У кожнага з нас ёсць мясціна, дзе з малых гадоў набіраўся моцы, сталеў, авалодваў першымі ўрокамі жыцця. Завецца гэта старонка малой Радзімай, куды, дзе б ты ні быў, прагне душа, дзе падсілкоўваешся эмацыянальна і адпачываеш сэрцам.
Вёскі Ёдчыцы і Урведзь, што раскінуліся на морацкая зямлі, ужо, на жаль, не такія мнагалюдныя, гаманкія, вясёлыя, як былі раней, але і зараз мясцовыя сяляне шчыра працуюць, даглядаюць свае домаўладанні, вырошчваюць гародніну… Словам, жывуць шчыра, адкрыта, застаюцца такімі ж прыветлівымі і гасціннымі. А тыя, хто раз’ехаліся па свеце, не перастаюць успрымаць свае вёсачкі тым ядром, той асновай, з якой пачаліся іх першыя крокі ў вялікае жыццё, дзе захавана надзея, што дорыць веру ў будучае.
І мінулае гэтых населеных пунктаў адметнае, аб чым у дзень Святой Тройцы нагадалі ініцыятары і арганізатары святаў вёсак – супрацоўнікі і самадзейныя артысты Лазавіцкага сельскага дома культуры. Прыбраныя, з нейкімі асабліва светлымі тварамі, у добрым настроі мясцовыя жыхары збіраліся каля імправізаваных пляцовак. З цікавасцю яны слухалі аб тым, як жылося на роднай зямлі ў даўніну, аб першых успамінах у летапісах, аб уладальніках з родаў Радзівілаў і Вендорфаў, аб неймаверна цяжкім часе ў гады фашысцкай акупацыі, і аб тым перыядзе, калі вяскоўцы адчулі, што вось ён – росквіт быцця. Прыпадае гэта на 70-80-ыя гады ХХ стагоддзя, калі працавалі магазіны, школа, клуб…
Ганарацца вяскоўцы сваімі знакамітымі землякамі. Гэта нараджэнец Ёдчыц Станіслаў Уладзіміравіч Ачапоўскі, вядомы вучоны ў галіне медыцыны, прафесар, доктар медыцынскіх навук, кавалер ордэна Працоўнага Чырвонага сцяга… Адна з бальніц Краснадарскага краю нават носіць яго імя, і адна з клецкіх вуліц таксама названа ў яго гонар. Тут карані выдатнага вучонага, геолага, удзельніка рускай палярнай экспедыцыі на Навасібірскія астравы Канстанціна Адамавіча Валасовіча. У яго бацькоў было шасцёра дзяцей, і кожны стаў дастойным грамадзянінам сваёй краіны. Старажылы вёскі памятаюць аб Уладзіміры Якаўлевічы Лінніку. Ён змог стаць прафесарам, доктарам ветэрынарных навук, меў шматлікія ўзнагароды. Вось такіх слаўных сыноў узгадавала ёдчыцкая зямля.
А зараз тут засталося ўсяго… 14 жыхароў. Шчыра, пранікнёна павіншавала іх са святам старшыня Морацкага сельскага Савета Ганна Канявега, шмат цёплых пажаданняў прагучала з яе вуснаў:
– Ад душы жадаю, каб зімою ў вашых печах лагодна патрэскваў саграваючы агонь, каб вясною вашы вёскі квітнелі, каб улетку тут гучалі дзіцячыя галасы, бо праедуць дзеці, унукі і праўнукі, адпачнуць на роднай зямлі і дапамогуць вырашыць вам бытавыя праблемы, а восень каб стала багатай на добры ўраджай і светлыя надзеі.
Вядучыя таксама шчыра віталі гасцей святаў, расказалі аб сённяшніх насельнікахвёсак. Гэта жанчыны, якіх можна назваць равесніцамі ХХ-га стагоддзя: Таццяна Канстанцінаўна Павядайла, Марыя Піліпаўна Лобан, Ніна Паўлаўна Бірук (1937-1939 гадоў нараджэння), а самая старэйшая – Соф’я Іванаўна Рэзнік. Падарункі ад сельвыканкама Ганна Мікалаеўна перадала М.П.Лобан і Т.К.Павядайла, а таксама доўгажыхарцы з Урведзі Анастасіі Арсенцьяўне Гардзей (1929 года нараджэння). Былі адрасаваны шчырыя словы прызнання за добрую працу ў мясцовым ААТ “Лазавічы” Канстанціну Канстанцінавічу Жданко, Івану Дзмітрыевічу Круку, Сяргею Аляксандравічу Акула, які, дарэчы, з’яўляецца ветэранам афганскай вайны, сёлета ён адзначыў сваё 55-годдзе, з чым таксама яго павіншавалі аднавяскоўцы.
У адрас кожнага прагучалі добрыя песні ў выкананні жаночага вакальнага гурта “Надзея”, вакалістаў Аляксандра Сасіновіча і Валянціны Грачовай, Галіны Федаровіч і Іны Дударэвіч, Сяргея Машко і Уладзіміра Снарскага. Вялікую цікавасць выклікала выстава вышываных рушнікоў і посцілак майстрыхі з в.Комлеўшчына Марыі Іванаўны Семяновіч. Вяскоўцы шчыра дзякавалі іх за падоранае сапраўднае, жаданае свята. Упэўнена, у сталых людзей надоўга застануцца прыемныя ўспаміны аб гэтым мерапрыемстве.
Вольга РУСІНОВІЧ.
Фота з архіву Морацкага сельвыканкама.
Отправить комментарий