З 20 лютага ва ўсёй краіне пачаўся “Адзіны дзень бяспекі” – акцыя, якая накіравана на папярэжанне надзвычайных сітуацый, прапаганду бяспечных умоў пражывання насельніцтва, правядзенне адукацыйна-выхаваўчай работы з грамадзянамі.
У Клецкім раёне дадзеная работа пачалася з правядзення індывідуальнай прафілактычнай работы з рознымі катэгорыямі грамадзян, праверкі умоў іх пражывання.
Падчас наведвання домаўладанняў спецыялістаў МНС цікавілі стан печак, якія эксплуатуюцца гаспадарамі, спраўнасць электрычных сетак і абсталявання, выконванне правіл пажарнай бяспекі непасрэдна самімі грамадзянамі, наяўнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў.
Перад выратавальнікамі стаяла непрастая задача: ім неабходна было растлумачыць кожнаму чалавеку, ЧАМУ неабходна выконваць правілы бяспекі і ЯК гэта ажыццявіць. Работнікі Клецкага РАНС знайшлі неабходныя словы для ўсіх без выключэння.
Напрыклад, каб упэўніць грамадзяніна Н., што яго печка – “парахавая бочка”, што нельга яе эксплуатаваць з такімі расколінамі, што неабхдна яе тэрмінова адрамантаваць, выратавальнікі выкарысталі дзейны аргумент – прывялі прыклады нядаўніх вогненных здарэнняў, ад якіх пацярпелі людзі. А пасля – яшчэ адзін бескампрамісны довад – “Не адрамантуеце печ, праз тры дні вымушаны будзем прыцягнуць вас да адказнасці.
А гэта намнога даражэй, чым знайсці час і матэрыялы на рамонт печкі”. Пасля такой размовы нядбайны гаспадар паабяцаў, што як мага хутчэй выканае ўсе патрабаванні, ды яшчэ і сястры дапаможа, што жыве па-суседству і мае такія ж “небяспечныя праблемы”.
Другому, не надзейнаму ў плане бяспекі “таварышу”, выратавальнікі тлумачылі, навошта вызваляць электраправодку з-пад абояў і як гэта зрабіць: “Схаваная праводка выглядае эстэтычней, аднак можа стать прычынай пажару. Вонкавая праводка павінна быць праложана ў спецыялныя карабы, або пад яе неабходна пракласці асбеставую стужку”.
Амаль усе грамадзяне ведаюць аб існаванні аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, але ж не ўсім вядома, як яны дзейнічаюць, дзе іх купіць, як устанавіць. Тут работнікі МНС зноў давалі вычэрпны адказ: “АПА – гэта абсталяванне, якое не займае многа месца, але прыносіць велічэзную карысць – абараняе жыццё людзей ад пажару. Ён на ранняй стадыі выяўляе задымленне і ў стане разбудзіць чалавека, калі той спіць і не чуе пах дыму.
Прадаюцца апавяшчальнікі ў кожным прамысловым аддзеле магазінаў, а таксама ў аддзяленнях паштовай сувязі. Ашто датычыцца яго ўстаноўкі – гэта зусім проста: прыкруціць два шурупы, прыладзіць “крону”- і гатова – вы ў бяспецы!”
Шмат яшчэ адказаў на “бяспечныя” пытанні далі выратавальнікі: якія наступствы курэня ў ложку, чаму металічны ліст перад топкай павінны быць 50 на 70 сантыметраў, навошта бяліць комін, як тэлефанаваць у службу ратавання, як дзейнічаць у выпадку пажару і іншыя. Прафілактыка працягваецца, а гэта значыць, што спецыялісты МНС гатовы адказваць на любыя пытанні аб правілах бяспекі і дапамагаць усім рабіць свой побыт бяспечным!
Отправить комментарий