Аматары народнай культуры са “Студэнцкага этнаграфічнага таварыства” гэтым летам арганізавалі экспедыцыю ў Клецкі раён. З 22 ліпеня па 13 жніўня студэнты, маладыя навукоўцы, валанцёры розных прафесій і ўзростаў наведвалі аграгарадкі і вёскі.
Падчас гутаркі з жыхарамі яны збіралі інфармацыю пра мясцовы фальклор, шукалі рэчы, якія б маглі дапоўніць музейную калекцыю і расказаць гісторыю нашага краю.
– Клеччына зацікавіла нас тым, што тут можна было сабраць матэрыял аб народных абрадах, святах, традыцыйным касцюме, тэкстылі, рамёствах, – паведаміў адзін з кіраўнікоў “Студэнцкага этнаграфічнага таварыства” Аляксей Глушко. – Таксама тут прысутнічае традыцыя народнага мастацтва ў выглядзе розных дэкаратыўных тэхнік – роспіс на шкле, разьба па дрэве, выцінанка. Узяць маляваныя дываны – людзі рабілі не толькі функцыянальныя, але і прыгожыя рэчы.
Сярод тых, хто прыехаў вывучыць гэты пласт культуры, было многа ўраджэнцаў Клецкага раёна.
Маршрут экспедыцыі этнографы распрацавалі так, каб патрапіць ва ўсе мясцовыя населеныя пункты.
– Папярэдне даведаліся, якія майстры, мастакі ці спевакі жывуць у рэгіёне, – працягвае А.Глушко. – На аснове гэтай інфармацыі потым працавалі. Штодня група з трох чалавек павінна была пабываць у некалькіх вёсках. Заходзілі па ўжо знаёмых адрасах. Часам нам на месцы падказвалі цікавых суразмоўцаў.
Па словах Аляксея, часцей за ўсё гэта людзі сталага ўзросту:
– Яны памятаюць пра ранейшае жыццё. На жаль, іх становіцца ўсё менш, а кожнае наступнае пакаленне захоўвае толькі 20 адсоткаў ад той інфармацыі, якую ведалі іх продкі. Астатнія 80% губляюцца незваротна, калі яны не зафіксаваны.
Па выніках экспедыцыі ў этнографаў атрымалася запісаць тэксты вясельных, жніўных і бяседных песень. Нашы землякі расказалі пра мясцовыя легенды, абрады абыходу двароў на Шчадрэц і Вялікдзень.
Сябры «Студэнцкага этнаграфічнага таварыста», наведваючы вёскі Клецкага раёна, сабралі багатую інфармацыю пра традыцыйны тэкстыль. Сфатаграфавалі тканыя вырабы – ручнікі, посцілкі. Ім трапляліся прадметы народнага касцюма ці яго элементы. Спецыялісты збіраюцца іх рэканструяваць.
– “СЭТ” займаецца навучаннем моладзі традыцыйным рамёствам, і тэма народнага касцюма - адна з самых папулярных, – каменціруе Аляксей Глушко. – Ёсць запатрабаванасць мець адзенне той мясцовасці, адкуль у чалавека карані.
Зробленыя гэтым летам на Клеччыне адкрыцці дапоўняць электронны архіў “Студэнцкага этнаграфічнага таварыства”, дзе захоўваюцца матэрыялы, сабраныя папярэднімі пакаленнямі даследчыкаў.
– Мы выкарыстоўваем іх для публікацыі зборнікаў песень, – зазначыў Аляксей. – Архівам па запыце маюць права карыстацца навукоўцы.
Копіі ўсіх дакументаў з даследаваннямі “СЭТ” пакідае ў раёне. Таму, можна сказаць, мы працуем у інтарэсах кляччан. Для нас самае важнае, каб культура перадавалася наступнаму пакаленню, узнаўляліся абрады, каб фальклорныя калектывы маглі выкарыстоўваць у сваім рэпертуары песні, якія даўней спявалі ў вашым краі.
Некалькі гадоў назад прадстаўнікі “Студэнцкага этнаграфічнага таварыства” былі з трохдзённай экспедыцыяй на Клеччыне. Тады яны наведалі каля васьмі вёсак.
Зараз атрымалася сабрацца ў больш працяглую вандроўку.
Госці вельмі ўдзячныя аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, а таксама персанальна дырэктару РЦК Ірыне Мінец.
– Атрымалі поўнае садзеянне з боку мясцовых уладаў, – задаволены супрацоўніцтвам А.Глушко. – Нам дапамаглі з размяшчэннем, любыя нашы гаспадарчыя патрэбы задавальняліся. Аддзячым гаспадароў сабранымі матэрыяламі.
Удзельнік экспедыцыі Аляксей Піскун фатаграфаваў і здымаў відэа:
– З фальклора мяне, перш за ўсё, цікавяць песні. Многае з таго, што сустракаеш падчас такіх паездак, натхняе. Пазнаёміліся з народнай майстрыхай, якая пераняла тэхніку набівання дываноў у сваёй суседкі. Цяпер сама так робіць, шукае свой стыль.
Пенсіянер Мікалай першы раз у Клецкім раёне:
– Шмат чаго ведаю сам, і шмат аб чым хацелася б пачуць. Мне цікава пазнаваць нешта новае, знаёміцца з захавальнікамі традыцый народнай культуры.
Ганна Селівончык, продкі якой жылі ў вёсцы Старына Клецкага раёна, наведала наш край, каб вывучыць мясцовыя спевы, танцы, асаблівасці народнага касцюма:
– Гэты рэгіён успрымаю з асаблівай цеплынёй, таму што адсюль мае дзяды. Гэта ў першую чаргу. Але Клеччына і сама па сабе вельмі адметная сваімі тэкстыльнымі тэхнікамі. Хацелася паглядзець на ўсё гэта зблізу. Марыла пачуць мясцовыя спевы, але з імі крыху складана. Зараз гэты пласт культуры адышоў. У экспедыцыі мне проста падабаецца размаўляць з людзьмі пра даўнейшае жыццё: як яны адзначалі святы, як быў пабудаваны побыт. З гэтай інфармацыі, як пазл, патрошку збіраецца карціна мінулага.
Культуролаг Ганна вучыцца ў магістратуры БДУ. Яе цікавілі танцы нашай мясцовасці і тое, як раней моладзь бавіла час:
– Гэта сапраўдны цуд, калі ў экспедыцыі нечакана знаходзіш нейкія скарбы, якія бабулі хавалі на працягу дзясяткаў гадоў. Часта родныя не разумеюць, якія каштоўныя рэчы продкаў захоўваюць. Яны думаюць: “Мне гэта не патрэбна, можна выкінуць”.
Этнолагі не раяць гэтага рабіць:
– Лепш занесці гэтыя ўнікальныя і непаўторныя рэчы ў мясцовы музей.
На іх думку, існуе праблема глабальнай недаацэненасці народнай культуры.
Госці лічаць, што “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства”, НАН і раённыя ўлады маглі б сумесна зрабіць выданне поўнага збору клецкага фальклору.
Юрый МЫСЛІЦКІ.
Фота “Студэнцкага этнаграфічнага таварыства”.
Отправить комментарий