У апошнія гады ў нашым раёне, як і па ўсёй Беларусі, ідзе знос старых і пустуючых дамоў. Гэта і жалобна, і сумна. Але мы як супрацоўнікі музея ў сваіх экпедыцыях намагаемся наведацца туды да зносу дома, каб выратаваць ад пахавання ў кар’еры ці на сметніку рарытэты, якія могуць яшчэ там захоўвацца і ў выніку стаць экспанатамі нашага музею. На старонках раённай газеты мы перыядычна будзем знаёміць вас, дарагія чытачы, з цікавымі і рэдкімі прадметамі, якія, можна сказаць, цудам трапілі да нас у музей.
З такіх экспедыцыйных вандровак мы прывозім шмат цікавых рэчаў, але ж не ўсе яны становяцца музейнымі, трэба час на сартыроўку, механічную апрацоўку, бывае і рэстаўрацыю. Частка з іх застаецца ў дапаможным фондзе, які дае магчымасць дакрануцца і паспрабаваць у дзеянні той ці іншы прадмет удзельнікам мерапрыемстваў.
Незвычайныя бутэлечкі.
Сёння я засяроджваю ўвагу на адным з нашых апошніх паступленняў… Сярод бляшанак з-пад кавы і гарбаты 1950 – 1970-х гадоў, якія ў тыя далёкія часы было амаль немагчыма набыць, самых вядомых у СССР бочкападобных слоікаў з-пад мёду (у якіх, дарэчы, мая бабуля дагэтуль захоўвае спецыі), трапілі тры трохгранныя бутэлечкі, якіх я на маім вяку не бачыла. Менавіта яны мяне больш за ўсё зацікавілі, і пачаўся пошук інфармацыі.
Археолагам падобныя бутэлькі розных колераў, з рэльефнымі надпісамі і выявамі вядомыя з другой паловы ХІХ – пачатку ХХ стст., хаця ў Беларусі знайсці іх вялікая рэдкасць, было толькі некалькі знаходак у Мінску ў раёне Нямігі. Менавіта ў другой палове ХХ ст. з’явілася бутэлька такой формы і лічылася яна аптэкарскай тарай. І за ўвесь час свайго існавання яна выкарыстоўвалася для розліву толькі адной вадкасці – воцатнай эсэнцыі. Воцат шырока ўжываецца чалавекам у вытворчасці: пры стварэнні лекаў, фарбавальнікаў, у кнігадрукаванні, у прамысловасці, у медыцыне і шмат дзеяшчэ. Але самае галоўнае ў тым, што сталовы воцат (або ў тыя далёкія часы воцатная эсэнцыя, разведзеная да стану воцату) шырока выкарыстоўваецца чалавекам у кулінарыі. Менавіта з гэтай прычыны складана адшукаць кухню, на якой не было б сталовага воцату. Праблема заключаецца ў тым, што пры канцэнтрацыі воцатнай кіслаты больш за 30% (а эсэнцыя – гэта 75-80 %), вадкасць уяўляе небяспеку для жыцця і здароўя чалавека: эсэнцыя пакідае хімічныя апёкі, прыводзіць да атручвання і смерці.
Аказваецца, воцат і гарчыцу раней набывалі ў аптэцы.У першай палове ХІХ стагоддзя ў Расійскай імперыі некаторыя вытворцы выкарыстоўвалі еўрапейскую форму ёмкасцей для воцатнай эсэнцыі, якая нагадвала падоўжаны штоф і ў людзей асацыявалася з алкагольнымі напоямі.Сітуацыя ў Расійскай імперыі з п'янствам на той час была проста жахлівая. Рэзка пачасціліся выпадкі атручвання эсэнцыяй з-за таго, што людзі па п'яні блыталі бутэлькі. Таму для захоўвання эсэнцыі было вырашана зрабіцьспецыяльную трохгранную бутэльку. Бутэлькі і слоічкі для асобных прэпаратаў у тыя часы мелі камерцыйныя формы, як кажуць цяпер “брэндавыя”. Той ці іншы прэпарат павінен быць пазнавальным, і ніхто не меў права размяшчаць сваю прадукцыю ва ўжо “забітую” тару. Вось і бралі больш формай і рэкламай. Толькі спецыяльная тара для воцатнай эсэнцыі мела патрэбу не ў рэкламе, а каб засцерагчы грамадзян ад небяспечных выпадковасцей.
