Ліпень і першая палова жніўня на Клеччыне багатыя на святы вёсак. Практычна кожныя выхадныя дні то ў адным баку раёна, то ў другім чуюцца задушэўныя песні, вясёлыя дзіцячыя галасы, шчырыя словы ў адрас аднавяскоўцаў. На адным з такіх мерапрыемстваў пабывалі карэспандэнты “ДНП” 26 ліпеня.
На той дзень арганізатары святочнай дзеі ў Зубках запланавалі многа цікавага: шыкоўную канцэртную праграму пад ценню дрэваў на пляцоўцы каля мясцовага дома культуры, атракцыёны для дзетвары, пачастункі як для дарослых, так і для малечы. Але за гадзіну да вызначанага часу насунуліся цёмныя хмары і пайшоў дождж: летні, спорны, цёплы і чаканы агароднікамі.
Вось толькі планы прыйшлося мяняць на хаду і пераносіць "сцэну" ў памяшканне. Аднак, такі прыродны сюрпрыз не сапсаваў ні настрою вяскоўцам, ні жадання завітаць на свята.
Родная зямля, любая сэрцу малая радзіма, якая для кожнага – свая і непаўторная. Зубкі – старонка асаблівая, і першае, чым яна адрозніваецца ад астатніх на Клеччыне – гэта мноствам садоў. А яшчэ тут жывуць дбайныя гаспадары, якія не толькі шчыруюць на сваіх агародах, але і ствараюць сапраўдную прыгажосць на прысядзібных участках. Менавіта да такіх адносіцца Галіна Пятроўна Апанасевіч, двор якой па вуліцы Камуністычнай, 23 зіхаціць яркімі кветкамі.
Канешне, прыемна было жанчыне атрымаць падарунак за свае клопаты ад старшыні мясцовага сельвыканкама Таццяны Сяргееўны Лешык за перамогу ў намінацыі "Лепшая сядзіба аграгарадка Зубкі". Але ж хіба дзеля гэтага стварала кожную клумбачку, апрацоўвала роўныя радочкі з ружамі?!
– Усё сваё жыццё люблю кветкі, – прызнаецца Галіна Пятроўна. – І калі працавала прадаўцом садзіла іх многа, і цяпер, калі ўжо на пенсіі.
Гледзячы на ўнушальных памераў участак і адзначаючы неверагодна вялікую і яркую палітру, лаўлю сябе на думцы: гэта ж колькі тут трэба штодня прыкладаць сіл, каб ўсё так зіхацела?!
Вось дожджык ужо пакрыху перастае. А вяскоўцам хочацца і канцэрт не прапусціць у зале СДК, і падыхаць свежым летнім паветрам у кампаніі суседзяў і знаёмых. Асабліва весела дзетвары: бацькі сёння лагодныя, дазваляюць ўсё, што папросяць малыя. Разгарнуцца ж малечы і падлеткам ёсць дзе, бо каруселі працуюць, з высокай горкі можна з'ехаць, з'есці самачнай цукровай ваты ў кампаніі сябрукоў.
А тым часам пад гучныя апладысменты выходзяць на сцэну адны за другімі ўдзельнікі аматарскай творчасці Зубкаўскага і Галавацкага сельскіх дамоў культуру, артысты з Капыльшчыны. Яны дораць жыхарам Зубкоў свае лепшыя песні, за што атрымліваюць удзячнасць гледачоў.
Вось ужо гучыць музычнае прывітанне для самага маленькага жыхара аграгарадка – Дзяніса Шэйкі і яго бацькоў. Тут жа міжволі падумалася: пакуль у вёсцы нараджаюцца дзеткі – сяло будзе жыць!
Асобная старонка сцэнарыя прысвячалася сёлетнім юбілярам. З залатым вяселлем віншавалі Фёдара Іванавіча і Ванду Ігнацьеўну Гаршковых, Міхаіла Мікалаевіча і Ніну Іванаўну Логанаў. Сярэбраную дату сумеснага жыцця святкуюць ў 2020-ым годзе Вячаслаў Фёдаравіч і Святлана Іванаўна Дутко, Мікалай Іванавіч і Святлана Пятроўна Скрунда, Віктар Аляксандравіч і Наталля Яраславаўна Цвік.
Галоўнае багацце любоўй вёскі, горада, вобласці і краіны ў цэлым – гэта людзі. Дык няхай Бог усім даруе доўгае і заможнае жыццё!
Дарэчы: у гэты ж дзень ладзілася свята ў вёсцы Нагорнае, аднак больш маштабнае мерапрыемства ў населеным пункце запланавана па традыцыі на 19-е жніўня. Шмат гадоў запар менавіта на Яблычны Спас тут збіраюцца мясцовыя жыхары, з'язджаюцца з гарадоў іх дзеці і ўнукі, і тады да змяркання пад разгалістымі дрэвамі ў скверы гучаць прыгожыя песні і жарты, святар асвячае сабраныя вяскоўцамі яблыкі, і людзі дзякуюць Богу за мірны час на роднай зямлі.
Валянціна Сянкевіч.
Фото аўтара.
Отправить комментарий