1-га лістапада каталікі ўсяго свету адзначаюць урачыстасць Усіх Святых.
У гэты дзень Касцёл успамінае ўсіх тых, хто выконваў у сваім жыцці Божую волю і атрымаў за гэта ўзнагароду жыцця вечнага ў Небе. Гаворка не толькі аб прызнаных святых (беатыфікаваных і кананізаваных), якіх мы ведаем, але і аб усіх памерлых верніках, якія ўжо дасягнулі збаўлення (знаходзяцца ў Небе). Таму ў гэты дзень праслаўляем усіх святых узнесеных Панам у Неба. Іх поўны спіс вядомы толькі Усемагутнаму Богу.
Гэтая ўрачыстасць павінна пабуджаць чалавека да разважання, як патрэбна імкнуцца да святасці. Кожны, хто праз сакрамэнт святога хросту стаў дзіцём Пана Бога, запрошаны рэалізаваць у жыцці Яго словы: «Асвячайце сябе і будзьце святымі, бо Я святы, Пан, Бог ваш!» (Лев 20, 7). Дасягнуць святасці можа кожны, трэба толькі браць прыклад з Езуса Хрыста і жыць так, як Ён вучыў, кіруючыся любоўю, супакоем, прабачэннем.
А 2-га лістапада мы адзначаем дзень, калі Касцёл ва ўсім свеце скіроўвае сваю малітву за ўсіх памерлых вернікаў. Пра неабходнасць маліцца за памерлых гаворыцца ў Святым Пісанні, і да гэтага заклікае нас Езус Хрыстус.
Традыцыйна ў гэтыя дні людзі наведваюць могілкі, дзе пахаваны іх блізкія і знаёмыя. Менавіта там, на могілках, без лішніх узнёслых слоў, мудрых прамоў мы выказваем сваю простую ўдзячнасць усім тым, каго ўжо няма побач з намі. Дзякуем ім за ўсё дабро, што нам перадалі; вартасці, якія абаранялі з вялікай адданасцю; веру, якую сцераглі; любоў, якой былі верныя; надзею, якую не згубілі.
Засяроджваемся таксама і на сваім жыцці, усведамляем праўду аб смерці. Менавіта на могілках разумеем, што павінны клапаціцца пра сваю несмяротную душу, якая мае патрэбу ў пастаянным доглядзе.
Тое, што мы можам даць памерлым – гэта малітва. Менавіта яна з’яўляецца ўдзячнасцю за любоў нашых блізкіх і за ўсё добрае, што яны ўчынілі тут, на зямлі. Згодна з традыцыяй, каталіцкія вернікі збіраюцца на набажэнствы (малітву) на могілках, якую ўзначальвае святар. Там запальваюць свечкі – сімвал Уваскрослага Хрыста, а на заканчэнне асвячаюцца могілкі і новыя помнікі.
Таксама існуе традыцыя, калі людзі падаюць спісы з прозвішчамі і імёнамі памерлых блізкіх і сяброў, якія зачытваюцца перад набажэнствамі ў кожнай парафіі ў касцёле, заклікаючы да Божай Міласэрнасці. Гэты спіс імёнаў у нашай парафіі будзе зачытвацца на працягу ўсяго лістапада.
У бліжэйшыя дні будуць асвячацца святаром наступныя могілкі: 28 кастрычніка – у вёсках Арда (10.00), Якшыцы (10.40), Шчэпічы (11.20), Кухчыцы (12.00); 29 кастрычніка – старыя могілкі ў г.Клецку ў 13.10; 1 лістапада – у в.Нагорнае (12.00) і ў Кунцаўшчыне (13.40); 4 лістапада – у Заастравеччы (Дубніках) – 12.00; новыя могілкі ў г.Клецку – 5 лістапада ў 13.10.
Ксёндз Канстанцін Цыбульскі, пробашч рымска-каталіцкай парафіі Святой Тройцы ў г.Клецку.
Отправить комментарий