Сейчас загружается

У Клецку вучаць захоўваць культурныя каштоўнасці народа

 

Адраджаючы і зберагаючы беларускія традыцыі, мы працягваем гісторыю продкаў. Сёння майстры, якія займаюцца народнымі промысламі, перадаюць свае навыкі моладзі і далучаюць іх да культуры роднага краю і краіны ў цэлым. Марыя Кісель, метадыст па народнай творчасці Клецкага районнага цэнтра культуры, навучае дзяцей рамяству нашых бабуль на занятках у аб'яднанні па інтарэсах «Скарбніца».

«Велікодная пісанка»

Звычай фарбаваць яйкі на Вялікдзень і сёння ў шматлікіх сем'ях перадаецца з пакалення ў пакаленне. Выхаванцы Марыі Уладзіміраўны Анастасія Кісель і Кацярына Пляшко выказалі жаданне авалодаць навыкамі роспісу і прыняць удзел у прэстыжным рэгіянальным свяце-конкурсе майстроў беларускай пісанкі.

– У такім мерапрыемстве мы ўдзельнічалі ўпершыню, – расказвае метадыст па народнай творчасці. – Роспіс велікодных яек – новы для нас напрамак дзейнасці. Разам з дзяўчынкамі рыхтаваліся грунтоўна на працягу цэлага месяца. Спачатку вывучылі інфармацыю па мастацкім афармленні яек з кніг, узятых у цэнтральнай раённай бібліятэцы. Вельмі каштоўным для нас аказаўся вопыт Вольгі Пілецкай, загадчыка сектара традыцыйнага мастацтва і рамяства цэнтра культуры. Зацікавіліся з дзяўчынкамі і пачалі глыбей вывучаць звычаі, звязаныя з галоўным атрыбутам вясновага свята, а затым разам захоплена ўзяліся за працу. Паспрабавалі розныя тэхнікі і вырашылі спыніцца на беларускай пісанцы.

Як падкрэсліла Марыя Кісель, для іх важным было захаваць традыцыю пісанкі. Таму каляровую гаму і ўзоры выбіралі невыпадкова – імкнуліся наблізіцца да тых, якія ўжывалі нашы бабулі і прабабулі. У далёкія часы колер «крашанак» і знакі на іх мелі глыбокі сэнс. Кляччанкі выкарыстоўвалі бірузовую фарбу (раней такое адценне атрымлівалі з адвару з дзеразы ці бярозавага лісця), чырвоную (з шалупення цыбулі) і цёмна-карычневую (з іржавага жалеза альбо альховай кары) і адлюстроўвалі на яйках розныя немудрагелістыя сімвалы, сонейка, месяц, зоркі.

Юныя берагіні культурных традыцый, вучаніцы 7 класа СШ №2 Насця і Каця, матывуюць і сваіх равеснікаў на зберажэнне народных промыслаў. З гэтай мэтай дзяўчынкі правялі майстар-клас па роспісе яек для аднакласнікаў на ўроку беларускай мовы і літаратуры. А калі школьнікі самі папулярызуюць гэты від мастацтва, значыць, ёсць надзея, што беларускія традыцыі будуць жыць доўга.

Адзенне з «бабулінага куфэрка»

На занятках у аб'яднанні па інтарэсах «Скарбніца» ў раённым цэнтры культуры дзеці вучацца розным відам рукадзелля. Тут яны развіваюць  творчыя ўменні і навыкі, фантазію і ўяўленне, далучаюцца да працы. Захапленні прыносяць рабятам таксама настрой і асалоду.

Цяпер метадыст са сваімі падапечнымі карпеюць над стварэннем калекцыі адзення з натуральнага ільну. Сукенкі, фартухі, спадніцы, кашулі прыцягваюць увагу тым, што ўпрыгожаны шыкоўнымі малюнкамі ў нацыянальным беларускім стылі і аформлены этнічнымі арнаментамі. Такія ўбранні адрозніваюцца не толькі якасцю, арыгінальнасцю, але і глядзяцца вельмі элегантна.

Завершанасць вобразам надаюць прыгожыя аксесуары – вянкі з кветкамі з каляровай гафрыраванай паперы, дэкарыраваныя пацеркамі. Гэтае вытанчанае ўпрыгожванне – таксама справа рук юных майстрых і іх педагога.

– Плануем у найбліжэйшай будучыні арганізаваць дэфіле нашых работ, – расказвае Марыя Кісель. – Эксклюзіўнае ўбранне, зробленае сваімі рукамі, на маю думку, можа стаць яркім акцэнтам гарадскіх і раённых мерапрыемстваў.

Лялькі – для гульні і на шчасце

Стварэнне лялек з тканіны – гэта таксама наша традыцыя. З даўніх часоў яны выконвалі некалькі прызначэнняў: былі гульнявымі – дапамагалі дзіцяці спазнаваць навакольны свет, абярэгавымі – абаранялі хату ад хвароб, цёмных сіл, абрадавымі – выкарыстоўваліся пры правядзенні свят. Сёння яны таксама папулярныя. Марыя Уладзіміраўна з выхаванкамі робяць лялькі-сувеніры з тканіны і пачалі спасцігаць асновы вырабу траўніцы, якая напаўняецца рознай сухой лекавай травой, – яна, як і раней, служыць добрым сродкам для прафілактыкі і лячэння захворванняў і ароматэрапіі.

Педагог навучае дзяцей розным народным промыслам, тым самым зберагае, захоўвае і папулярызуе беларускія традыцыі. Спецыяліст займаецца аднаўленнем вясельных вяночкаў па фатаграфіях нашых продкаў. Збірае калекцыю ручнікоў, хустак, абрусаў, вышыванак і плануе ў далейшым арганізоўваць выставы, каб прыцягнуць увагу да мастацтва дарослае і маладое пакаленні Клеччыны.

Вуснамі дзяцей

Анастасія Кісель і Кацярына Пляшко, навучэнцы 7 класа другой гарадской школы:

– Мы з задавальненнем наведваем заняткі Марыі Уладзіміраўны ў аб'яднанні па інтарэсах «Скарбніца» ў РЦК. Дзякуючы настаўніцы ведаем аб традыцыях продкаў, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Жадаем быць іх прадаўжальнікамі. Нядаўні ўдзел у свяце-конкурсе «Велікодная пісанка» ў Стоўбцах падарыў нам шмат незабыўных уражанняў. На мерапрыемстве панавала цёплая атмасфера, было па-хатняму ўтульна. Мы мелі магчымасць не толькі паказаць свае ўменні, але і пераняць вопыт у іншых майстроў. З радасцю вернемся туды ў наступным годзе. У нашых сем'ях таксама прынята шанаваць традыцыі. Напрыклад, на Вялікдзень фарбуем яйкі і выпякаем кулічы, ходзім разам у царкву, каб прыняць удзел у Набажэнстве і асвяціць галоўныя атрыбуты Вялікага свята, на Радаўніцу ідзём на могілкі да памерлых сваіх сваякоў.

Уноска. На мінулым тыдні кляччанкі прынялі ўдзел у святочным мерапрыемстве «Велікодная Радасць». Анастасія выступіла ў канцэрнай праграме, а Кацярына паказала майстар-клас па роспісе велікодных яек. Дарэчы, фотазона, якая дзейнічала ў фае РЦК, таксама справа рук Марыі Кісель і яе юных выхаванак.

Ірына ЖДАНКО.

Фота Іны ФЕДАРЧУК і з архіва Марыі КІСЕЛЬ.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили