Сейчас загружается

На вуліцы Шолахава ў Клецку адбылося свята

 

На вуліцы Шолахава ў Клецку адбылося свята. Арганізатарам прыгожай дзеі – супрацоўнікам Клецкай раённай бібліятэкі – гасцінна адчынялі дзверы і распавядалі аб сваім жыцці ў чэрвені каля 20-ці сем’яў гараджан.

Клятчане шчыра расказвалі аб тым, як гадавалі дзетак, а цяпер бавяць час з унукамі, як добра ім тут жывецца і куды імкнуцца ў кожную вольную хвіліну, калі по волі лёсу знаходзяцца за сотні і тысячы кіламетраў.

Штогод у райцэнтры праводзяцца святы вуліц, і то ў адным куточку Клецка, то ў другім збіраюцца разам суседзі, каб вітаць адзін аднаго. Сёння нам сапраўды цяжка проста так спыніцца і пагутарыць аб набалелым, ці між іншым падзяліцца нейкай радасцю. Вось і атрымліваецца, што цураемся адзін аднаго і аддаляемся, нават калі з’яўляемся блізкімі суседзямі.

А свята вуліцы – гэта цудоўная нагода сцерці ўсе ўмоўныя межы, і хоць на гадзіну-другую прыпыніцца, перавесці дыханне, адпачыць, даведацца аб тым, якія змены за апошнія 10-15 гадоў адбыліся ў людзей, жывучых побач.

Менавіта гэта і чыталася на тварах кляччан 25 чэрвеня, калі арганізатары мерапрыемства распавядалі аб усіх, хто жыве на вуліцы Шолахава. Па сутнасці, жыццё кожнай асобнай сям’і нагадвае незавершаны летапіс, які штодня дапісваецца. Менавіта ў гэтым пераканаліся ў той дзень сем’і Шалоха,  Дрозд, Салодкіх, Печурэнка, Пыл, Бублікавых, Пінчук, Галіцкіх, Бандарык, Жукоўскіх, Плакса, Пятроўскіх, Кулеш. Аб іх і для іх гучала шмат добрых слоў, а таксама музычныя прывітанні ў выкананні Аляксея Лапаты і жаночага вакальнага калектыва "З песняю па жыцці" пад кіраўніцтвам Юрыя Эверта, Віктара Тарашчыка і Алега Матусевіча, Аляксея Майсейчыка і Васіля Паліводы, Вольгі Давідзюк і мужчынскага народнага ансамбля “Неруш”.

Па традыцыі, на такіх святочных мерапрыемствах адзначаюцца добраўпарадкаваныя сядзібы і захапленні гараджан. Так, у намінацыі "Прыгажосць выратуе свет" вылучаны быў двор Зоі Анатольеўны Плакса, за "Кветкавы цуд сваімі рукамі" – падворак Іны Іосіфаўны Кулеш.

Шмат сардэчных слоў прагучала ў адрас мясцовых кулінарак, якія арганізавалі да свята роднай вуліцы сапраўдную смачную выставу: Святланы Іванаўны Шалоха, Наталлі Георгіеўны Пінчук, Ірыны Юр’еўны Бублікавай, Зоі Анатольеўны Плакса, Таццяны Іванаўны Войцік, Наталлі Віктараўны Плакса.

Валянціна СЯНКЕВІЧ.

Фота з архіва раённай бібліятэкі.

 

Отправить комментарий

Возможно, пропустили