Хутка Новы год, а гэта значыць, што выратавальнікі зноў гутараць з насельніцтвам на бяспечныя навагоднія тэмы! І першымі, да каго яны завіталі, каб абмеркаваць усе магчымыя небяспекі, - сталыя людзі.
У Клецкім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адбылося цікавае і пазнавальнае мерапрыемства ў рамках акці “Бяспечны Новы год!” для наведвальнікаў “Школы залатога ўзросту”.
Інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Вольга Іванейчык прапанавала прысутным інтэрактыўную віктарыну, у якой трэба было ўспомніць усе небяспекі зімовага перыяду (тонкі лёд на вадаёмах, мароз, галалёд), небяспечныя атрыбуты Новага года (гірлянды, бенгальскія агні, хлапушкі, феерверкі), сезонныя пажаранебяспечныя агрэгаты ў доме (электраабагравальнікі, печы).
Далей у праграме быў сапраўдны лікбез па названых тэмах: у прэзентацыі, паказанай пажылым людзям, былі адлюстраваны асноўныя правілы пажарнай бяспекі, правілы паводзін на лёдзе, правілы выкарыстання піратэхнікі і многае іншае.
Падрабязна Вольга Анатольеўна растлумачыла, чым могуць быць небяспечныя такія простыя вырабы, як петарды, хлапушкі і бенгальскія агні. Яна прадэманстравала падобныя вырабы са скончаным тэрмінам прыдатнасці або з пашкоджаннямі, наглядна паказала і расказала, чаму іх нельга выкарыстоўваць: можна атрымаць апёк, справакаваць узгаранне і гэтак далей.
Замацаванне пачутага і ўбачанага прайшло ў форме кіналекторыя: прагляд відэаролікаў інспектар МНС суправаджала неабходнымі каментарамі і прыкладамі з жыцця.
У завяршэнні мерапрыемства ўсе прайшлі сапраўдны экзамен у мабільным прыдатку “МНС. Дапамога побач”. Навагодні тэст выклікаў шмат дадатковых пытанняў, з якімі інспектар дапамагла ўсім на выдатна разабрацца.
Святочная ноч ужо амаль на парозе, а таму будзьце ўважлівымі, і Новы год будзе бяспечным!
Отправить комментарий