, каб іх мары ажыццявіліся!

– А ў Вас самой ёсць мара?

Каб хутчэй адышлі ў нябыт гэтыя пандэміі і сям'ёй паехаць на адпачынак! – прызнаецца жанчына і дадае, быццам апраўдваючыся. – Я кажу мужу: ну што ты бачыш акрамя свайго калгаса (А.В.Будчан працуе галоўным аграномам у ААТ "Лазавічы" – аўт.) і нашай вёскі, давай хоць на тыдзень выберамся на мора! Хочацца крыху і свет паглядзець, і адпачыць ад паўсядзённых клопатаў. Але абавязкова – усім разам!

Сустракаліся мы з Марынай Будчан якраз у час яе водпуску. Асаблівых планаў на гэты перыяд яна сёлета не будавала. І не толькі таму, што гэты год для нас такі складаны, але і па той прычыне, што работы ў вясковага жыхара заўжды дастаткова:

Калі не падтрымліваць той жа дом у належным парадку, – тлумачыць гаспадыня, – потым за адзін раз зрабіць будзе няпроста. Я не кажу, што самастойна займаюся ўсімі справамі. Цяпер у мяне дачушкі добрыя памочніцы, і без Насці і Ксюшы нават не ведаю, як бы справілася, бо Толя на рабоце штодня з раніцы і да позняга вечара…

Слухаю Марыну Мікалаеўну і ўяўляю, як ганарыцца яна дачкой-студэнткай, як яны абмяркоўваюць свае дзявочыя справы, уборы і вобразы. Хутка і Ксюша, якая сёлета скончыла шосты клас, далучыцца да гэтых гутарак. А шчаслівая маці, жонка і прыгожая жанчына просіць у Бога толькі аднаго: здароўя сваім родным людзям.

Гэта самае галоўнае для кожнага з нас, – ціхенька вымаўляе субяседніца, – таму прашу здароўя ўсім: дзецям, мужу, сабе, сваім падапечным. І вельмі хачу пагадаваць унукаў!

– Марына, Вы такая маладая, яшчэ многае можаце і ў сваім жыцці змяніць!

Задумаўшыся на некалькі імгненняў, жанчына шчыра прызнаецца:

А нічога не хачу мяняць. Тут мой дом, мая сям'я, маё жыццё. Калі ездзіла да Насці ў госці ў Гродна, адразу адчувала, што мне там неяк цяжка, няўтульна, нават галава пачынала балець моцна. А як толькі вяртаюся сюды – ажываю, быццам само паветра гоіць фізічна, і душа супакойваецца.

Тут і праўда лёгка дыхаецца. Магчыма і таму, што вуліца Будаўнікоў у Заастравеччы – крайняя, дамы – у адзін рад, а па другі бок дарогі (якая ў час дажджу ператвараецца ў нейкае балота, бо не мае падсыпкі) – поле, якому не відаць краёў. Раптам уяўляецца, як тут холадна ўзімку. Нібы пачуўшы мае думкі, Марына Мікалаеўна гаворыць:

Зімою бывала нас так замятала, што не прайсці, не тое, што на машыне выехаць. А вясною ці восенню – ледзь прабіраемся з-за гразі…

Але ўсё гэта адыходзіць на задні план, бо галоўнае – сям'я, людзі, якім яна сама вельмі патрэбная, і якія штодня чакаюць сваю "дачушку", паглядаючы на гадзіннік. І гэтая абаяльная, пяшчотная жанчына з гарэзлівай усмешкай на вачах зноў і зноў спяшаецца да сваіх адзінаццаці падапечных у Заастравечча, Стараселле і Узногу, дзе яе цярпліва чакаюць і заўжды рады бачыць!

Валянціна Сянкевіч.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили