На абласным фестывалі “Напеў зямлі маёй” у Пухавічах артысты з Клеччыны сталі лепшымі
4 снежня ў сямнаццаты раз на Міншчыне адбыўся фестываль “Напеў зямлі маёй”. Праходзіў ён на сцэне Пухавіцкага раённага цэнтра культуры, і па традыцыі сабраў пад адным дахам таленавітых артыстаў з усіх рэгіёнаў сталічнай вобласці.
Клецкі раён прадставілі калектывы і ўдзельнікі аматарскай творчасці Морацкага сельскага клуба і раённага цэнтра культуры: узорны ансамбль народнай песні “Марачаначка” (кіраўнік Ірына Мінец) і ўдзельнікі аматарскай творчасці РЦК пад кіраўніцтвам Сяргея Галубкова.
Як зазначыла начальнік галоўнага ўпраўлення культуры Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Алла Шахоцька, “з кожным годам фестываль становіцца ўсё больш прафесійным. Нашы творчыя калектывы шукаюць новыя падыходы для таго, каб здзівіць і гледачоў, і журы”.
І трэба зазначыць, што ў нашых землякоў гэта атрымалася паспяхова, бо менавіта яны ўзялі Гран-пры фестывалю і галоўны прыз – аўтамабіль!
Віншуем нашых артыстаў і жадаем ім новых творчых поспехаў!
Валяціна Сянкевіч.
Фота з архіва Клецкага РЦК.
Отправить комментарий