Сёння вёска Салаўі Кухчыцкага сельсавета вядома далёка за межамі Клеччыны. Такую папулярнасць названаму населенаму пункту прыдае і малая аддаленасць ад райцэнтра, і наяўнасць там выдатнага месца адпачынку, што арганізаваў наш зямляк Аляксандр Канстанцінавіч Палешка. Ды толькі для карэнных жыхароў Салаўёў родная вёска любая сэрцу па той прычынае, што з'яўляецца малой радзімай для многіх пакаленняў людзей.
Калі едзеш па гравійцы па сяле, складваецца ўражанне, быццам гэты шлях пралягае не ў дзевяці кіламетрах ад Клецка, а недзе значна далей. Дагледжаныя палеткі, на колькі можна акінуць позіркам, надаюць нейкую асаблівую непаўторнасць гэтаму куточку, а возера, якое так аблюбавалі рыбакі са ўсяго наваколля, з'яўляецца для дзетвары (што з'язджаецца да бабуляў і дзядуляў на ўсе працяглыя школьныя канікулы) пунктам агульнага збору ў летнюю спякоту.
Кажуць, што некалі тут было так многа пеўчых птушак, за што людзі і далі менавіта такую назву сваёй вёсцы. Зараз таксама на досвітку будзіць усіх прыгожае шчабятанне пярнатых, аднак 18 ліпеня разносіліся песні ў выкананні ўдзельнікаў аматарскай творчасці Кухчыцкага сельскага дома культуры з нагоды свята ў гонар самой гэтай вёскі.
Афіцыйна ў Салаўях пражывае 30 чалавек, і з іх 18 ужо на заслужаным адпачынку, а школьнікаў на працягу некалькіх гадоў няма. Аднак у суботу, калі ладзілася "маёўка", гледачоў было не менш чатырох дзясяткаў чалавек: да бацькоў з гарадоў прыехалі дзеці і ўнукі, каб разам адзначыць добрае свята.
Нават хмара, якая ўсё ж прынясла дождж, нікога не прагнала дамоў. Гэта зусім і не дзіўна, бо для кожнага жыхара вёскі гучалі не толькі шчырыя прывітальныя словы, але і любімыя песні ў выкананні жаночай вакальнай групы "Івушка" Кухчыцкага СДК, Ганны Кныш і Вольгі Давідзюк, Таццяны Есіс і Аляксандра Войціка, Тамары Есіс. І дзетвары артысты падарылі музычнае прывітанне: для іх праспявала "Улыбайся" ўзыходзячая зорачка сельскага дома культуры Яна Кірык.
Асаблівую ўвагу надалі арганізатары святочнай дзеі аднаму са старэйшых жыхароў вёскі Канстанціну Іванавічу Кураку і сёлетнім юбілярам: Сафіі Аляксандраўне Грыцук (80 гадоў), Антону Міхайлавічу Касцюкевічу (70), Аляксандру Андрэевічу Лагаду (65), Анастасіі Аляксандраўне Кулік (20).
Безумоўна, за шчырыя словы і цудоўныя песні сяльчане не маглі не аддзячыць артыстаў, таму прыгожыя кветкі і смачныя гасцінцы сталі добрым дапаўненнем да ўсяго выказанага ў іх адрас: перапоўненыя станоўчымі пачуццямі, гаварылі словы ўдзячнасці за добрае свята ў адрас калектыва Кухчыцкага СДК пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлаўны Войцік мясцовыя жыхары А.А.Лагада і І.К.Курак.
Гледзячы на адкрытыя твары людзей на гэтых фотаздымках так і хочацца пажадаць: няхай над вёсачкай з чароўнай назвай Салаўі заўсёды шчабечуць птушкі і залівіста пяюць салаўі, а на вуліцы з самага ранку і да позняга вечара чуюцца дзіцячыя галасы!
Валянціна Сянкевіч.
Фота з архіва Кухчыцкага СДК.
Отправить комментарий