Сейчас загружается

“Квітней і спявай, морацкі край”: Морач адзначыла свята вёскі

 

Аграгарадок Морач знаходзіцца на адлегласці прыкладна 35 кіламетраў ад райцэнтра – на яго ўскрайку. Ён практычна мяжуе з Брэсцкай вобласцю. Тым не менш, гэта адна з найбольш маляўнічых мясцін нашага рэгіёна, бо менавіта Морач славіцца сваімі запаведнымі прыроднымі краявідамі, багатымі на грыбы і ягады лясамі.

А яшчэ гэта –  песенны край, дзе з пакалення ў пакаленне перадаюцца традыцыі і звычаі, дзе жывуць заможныя гаспадары і народныя ўмельцы, дзе жынчыны апранаюцца ў плісіраваныя яркія спадніцы і ручнікі вышываюць так, як ні ў якім больш куточку Беларусі. А 1 жніўня ў Морачы ладзіла свята вёскі: шырока, звонка, дзе кожны з яе жыхароў і гасцей знайшоў для сябе штосьці цікавае.

Доўгажыхары Морачы Сафія Калінікаўна Крыцкая і Анастасія Іосіфаўна Рамашка прымаюць віншаванні як самыя старэйшыя вяскоўцы.

Нават калі вы не мясцовы жыхар, то знайсці ў той суботні дзень месца правядзення грандыёзнай святочнай дзеі пад назваю "Квітней і спявай, морацкі край!" можна было беспамылкова, бо ў напрамку да парка, на ўскрайку якога ёсць і возера, ішлі людзі. Гарэзлівую дзетвару ўвогуле можна было пачуць здалёк, бо для іх тут працавалі шматлікія атракцыёны і батуты, прадавалася безліч яркіх і прыгожых цацак, прысмакаў на любы густ.

Нават у нейкі момант мільганула думка: "нясоладка" прыйдзецца бацькам, бо на ўсе гэтыя забавы сыночкі і дачушкі столькі грошай выманяць! Але ж на тое яно і свята, каб не толькі можна было адпачыць пад добрыя песні, сустрэцца са знаёмымі і сябрамі, але і даць "свабоду" малым, якія ўскладалі на гэты дзень свае патаемные надзеі.

Адарваўшы позірк ад дзетвары, заўважаю паміж дрэвамі спартыўныя дэбаты: гэта ідуць спаборніцтвы па валейболе. З мясцовай моладзі (школьнікаў, студэнтаў і працуючых юнакоў) сабраліся дзве каманды, гульня якіх прыцягнула ўвагу марачакоў і гасцей свята. Адны перажывалі за сыноў, другія –  за мужоў ці каханых.

Вікторыя Міхайлаўна Дашкевіч з самым маленькім жыхаром агр.Морач: Арсеній нарадзіўся сёлета, 14 ліпеня.

Вызначыўся і пераможца, аднак грашовыя падарункі старшыня сельвыканкама Ганна Мікалаеўна Канявега ўрачыста ўручыла абедзвюм камандам. Увесь час уважліва сачыла за гульнёй былая загадчыца мясцовага дзіцячага садка Марыя Віктараўна Ульянава, таму і не магла не падзякаваць спартсменам за цудоўны матч.

Чытайце таксама


 

У Зубках прайшло свята вёски

 

 


Аглядаюся па баках і заўважаю, што раённы цэнтр рамёстваў растаўляе свае работы пад маладзенькімі бярозкамі. Прыгожыя вырабы з дрэва, з саломы, заварожваючыя позірк карціны, вышытыя ручнікі…

Складваецца ўражанне, што мы трапілі на выставу ў музей пад адкрытым небам. А вось і першы пакупнік на табурэтачкі Аляксандра Віктаравіча Іванейчыка: жанчына цікавіцца коштам сапраўднага шэдэўра з натуральнага дрэва і просіць пакінуць для яе адзін, бо нязручна з самага пачатку свята хадзіць з ім па парку.

Каша і юшка ад Колкаўскага лясніцтва.

Лагодны ветрык пагойдвае галінкі дрэў, і раптам даносіцца пах шашлыкоў і яшчэ нечага смачнага-смачнага! Гэта ў глыбіні парка, на палянцы, дыміць палявая міні-кухня, а побач – вялікі казан, з якога ідзе пара: там гатуюцца пярловая каша з мясам і варыцца юшка, жарыцца на мангале мяса. Старшыня сельвынкама тлучамыць:

Ну якое свята ўлетку без страў на свежым паветры? Сёння марачакоў нашы мужчыны (ляснічы Колкаўскага лясніцтва Уладзімір Віктаравіч Кунцэвіч са сваімі памочнікамі) пагадзіліся здзівіць "мужчынскім" меню – кашаю і юшкаю. А ялавічыну для шашлыкоў выдзеліла мясцовая гаспадарка…

Чытайце таксама


 

«Тут карані — адсюль вытокі»: Жыхары Драбашчыны адзначылі свята вёскі

 

 


Праз хвіліну да нас далучаецца кіраўнік ААТ "Морач" Ігар Васільевіч Гардзей. Падхопліваючы гутарку, тлумачыць:

Пачастунак у такі дзень вельмі дарэчы! Вось па традыцыі і бочку квасу купілі на Клецкім вытворча-харчовым заводзе. Бачыце, колькі жадаючых выпіць халодненькага напітку?!

