Мова – гэта тое, што нас аб’ядноўвае і робіць унікальнымі Беларусы – багаты народ. У нас дзве дзяржаўныя мовы. Так склалася гістарычна. Але адна з іх, хоць і менш распаўсюджаная, затое больш блізкая, родная, бо яна ад калыскі нашых матуль і бабуль. Мілагучная, цёплая, шчырая... свая.
Мова лічыцца здабыткам нацыі і народа. Яна развівалася і назапашвалася многімі пакаленнямі. Таму нам, сучаснікам, вельмі важна не даць ёй знікунуць, адысці ў нябыт.
Мы павінны заставацца яе носьбітамі, папулярызаваць і пашыраць сферу ўжывання беларускай мовы. Гэта задача не толькі для настаўнікаў роднай мовы, пісьменнікаў, мовазнаўцаў і культурных дзеячяў, а і для кожнага з нас. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!
...І ў палацы, і на сцежцы вузкай,
Каб душа магла пачуць душу,
Размаўляй са мной па-беларуску,
Размаўляй па-роднаму, прашу.
А ці карыстаецеся Вы роднай мовай і якім бачыце яе лёс? З такім пытаннем мы звярнуліся напярэдадні Дня роднай мовы для кляччан і атрымалі ад іх адказы.
Галіна Кісель, выкладчык беларускай мовы і літаратуры Клецкага СПЛ:
– Я выкладаю родную мову і літаратуру і адчываю гонар за тое, што з’яўляюся прадаўжальнікам культуры сваіх продкаў. Мова – гэта люстэрка народа.
Ад пакалення да пакалення беларускі народ ствараў сваю мову і зрабіў яе надзвычай прыгожай, багатай і самабытнай. Мова яднае нашчадкаў і продкаў, звязвае мінулае з сучасным і будучым.
Менавіта мова з’яўляецца душой народа, найбольш яскравай прыметай нацыі. Народ як нацыя існуе, пакуль жыве мова. Таму наш абавязак – шанаваць родную мову. Калі зможам яе аберагчы і захаваць, значыць, будзем існаваць і мы на Зямлі, беларусы!..
Надзея Астапенкава, пенсіянерка, г.Клецк:
- На гістарычную радзіму, у Беларусь, я вярнулася амаль адразу пасля распаду СССР. Мой бацька – цаліннік, які прыехаў асвойваць некранутыя землі Казахстана.
Там я нарадзілася, але вярнулася “дамоў”, калі сталі выціскаць усё рускае. Тады было ў пашане гаварыць на той мове, якая ў рэспубліках лічылася дзяржаўнай. Ведаю добра, што ў Беларусі “вучыліся размаўляць на сваёй”. Нават усе нарады праводзіліся на роднай мове.
Муж, які даражыў рабочым месцам, за паўгода вывучыў беларускую, але акцэнт застаўся: гук “ч” усё роўна рускі. Мае дзеці, дзякуючы школьнай праграме, валодаюць у дасканаласці мовай землякоў.
Нават калі прыязджаюць са сталіцы да нас, стараюцца гаварыць на “клецкай трасянцы”. Лічу, што сапраўдныя сыны і дочкі сваёй Радзімы павінны размаўляць толькі па-беларуску.
ДНП.
Отправить комментарий