Сейчас загружается

“Жыць і любіць так, як могуць жыць і любіць толькі БЕЛАРУСЫ”: Ганна Абабурка, вучаніца

 

У Беларусі стартаваў Тыдзень моладзі. Вучаніца Морацкага ВПК Ганна Абабурка разважае аб галоўных каштоўнасцях сваіх землякоў.   



Ганна Абабурка, вучаніца Морацкага ВПК:

 

 

 

 



– Па-мойму, ёсць некалькі важных рэчаў, якія могуць усіх нас аб’яднаць. Гэта разуменне сэнсу каштоўнасцяў. Гэта не толькі дарагія ўпрыгожванні, шыкоўны аўтамабіль, камфортнае жыллё, а яшчэ…  рэчкі,  азёры і лясы нашай блакітнавокай Беларусі, яе чыстае неба і яркае сонейка, яе прыгожыя гарады і пасёлкі, дзе жывуць працавітыя і сціплыя людзі.

І, канешне, мая родная вёсачка, дзе я нарадзілася і жыву. А ў ёй – мой невялікі ўтульны дом, і бабулін вышыты ручнік, і альбом са старымі  фотаздымкамі ўсёй радні, і матуліна звязаная сурвэтка, і зроблены татавымі рукамі для нас малых услончык. Можна бясконца пералічваць рэчы, якія краналі рукі маіх самых родных і блізкіх людзей. Вось гэта сапраўдныя каштоўнасці!

Але гэта толькі матэрыяльна выражаныя каштоўнасці, а ёсць яшчэ нешта іншае, і яно не менш каштоўнае… Яго не кранеш рукамі, не акінеш вокам, не паспрабуеш на смак, але атрымаеш цяпло і спакой, любоў і пяшчоту. Гэта духоўныя каштоўнасці. Менавіта яны павінны аб’яднаць усіх людзей не толькі нашай краіны, але і ўсяго свету. Я паставіла б на першае месца па значнасці ў жыцці чалавека яшчэ і любоў.

Да роднай Беларусі і да маленькай сваёй радзімы, да беларускага мілагучнага слова і да бацькоў, а бацькоў – да дзяцей, і любоў суседа да суседа, і малодшых да старэйшых, і рабочага да начальніка, і начальніка да рабочага, і любоў да дрэўца і кветкі, пасаджных не толькі сваімі рукамі, але і чужымі. Нельга дабіцца ўзаемаразумення без дабрыні.

Калі б усе людзі на зямлі рабілі толькі добрыя справы, мы не ведалі б ні войнаў, ні катастроф, мы б не бачылі слёз на вачах дзяцей і дарослых. І без міласэрнасці – таксама. Яна –  сястра дабрыні. Трэба вучыцца раздзяляць з іншымі гора і бяду, спачуваць не толькі таму, хто ўпаў, але і таму, хто толькі крыху спатыкнуўся. Нельга дапамагчы ўсім, але нешта з радасцю зрабіць, не патрабуючы нічога наўзамен, стаць карысным некаму хоць на хвіліну – гэта дарагога каштуе. Не менш важна для сапраўднага грамадзяніна самаахвярнасць…

Менавіта яна дапамагла нашым продкам горда несці сцяг Перамогі ва ўсіх войнах. Нашы землякі пераканаўча аддавалі жыццё праз страшныя пакуты і здзекі дзеля шчасця будучых пакаленняў. Толькі паняцце шчасця ў іх было іншым. Сёння адсутнасць вайны ўспрымаецца многімі як належнае, нешта само сабою зразумелае. Мы перасталі цаніць мірнае неба, спакой і цішыню, а гэта страшная памылка.

Мір, яркае сонейка, спеў жаваранка ў небе і асалода ад ўсяго гэтага – вось што павінна нас аб’ядноўваць! І сумленне! Гэта нябачны суддзя чалавечага жыцця. Я лічу, што найвышэйшай формай існавання чалавека ў грамадстве з’яўляецца жыццё чалавека ў поўнай згодзе са сваім сумленнем. Менавіта яно не дае рабіць дрэнныя ўчынкі, застаўляе задумацца, асэнсаваць свае паводзіны.

Асноўныя ворагі сумлення  – хітрасць, хлусня, карысць, улада, зайздрасць, слава. Ад сумлення не ўцячэш і не схаваешся, бо яно ў глыбіні тваёй душы, а пазбавіцца можна толкі тады, калі цураешся душы. А гэта ўжо духоўная смерць. Мерцвякі не могуць аб’яднацца для нейкіх спраў.

Толькі духоўна багатыя людзі змогуць утрымаць чалавецтва. Задача сучасных беларусаў, шчырых, адданых роднай зямлі – жыць і любіць так, як могуць жыць і любіць толькі БЕЛАРУСЫ, добрыя, міласэрныя, самаахвярныя і сумленныя людзі!

 

Отправить комментарий

Возможно, пропустили