Сейчас загружается

Самы населены аграгародок Клеччыны Заастравечча сабраў на свята вёскі

 

Асноўная мэта стварэння на Беларусі больш дзесяці гадоў назад аграгарадкоў – паляпшэнне жыцця вяскоўцаў і ўдасканаленне работы аграпрамысловага комплексу. Не здарма ж чалавек прытрымліваецца меркавання, што галоўнае для кожнага сёння – наяўнасць уласнага жылля і добрых умоў у доме ці кватэры, а таксама – стабільны заробак і радасць ад той справы, якой хочацца прысвяціць усяго сябе.

Тое, што жыць на сяле застаюцца людзі, якім падабаецца працаваць на зямлі, весці ўласную гаспадарку і выхоўваць дзяцей на ўлонні прыроды пацвярджае той факт, што жыццё тут бурліць. Менавіта гэта назіралася і 25 ліпеня, калі Заастравечча ладзіла свята роднай вёскі.

Зараз гэты населены пункт лічыцца на Клеччыне адным з найбольш населеных, бо пражываюць у ім 1783 чалавекі, і з іх 949 – працаздольнага ўзросту. Шмат таксама дзетак і моладзі да 18 гадоў – 232 чалавекі. Калі ж улічыць той факт, што на перыяд працяглых летніх школьных канікулаў да бабуляў-дзядуляў у вёску з'язджаюцца ўнукі з гарадоў, вёска нагадвае сапраўдны рай для дзетвары. Улічваючы ўсе названыя факты арганізатары свята пастараліся малечы зрабіць сурпрыз у выглядзе атракцыёнаў, ад чаго дзетвара была "на сёмым небе".

На працягу дзвюх гадзін гучалі для вяскоўцаў прыгожыя песні ў выкананні ўдзельнікаў аматарскай творчасці мясцовага дома культуры, цёплыя словы землякам дарылі вядучыя свята і старшыня сельвыканкама Віктар Мікалаевіч Садкоўскі.

Але самае галоўнае багацце любога краю – людзі: працавітыя, самаадданыя, улюбёныя ў жыццё і сваю маленькую радзіму. Да такіх адносяцца і старэйшыя жыхары аграгарадка Іосіф Іосіфавіч Марчык і Надзея Паўлаўна Лапотка, якія маюць за плячыма больш чым па дзевяць з паловай дзясяткаў гадоў. А вось самая маленькая жыхарка Заастравечча – Ульяначка Аўдзей, якая з'явілася на свет сёлета ў чэрвені.

Прыгожыя сядзібы, двары, на якіх зіхацяць кветкі, сады з багатым ураджаем, чыстыя і прыбраныя вуліцы. Усё гэта разам і ёсць любая сэрцу вёска, дзе і дыхаецца лёгка, і думкі праплываюць толькі чыстыя і маляўнічыя. Імкнуцца ствараць прыгажосць на сваіх падворках не толькі маладыя гаспадыні.

Часта можна назіраць, як зранку і да позняга вечара з замілаваннем шчыруюць жанчыны ва ўзросце на сваіх кветніках. А вынік, як кажуць, відавочны: сёння сярод самых прыгожых і добраўпарадкаваных сядзіб у Заастравеччы лічацца домаўладанні Галіны Адамаўны Галубовіч і Ларысы Уладзіміраўны Карсюк. І пакуль імкненне да прыгожага будзе ў крыві вяскоўцаў, пакуль будуць тут гуляцца вяселлі і нараджацца дзеці – вёска будзе жыць і квітнець!

Валянціна Сянкевіч.

Фото з архіва Заастравецкага СДК.

 

Отправить комментарий

Возможно, пропустили