Сваю літаратурную дзейнасць Аляксандра Мікалаевіч – настаўнік па адукацыі і лірык па складу душы – пачаў яшчэ школьнікам. З цягам часу гэтае захапленне не знікла, а толькі ўзмацнела, удасканальваючыся і набываючы новыя адценні.
Яго вершы, гумарэскі і аповеды ведаюць многія кляччане, бо маючы ад прыроды нейкую асаблівую харызму ён умее завалодаць увагай аўдыторыі любога ўзросту. Нават займаючы сур'ёзныя пасады ў сваім жыцці, выступаючы з высокіх трыбунаў А.Жукоўскі мог разрадзіць напружаную сітуацыю жартоўнай хвілінкай, якая была заўжды да месца.
А вось на вечарыну ва ўтульную залу РЦК, дзе супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі ладзілі вечар-сустрэчу са знакамітым земляком, прыйшлі не толькі яго самыя блізкія сябры, але і прыхільнікі таленту самага аптымістычнага і таленавітага жыхара нашага горада, аб чым сведчасць і гэтыя завочныя выказванні:
Лілія Мялешка – "Аляксандр Мікалаевіч піша вершы сумленыя і шчырыя, мяккія і ўзнёслыя. У іх – жыццё, свет і месца чалавека ў ім. Яго творы здаюцца простымі, але за гэтай прастатой – дакладна ўзважанае слова і глыбокая, напружаная думка. Яго радок напоўнены пачуццём любові да зямлі і роднай мовы, да прыгажосці свету. Яго гумарэскі – зарад аптымізму, радасці, дабрыні і шчырага смеху. У сваіх творах ён глядзіць на жыццё то з хітраватым прыжмурам, то з юначай цікаўнасцю і непасрэднасцю з пазіцыі чалавека заклапочанага і нераўнадушнага. Яго лірыка – прыгожая і музычная";
Таццяна Цвірка – "Я глыбока паважаю гэтага чалавека. Цаню яго талент і адкрытасць!"
Шчырыя словы ў адрас Аляксандра Жукоўскага і яго творчасці гучалі ад яго калег па пяры: Вольгі Лабажэвіч, Галіны Нупрэйчык, а таксама Мікалая Мацуля, Марыі Шыкуць, Тамары Сухановіч, Вольгі Герасімовіч, старшыняў раённага савета ветэранаў Валянціны Яфімчык і галіновай ветэранскай арганізацыі Алены Новік, калег па працы і ўдзельнікаў клуба "Аптымісты".
Многія ведаюць, якое асаблівае сяброўства ў А.Жукоўскага з песняю. Так, верш Аляксандра Мікалаевіча быў шмат гадоў назад пакладзены Эдуардам Зарыцкім на музыку, у выніку чаго атрымалася цудоўная песня "Твае вочы – азёры", якую мы ведаем ў выкананні беларускага спевака Якава Навуменкі. Трэба сказаць, што ў пэўны перыяд часу менавіта гэта песня часта гучала на айчынным радыё і тэлебачанні. Больш таго, у 1996 годзе яна ўвайшла ў лік 10 лепшых песень года ў перадачы "Залатая ліра"! А вось у той дзень у будынку РЦК яе, а таксама многа іншых добра вядомых песень, выконваў вакальны жаночы калектыў "З песняю па жыцці" пад кіраўніцтвам Юрыя Эверта. Дарэчы, у рэпертуары гэтага ансамбля літаральна нядаўна з'явілася навінка: на верш А.Жукоўскага "Ты для мяне" Юрый Раманавіч Эверт напісаў музыку, і ў выніку атрымаўся шыкоўны музычны нумар, акому гучна ўсе апладыравалі!
Нямногія ведаюць, што адзін з найбольш любімых музычных твораў Аляксандра Мікалаевіча Жукоўскага, гэта песня пад назваю "В Москве, в отдаленном районе", якую для віноўніка ўрачыстасці саспяваў Аляксей Лапата.
Мы сёння далучаемся да ўсіх пажаданняў, што гучалі ў той дзень у адрас Аляксандра Жукоўскага, і жадаем яму моцнага здароўя, лёгкага пяра і ўзнёслых думак, якія ён удала кладзе на паперу і дорыць сваім чытачам!
Валянціна СЯНКЕВІЧ.
Фота з архіва раённай бібліятэкі.
Отправить комментарий