"Мілы сэрцу куточак зямлі". Пад такой назвай 23 ліпеня ладзілася свята аграгарадка Арэшніца, якое падрыхтавалі работнікі мясцовага СДК і артысты з раённага цэнтра культуры.
Кожны з жыхароў быў і словам, і песняй сагрэты. Першыя віншаванні адрасаваліся старажылам населенага пункта, якія шмат гадоў адпрацавалі ў розных сферах народнай гаспадаркі, служылі на карысць і дабрабыт малой радзімы і землякам. Самай старэйшай з іх – Веры Якаўлеўне Канановіч – у кастрычніку споўніцца 89 гадоў.
Не прамінулі сказаць шчырыя словы ўдзячнасці і тым, хто сёння спяшаецца на працу і робіць усё для таго, каб на стале аднавяскоўцаў быў заўсёды хлеб і да хлеба. Цёпла віталі і мнагадзетныя сем’і, якія выхоўваюць чацвёра сынкоў і дачушак. Самая маленькая з гэтай кагорты – Мія Матвеенка. Дзяўчынцы ў лістападзе споўніцца тры гады. Тыя, хто нарадзіўся ў ліпені, таксама атрымалі музычны падарунак.
Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. 29 франтавікоў не вярнуліся да роднага парога.
Напрыканцы свята падвялі вынікі конкурсу “Лепшая сядзіба”. Пераможцам – Мікалаю Міхаўлавічу і Вользе Іванаўне Жукоўскім – старшыня Грыцэвічскага сельскага Савета Іван Аляксандравіч Галубовіч уручыў каштоўны падарунак.
Цёплую, утульную атмасферу святочнай размовы дапаўняла выстава вышыванак Любові Якаўлеўны Каржак і Алены Уладзіміраўны Бондар, Аляксандр Міхайлавіч Груша прадставіў на суд землякоў новую калекцыю жывапісных палотнаў.
Кожны з прысутных вяртаўся дамоў з настроем, таму што арганізатары мерапрыемства сапраўды пастараліся.
Алена КАРАЖАН.
Фота з архіва Арэшніцкага СДК.
Отправить комментарий