Сейчас загружается

“Ласкавае, добрае слова душу грэе!”: Людміла Пінчук, загадчык Грыцэвіцкага дзіцячага сада

 

Людміла Канстанцінаўна Пінчук працуе ў Грыцэвіцкім дзіцячым садзе ўжо 40 гадоў, 22 з іх на пасадзе загадчыка дашкольнай установы. За час работы неаднаразова атрымлівала прапановы змяніць род дзейнасці (па адукацыі магла паспяхова рэалізаваць сябе ў спорце, мае спартыўныя разрады па мастацкай гімнастыцы), але прызнаецца, што недарэмна лёс злучыў яе з малышамі.

Яна любіць іх усёй душой і пераканана, што гэта галоўная ўмова для тых, хто працуе ў дзіцячым садку ці толькі плануе звязаць сябе з прафесіяй выхавальніка. “Дзеці адчуваюць адносіны да сябе, яны цягнуцца толькі да тых, хто адкрывае ім сваю душу. Малым вельмі патрэбна ласка і дабрыня”, – зазначае жанчына.

Як педагога яе клапоціць тое, што сучасныя бацькі нярэдка ўдзяляюць мала ўвагі дзецям, што яны скупыя на пахвалу, на якую так разлічваюць маленькія чалавечкі, робячы першыя адкрыцці і дасягненні ў асваенні свету. На правах чалавека з багатым жыццёвым і прафесійным вопытам Людміла Канстанцінаўна раіць маладым татам і мамам ахвяраваць сваімі інтарэсамі ў імя дзяцей і не забываць спрадвечную мудрасць, якая сведчыць: што пасеем, тое і пажнем!

Сярод каштоўных падказак бацькам ад вопытнага педагога – удзяляць больш увагі развіццю маўленчай дзейнасці дзяцей.

Хутка гэта праблема набудзе вялікія маштабы. Хлопчыкі і дзяўчынкі XXI стагоддзя з маленства сядзяць у тэлефонах і камп’ютэрах, яны добра ўмеюць імі валодаць, але, на жаль, не ўмеюць выказваць свае думкі і будаваць размову з акружаючымі людзьмі, мова іх вельмі бедная. Трэба часцей кантактаваць з дзеткамі – у размове заўважаюцца іх радасці і праблемы. Кожнае дзіця мае на гэта права і павінна быць пачутае!!! Памятаеце, як казалі нашы бабулі: “Ласкавае, добрае слова душу грэе!” Яно і для дарослага чалавека важна, а для дзіцяці тым больш.

Святлана Орпель.

Фота аўтара.

 

Отправить комментарий

Возможно, пропустили