Па ўсіх параметрах форма гэтай бутэлькі ўніверсальная: яе ні з чым не зблытаеш, яна амаль ніколі не разбіваецца з-за формы і тоўстага шкла, яе можна (і больш зручна) захоўваць у ляжачым стане, шарападобнае патаўшчэнне на гарлавіне не дае разлятацца пырскам і засцерагае чалавека ад выпадковых хімічных апёкаў. Акрамя гэтага, бутэлькі для воцатнай эсэнцыі адрозніваліся наяўнасцю спецыяльных палосак на гранях. Мерныя дзяленні дапамагалі гаспадыням разводзіць уручную воцатную эсэнцыю ў звычайны сталовы воцат, змешваючы яе з вадою.
Да сярэдзіны ХІХ стагоддзя ў Расійскай імперыі практычна ўсе вытворцы перайшлі на разліў сваёй прадукцыі ў трохгранныя бутэлькі.Як бы гэта дзіўна не гучала, але смяротнасць у выніку атручвання эсэнцыяй рэзка панізілася. Вытворчасцю такіх бутэлек займаліся ўсяго некалькі кампаній, але асноўную масу выпускала хіміка-фармацэўтычнае таварыства “Р. Кёлер і Ко", якому і залічваюць яе стварэнне, але дакладна гэта невядома. Продаж ішоў праз спецыялізаваныя магазіны аптэчнага посуду.
Пасля прыходу савецкай улады і нацыяналізацыі прадпрыемстваў выраб гэтых бутэлячак надоўга спыніўся, масава ўзнавіўся толькі ў 1950-я гады. У СССР воцат спачатку разліваўся ў звычайныя бутэлькі. На выпуску воцатнай эсэнцыі менавіта ў такой трохграннай тары ў 1920-я гады настаяў выбітны маскоўскі лекар, доктар медыцынскіх навук і стваральнік сталічнай хуткай дапамогі Аляксандр Сяргеевіч Пучкоў. Менавіта ён прааналізаваў статыстыку атручванняў у СССР і настойліва рэкамендаваў увесці для адной вядомай ужо вам вадкасці бутэлечку такой формы. У прамысловасці гэтым былі не задаволеныя з-за нестандартнай формы тары і кошту на яе выраб, вышэйшы ў некалькі разоў у параўнанні з бутэлькамі звычайнымі… Але прыйшлося згадзіцца. Дзякуючы гэтаму колькасць харчовых атручванняў воцатнай эсэнцыяй знізілася да 90%!!!
Выраб трохгранных бутэлек працягваўся да 1970-х гадоў і паступова знік ізноў жа з-за кошту. Тым болей, што ў продажы ўжо быў проста воцат, а не кіслата, ці эсэнцыя, якія паступова выйшлі з ужытку.У нашы дні шкляную тару для воцату выцясніла пластыкавая.
Бутэлечкі, якія трапілі да нас у музей, якраз савецкага перыяду 1950-х гадоў вытворчасці Борскага шклозавода (Ніжагародская вобласць), пра што нам гаворыць бачнае кляймо "БСЗ" на донцы бутэлькі. І нам сапраўды пашчасціла – не так шмат іх засталося. На цяперашні час іх не робяць і амаль не знайсці з-за сваёй нестандартнай і шыкоўнай формы, прытым вялікай рэдкасці. Калі ў вашай каморцы ці на гарышчы пашчасціла знайсці такую бутэлечку, яна з гонарам стане не толькі гістарычным рарытэтам, а і па праву разынкаю вашага інтэр’еру.
Ад супрацоўнікаў музея шчырая падзяка работнікам сельсаветаў, якія разумеюць і аказваюць усебаковую падтрымку і дапамогу ў нашай пошукавай справе.
Вольга Яфрэмава, Ст. навуковы супрацоўнік.
Фота 1. Бутэлькі з-пад воцатнай эсэнцыі, 1950-я гады.
Фота 2. Бутэлькі з-пад воцатнай эсэнцыі, канец ХІХ – пачатак ХХ ст.
Отправить комментарий