Глабалізацыя рэзка абвастрыла праблему этнічнай ідэнтычнасці. У такіх умовах перад суверэннай дзяржавай стаіць задача захаваць нацыянальную самабытнасць, не даць агульнасусветным працэсам разбурыць традыцыі і культуру народа.
Неабходным з'яўляецца ўмацаванне маста паміж мінулым, сучасным і будучым. Калі ўявіць, што гісторыя – гэта тунэль, які цягнецца праз стагоддзі, то надзейны правадыр у нялёгкім шляху – родная мова. Гэта візітная картка любой супольнасці, сведка зараджэння народа, адна з асноў фарміравання нацыі.
Што такое родная мова – гэта сродак камунікацыі паміж людзьмі ці атрыбут этнічнай ідэнтыфікацыі? У тлумачальным слоўніку нельга знайсці вызначэння гэтаму паняццю, таму што кожны чалавек укладвае ў яго асаблівы сэнс.
…Школьны званок радасна паведамляе пра пачатак заняткаў. Настаўнік пераступае парог класа. На дошцы – 21 лютага – Дзень роднай мовы.
– Уладзімір Караткевіч в своем романе «Каласы пад сярпом тваім» поднимает проблему национального возрождения…
– Мікіта, калі ласка, працягвай на мове, зараз урок беларускай літаратуры.
– Мне цяжка. Я не разумею, навошта мне яе ведаць.
– У чалавека, на жаль, можна забраць усё: лусту хлеба на снеданне, машыну, кватэру і нават жыццё, – сказала настаўніца. – Родная мова – гэта тое, што немагчыма адабраць. На ёй нават не трэба размаўляць, каб разумець. Гэта не проста набор гукаў. Яна, нібы вялікая каранёвая сістэма, якая злучае жыццё: тваё з XXI стагоддзя і Ігната з XIX ст., Пеці з Палесся і Насці з-пад Віцебшчыны. Калі матэрыялізаваць маўленне, то атрымаецца сапраўдная тканіна – парус, які цягне народны карабель па бурнай, небяспечнай, непрадказальнай рацэ пад назвай «Гісторыя».
– Які ён, беларускі парус? – спытала дзяўчынка на першай парце.
– Чырвонай ніткай праз яго цягнецца стужка часу. Яна беражліва захоўвае храналогію падзей, сляды якіх нябачным следам засталіся на нашых землях. Пераплятаюць яе невычэрпная мужнасць, сіла, імкненне да свабоды, – пачала тлумачыць настаўніца. – З чаго выткана беларуская мова? Сіні атлас увасабляе журчанне рэк і ручайкоў. Вада ў іх – слёзы радасці і гора, перамог і паражэнняў, набыткаў і страт. Зялёная – шэлест дубовага лісця. Ціхай ноччу можна пачуць, як дрэвы шэпчуцца аб тым, што адбывалася на нашых землях амаль стагоддзе назад. Гэта колер надзеі, маладосці, прыроднай гармоніі. Белая нітка – адлюстраванне чысціні, мудрасці, ведаў. Шаўковыя сонечныя прамяні ахутваюць ўспаміны, надзяляючы іх неўміручасцю. Мова – жывая палітра разнастайных гукаў, а не сыры астрог слоў. Гэта мірнае клякатанне чырвонаногіх буслоў. Калісьці продкі, як і мы цяпер, захапляліся прыгажосцю і вытанчанасцю высакародных птушак. Гэта сумныя песні коласаўскага Сымона-музыкі, звон старой драўлянай царквы ў пустой вёсцы. Цёплы летні дождж, які цяпер адстуквае мелодыю на асфальтаваных вуліцах, памятае даўнія пясочныя дарогі і шлёпанне голых ног па лужынах.
Бягуць з пакалення ў пакаленне легенды і казкі, паданні і міфы, з вуснаў у вусны перадаецца фальклор на працягу стагоддзяў, – працягвала настаўніца. – Родная мова – душа нацыі, каштоўнасць, якая фарміравалася гадамі, адна з формаў гісторыка-культурнай спадчыны. Карыстаючыся ёю як сродкам зносін, чалавек пазнае навакольны свет і самога сябе, засвойвае нормы сацыяльнага ўзаемадзеяння. Мы вучым не ўмоўныя знакі, а ўбіраем духоўнае жыццё папярэдніх пакаленняў. «Са стратай мовы народ таксама сыдзе ў нябыт», – пісаў Канфуцый.
Цішыню ў класе перапыніў званок з урока. Настаўнік выйшла з кабінета. У кожнай з 20 непаседлівых галоў пасялілася асаблівая думка. Хлопцы збіралі свае рэчы павольней звычайнага, верагодна, доўгі маналог прымусіў іх задумацца…
Якую мову сёння лічаць роднай беларусы? Апошні перапіс паказаў, што 61,2% насельніцтва выбралі беларускую, 38,1% – рускую, аднак дваццаць гадоў таму суадносіны былі іншыя: 85,6% і 14,3% адпаведна.
Згодна з Канстытуцыяй, прынятай 15 сакавіка 1994 года, беларуская мова была абвешчана дзяржаўнай. Аднак адсутнасць грамадскага запыту на беларусізацыю паўплывала на эфектыўнасць распаўсюджвання нацыянальнай мовы.
Пасля прыняцця на агульнарэспубліканскім рэферэндуме папраўкі, якая замацавала статус дзяржаўнай і за рускай мовай, беларуская канчаткова страціла свой уплыў і сёння практычна выцеснена з афіцыйна-дзелавой камунікацыі, адукацыі, засталася толькі ў сферы культуры.
Вставка. Сучасны моўны ландшафт Беларусі характарызуецца відавочным дамінаваннем рускай практычна ва ўсіх сферах жыццядзейнасці. Беларуская мова сёння – гэта асаблівы сакральны сімвал нацыянальнага самавызначэння і этнічнай самаідэнтыфікацыі.
Валерыя КУХАРЧЫК,
студэнтка 2-га курса юрыдычнага факультэта
Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Отправить комментарий