Сейчас загружается

У Клецку адзначылі юбілейны XXX Дзень беларускага пісьменства

 

У малой зале раённага цэнтра культуры сабраліся людзі, неабыякавыя да сваёй гісторыі, культуры і роднага слова.

Адкрыў свята і павіншаваў усіх прысутных мясцовы пісьменнік, ветэран працы Аляксандр Жукоўскі.

Падчас мерапрыемства запрошаныя прадстаўнікі розных канфесій падзяліліся цікавымі гістарычнымі звесткамі. Алі Варановіч, муфцій Рэспубліканскага рэлігійнага аб’яднання «Духоўнае ўпраўленне мусульман у Рэспубліцы Беларусь», расказаў пра з’яўленне татараў у Беларусі, іх унікальную пісьменнасць на беларускай мове арабскімі літарамі. Благачынны Клецкай царкоўнай акругі іерэй Генадзь Белавус паведаміў пра рэлігійна-асветніцкую дзейнасць Ефрасінні Полацкай, як раней перапісваліся і распаўсюджваліся кнігі.

Ганна Байрашэўская, навуковы супрацоўнік музея гісторыі Клеччыны, падзялілася з прысутнымі інфармацыяй пра клецкіх яўрэяў: першае ўзгадванне габрэйскай супольнасці, чым займаліся, масавае іх знішчэнне.

Сапраўдную асалоду атрымалі ўсе гледачы, калі слухалі пранікнёныя вершы мясцовых паэтаў і члена Мінскага народнага клуба «Жывіца» Івана Бобкі. Свае творы з задавальненнем, натхнёна прачыталі Аляксандр Жукоўскі, Юрый Эверт, Віктар Худавец, Вольга Лабажэвіч, Святлана Тамбулатава і Сяргей Лескавец. Прыемна было слухаць паэтычныя радкі зямлячкі Таццяны Цвірко, якія з радасцю прадэкламавалі вучні гарадской гімназіі.

Музычныя віншаванні дарылі жаночы вакальны калектыў «З песняй па жыцці» пад кіраўніцтвам Юрыя Эверта, паэт-песеннік Аляксей Лапата і самадзейныя артысты Вера Сінякова і Вікторыя Зотава.

Шчырыя вершы і песні стваралі атмасферу цеплыні і добразычлівасці. Гучныя апладысменты, словы падзякі пацвярджалі, што свята атрымалася змястоўным і душэўным.

Ірына ЖДАНКО.

Фота аўтара.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили