У дзень нараджэння беларускага класіка на малой радзіме Кузьмы Чорнага адбылося літаратурна-музычнае свята «Цімкавіцкія вытокі». Капыльшчына сустракала гасцей з усіх куткоў Мінскай вобласці. «ДНП» далучылася да творчага форуму і пабывала на галоўнай пляцоўцы разгарнуўшагася культурнага фэсту.
Музей Кузьмы Чорнага з’яўляецца адным з дзевяці філіялаў Дзяржаўнага музею гісторыі беларускай літаратуры. У 2022 годзе супрацоўнікі духоўнай скарбніцы пачалі ажыццяўляць праект па папулярызацыі літаратурнай спадчыны знакамітага земляка.
На імправізаванай плошчы майстроў працавалі не толькі творчыя выставы, але і інтэлектуальныя арт-аб’екты, праходзілі майстар-класы.
Па словах Алесі Кузняцовай, намесніка дырэктара па навуковай рабоце гісторыі беларускай літаратуры, у мінулым годзе яны звярнуліся да кіраўніцтва Капыльскага райвыканкама, каб арганізаваць літаратурнае свята, прысвечанае вядомаму сыну капыльскай зямлі. Імя Кузьмы Чорнага вядома за мяжой, аднак не так часта гучыць, як, напрыклад, прозвішчы Максіма Багдановіча, Пятруся Броўкі, Янкі Купалы ці Якуба Коласа. Таму і з’явіліся «Цімкавіцкія вытокі», якія ў гэтым годзе праходзяць у другі раз. Сёлета яно прайшло ў абноўленым фармаце.
– Па-першае, мы змянілі час правядзеяння мерапрыемства, – гаворыць Алеся Аляксандраўна. – Яно пачалося ў 16.00 і прадоўжылася амаль да дзевяці гадзін вечара (раней святочная пляцоўка працавала з 12.00). На наш погляд, гэта аптымальны час адпачынку, калі ўлічваць спякотнае надвор’е. Па-другое, павялічылі колькасць пляцовак для прэзентацыі кніжных выданняў маладых аўтараў, квэстаў, гульняў і іншай забаўляльна- пазнавальнай дзейнасці. Яны прысвечаны біяграфіі і творчасці К.Чорнага. Маленькіх гледачоў на гэты раз парадавалі пастаноўкамі, якія прадстаўлялі артысты тэатра юнага гледача, упрыгожваннем стала і выступленне народнага ансамбля «Свята».
Спачатку года музей аб’явіў конкурс сярод вучняў на лепшы твор выяўленчага мастацтва і паэзіі.19 пераможцаў былі узнагароджаны падарункамі ад музея гісторыіі беларускай літаратуры, абласнога прадстаўніцтва «Саюза пісьменнікаў Беларусі», Капыльскага райвыканкама. Як адзначае А.Кузняцова, радуе тое, што геаграфія ўдзельнікаў пашырылася. Як стала вядома, у свяце прынялі удзел не толькі капыляне і жыхары агр.Цімкавічы, але і прадстаўнікі з іншых рэгіёнаў Беларусі. Менавіта для гасцей была праведзена экскурсія, пасля якой усіх прысутных запрасілі на чайную цырымонію «Каля самавара Кузьмы Чорнага».
Гавораць сведкі свята
Таццяна Шашко, в.Лешня:
–На свяце прысутнічаю ўпершыню. У мінулым годзе не было магчымасці прыехаць на «Цімкавіцкія вытокі». Але знаёмая шмат пра іх расказвала. Таму, адклаўшы ўсе гаспадарчыя справы, прыехала сюды і не шкадую, бо адразу ўзняўся настрой. Чаго толькі стоіць паслухаць народны ансамль «Свята»! Не так часта сталічныя калектывы дораць нам прыемныя хвіліны сустрэчы з цудойнай беларускай народнай песняй. І, наогул, атмасфера добразычлівая, усе шчырыя, адкрытыя і размаўляюць паміж сабою, як даўнія знаёмыя.
Кацярына Кляшчукевіч, г.Слуцк:
–Другі год спецыяльна з мужам прыязджаем у Цімкавічы, каб сустрэцца са светам прыгажосці і духоўнасці. На гэты раз арганізатары здзівілі навінкамі. З’явілася выстава з дзіцячымі творамі мастацтва. Створана фотазона. Пашырылася колькасць гандлёвых кропак, арганізавана работа міні-кафэ. Гэта таксама добра, бо мерапрыемства запланавана амаль на пяць гадзін. Ад прадстаўленых вырабаў народных майстроў – драўляных, гліняных, ільяных шэдэўраў – проста вочы разбягаюцца! На наступны год абавязкова прывязу сюды сваіх сяброў. Пра такое не раскажаш, гэта трэба бачыць!
У тэму
У Цімкавічах прайшло дзяцінства і юнацтва будучага пісьменніка. Тут ён скончыў двухкласнае вучылішча, працаваў у аддзеле народнай асветы і вучыў дзяцей. Музей яго імя створаны ў 1962 годзе педагогамі і навучэнцамі ўстановы адукацыі. Спачатку ён лічыўся школьным, потым у 1993-ім яму быў нададзены статус дзяржаўнага. Новая экспазіцыя размешчана ў пяці залах і ўсебакова адлюстроўвае творчую асобу Кузьмы Чоргана – празаіка, публіцыста, драматурга, памфлетыста. У афармленні выкарыстаны малюнкі пісьменніка. Сярод экспанатаў – асабістыя рэчы класіка, фотаздымкі з сямейнага альбома, яго рукапісы і кнігі на розных мовах міру, радкі з дзённіка, а таксама ёсць магчымасць пачуць голас вядомага дзеяча беларускай літаратуры, які зафіксаваны на магнітнай ленце.
Алена КАРАЖАН.
Фота газеты «Беларусь сегодня».
Отправить комментарий