Сачу, куды паказвае Ігар Васільевіч, і сапраўды бачу чаргу да жоўтай бочкі. Людзі там рухаюцца хутка, і кожны нясе ў руках па два вялікія кубкі хлебнага квасу. Нехта адпівае на хаду і задаволена ўсміхаецца, другія спяшаюцца сесці спачатку за столікі, якія растаўлены побач. А вось і выязны гандаль Клецкага райспажыўтаварыства: там таксама смажацца шашлыкі, можна набыць розныя напіткі для заталення смагі. І куды ні кінь вокам – усюды людзі, і кожны заняты сваёй справай!

Ніхто не сумуе, не сядзіць унырыўшыся ў тэлефоны, і складваеццца такое ўражанне, што на нейкі момант вярнулася ў той час, калі галоўнымі ў нашым грамадстве былі менавіта зносіны паміж людзьмі, а не "новыя сучасныя тэхналогіі", што прымушаюць сёння “прылеплівацца” да міні-экранаў і манітораў. Проста шыкоўна!

Чытайце таксама


 

Самы населены аграгардок Клеччыны Заастравечча сабраў на свята вёскі

 

 


Тэлефонны званок перарывае нашу размову. Праз хвіліну твар кіраўніка мясцовай гаспадаркі кранае ўсмешка і ён з гонарам паведамляе:

Вось і нашы першыя тысячнікі на жніве: Міхаіл Аляксандравіч Лятчэня з Міхаілам Мікалаевічам Будчанінам, і сямейны экіпаж у складзе Ігара Якаўлевіча і Якава Якаўлевіча Аўдзеяў. Паеду віншаваць!..

Стрэлкі гадзінніка паказваюць 17.00, і праз некалькі хвілін чуваць першыя мелодыі канцэртнай праграмы, якую падрыхтаваў мясцовы дом культуры з ўдзельнікамі аматарскай творчасці Морацкага СДК.

Прыгожыя песні перамежваліся ўвесь час з віншаваннямі, якія гучалі і ў адрас самых старэйшых жыхароў Морачы – Мікалая Раманавіча Цыгана (94 гады) і 91-гадовых Васіля Пятровіча Абабуркі, Сафіі Калінікаўны Крыцкай, Анастасіі Іосіфаўны Рамашкі, 78-гадовай Сафіі Дзянісаўны Ахрымені. Віталі гучнымі апладысментамі самых маленькіх марачакоў – Арсенія Будчана і Любачку Сцяпуру.

Аляксандр Віктаравіч Іванейчык дэманструе свае вырабы з дрэва.

Шчыра вітала жыхароў аграгарадка і гасцей гэтай мясцовасці старшыня раённага Савета дэпутатаў Святлана Уладзіміраўна Чакун, а старшыня раённага аб'яднання прафсаюзаў Галіна Валер'яўна Кулага ад раённай арганізацыі ГА "БСЖ" (Беларускі саюз жанчын) уручыла падарункі шасцігодкам, якія сёлета пойдуць у першы клас.

А потым надыйшоў момант апавясціць вынікі бяспройгрышнай латарэі, якую мелі магчымасць набыць усе жадаючыя. Білет каштаваў пяць рублёў, а вось выйграць на яго можна было: кошык з лазы, тры літры мінеральнай вады "Марачанская", рулон саломы, кілаграм фаршу з ялавічыны, мех збожжа вагой 40 кг, а таксама розныя наборы – ад парфуму да шампанскага. Адным словам, ніхто з тых, хто набыў білеты, не застаўся пакрыўджаным!

Чытайце таксама


 

 

Салаўіныя прасторы: Кухчыцкія артысты арганізавалі свята для жыхароў вёскі Салаўі

 

 


За правядзенне цудоўнага свята старшыня Морацкага сельвыканкама Г.М.Канявега дзячыла ўсім, хто дапамаў і ў яго арганізацыі, і ў правядзенні.

Асаблівыя словы гучалі ў адрас кіраўніка сельгаспрадпрыемства І.В.Гардзея, індывідуальных прадпрымальнікаў Н.А.Вайценка і М.М.Бондара, ТАМ "ВелданАква" (А.А.Русак і Р.М.Рамашка), Колкаўскага лясніцтва (У.В.Кунцэвіч), ДЮСШ (І.А.Кніга).

Так, менавіта толькі такімі агульнымі намаганнямі і магчыма зрабіць вялікае і добрае свята. У Морачы гэта ўжо традыцыйна, а таму ў гэтым мястэчку жыццё будзе бурлець заўжды!

Валянціна Сянкевіч.

Фото аўтара.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили