Сейчас загружается

Марачанскі строй занесены ў віртуальную энцыклапедыю беларускага народнага адзення

 

На ютуб-канале "Tradycyja" адбылася прэм'ера відэароліка "Марачанскі строй". У новым выпуску каманда першай віртуальнай энцыклапедыі беларускіх народных строяў падрыхтавала міні-фільм пра камплекты адзення канца XIX - сярэдзіны XX стагоддзяў, якія рабілі марачанак самымі прыкметнымі жанчынамі рэгіёну.

Дзявочы, вясельны і жаночы строі "пеўчага краю" некалькі гадоў назад былі рэканструяваны кляччанкамі Вольгай Пілецкай і Галінай Яраш па старых фотаздымках. Цяпер тыя чорна-белыя фота "ажылі" яшчэ і ў відэа. Газета "Да новых перамог" пагутарыла з адной з аўтарак праекта "ТРАДЫЦЫЙНЫ СТРОЙ".       

Як і калі з'явіўся праект "Традыцыйны строй"

- Ідэя падрыхтаваць грунтоўную віртуальную энцыклапедыю беларускіх строяў узнікла ў 2019 годзе, - гаворыць субяседніца Нэля. - Спачатку гэта была супольная ініцыятыва праекта "Tradycyja" і навукоўцы Марыі Мікалаеўны Віннікавай, якая заведуе калекцыяй Музея старажытнай беларускай культуры. Свой праект мы задумвалі рэалізаваць толькі на аснове матэрыялаў Акадэміі навук. Але з часам зразумелі, што багатымі крыніцамі па тэме народных строяў з'яўляюцца рэгіянальныя музеі, сельскія дамы культуры і вяскоўцы.

Чым займаецца ініцыятыва "Tradycyja"

- Мы не проста здымаем прыгожыя відэа, дзе дзяўчыны і хлопцы дэманструюць аддзенне. Наша задача - расказаць маладому пакаленню беларусаў, як даўней апраналіся жыхары розных регіёнаў нашай краіны, паказаць, наколькі адрозніваюцца строі нават суседніх краёў.

Першыя выпускі відэаэнцыклапедыі былі прысвечаны Маларыцкаму і Дамачаўскаму строям. Са сваімі вандроўкамі пабывалі ў розных вобласцях Беларусі. Зрабілі целы "круг" па рэспубліцы, а затым зноў вярнуліся на Берасцейшчыну - у Ганцавіцкі раён. Там заехалі ў вёскі Хатынічы, Раздзялавічы, добра вядомыя ў этнаграфічнай прасторы.

Як віртуальная энцыклапедыя беларускіх строяў зацікавілася марачанскім строем

- З Ганцаўшчыны недалёка да Клеччыны. Адразу відавочна сувязь строяў названых мясцін. Паміж гэтымі раёнамі нават узнікаюць спрэчкі, жыхарам менавіта якога з іх належыць аўтарства той ці іншай дэталі, якая паўтараецца ў традыцыйным адзенні ганцавічан і кляччан.

Ініцыятыва "Традыцыйны строй" вырашыла зрабіць свой вывад. Для гэтага патрэбна было пазнаёміцца з Клецкім раёнам. Папярэдне пашукалі мясцовых этнографаў. Першай на думку прыйшла Вольга Пілецкая. Доўгі час назіралі ў інтэрнэце за яе прыгожымі дыванкамі, відзікамі. Ведалі і пра яе праекты па аднаўленню народнага адзення. Падрыхтаваць выпуск пра марачанскі строй з яе дапамогай было дастаткова проста.

Думаю, што гэта толькі першы наш крок да Клецкага раёна. Яшчэ абавязкова вернемся да вас з экспедыцыяй.



На Купалье в Александрии клетчане показали восстановленный народный костюм жительниц Морочи


Ці адрозніваецца марачанскі строй ад іншых

- Канешне, марачанскі строй адрозніваецца ад строяў другіх мясцовасцей. Цікава было праназіраць трансфармацыю адзення вашых зямлячак у часе. У позніх варыянтах строя мы ўбачылі модныя гарадскія павевы. Жанчыны стваралі свой гардэроб у межах магчымасцей. Бралі і шылі блузу ці спадніцу з таго, што было, але ў іх атрымоўваліся сапраўды яскравыя вобразы.

Вельмі добра, што Вольга Пілецкая разам з адзеннем аднавіла яшчэ і колішнюю дзявочую прычоску. Не кожны раз, калі рыхтуем новы выпуск для віртуальнай энцыклапедыі беларускіх строяў, можам знайсці інфармацыю аб тым, як выглядалі прычоскі дзяўчат і жанчын канкрэтнага регіёна.

Як рыхтуюцца новыя выпускі праекта "Традыцыйны строй"

- Мы - не камерцыйны праект. Рыхтуем новыя выпускі віртуальнай энцыклапедыі з дапамогай сяброў нашай ініцыятывы, сярод якіх у тым ліку ёсць і прафесійныя аператары. Калі знаходім вольны час, збіраем камеры і едзем здымаць. Людей, якія маглі б дэманстраваць строі, мы спачатку планавалі шукаць сярод жыхароў той мясціны, дзе бытавала адзенне аб  якім мы робім фільм. Рэалізаваць задумку не атрымалася. Мы здымаем у Мінску. А хутка знайсці падыходзячую дзяўчыны з Морачы, Дамачава, ці яшчэ адкуль, нялёгка.

Строі мы атрымліваем у адным экземпляры. Выбіраем мадэль, якой не толькі падыдзе адзенне па памеры, але тую дзяўчыну, якой строй будзе пасаваць па тыпажу. Спачатку пачынаем перабіраць у галаве кандыдатак са сваіх знаёмых. Калі ніхто не знаходзіцца, тады проста пішам аб’яўку ў Instagram.  Адгукаюцца вельмі шмат дзяўчын за лічаныя хвіліны.

Былі такія моманты, калі запрошаная мадэль не ведала, як сябе паводзіць у кадры. Але на камеру не трэба нешта незразумелае паказваць, дэманстраваць акторскае майстэрства. Дастаткова арганічна адчуваць сябе ў вобразе. Многія, хто паўдзельнічаў у здымках, дзяліліся ўражаннем, што адчулі сябе чалавекам таго часу, адкуль да нас дайшлі аўтэнтычныя рэчы. Унутранае пераўвасабленне, безумоўна, прысутнічае. Гэта вельмі класнае пачуццё.

Каб пашырыць аўдыторыю людзей, якім мы хочам расказаць аб Беларусі і яе строях, рабілі некалькі выпускаў на беларускай і ангельскай мове. На YouTube заўжды дадаём субтытры на ангельскай.  Ужо зараз перакладаем сайт Tradycyja.com на замежную мову.

Адначасова рыхтуем другую частку друкаванага каталога, у якім абавязкова знойдзецца месца для матэрыялаў пра строй з Морачы. Першая частка каталога ўжо пабачыла свет.

Чаму варта працягваць працу па зберажэнні традыцый

- Сустрэла ў адной кнізе словы: "Мы не можам вярнуцца ў мінулае, але мы можам захаваць яго ў сабе". Гэта дасягаецца збіраннем строяў, паказваннем іх, аднаўленнем традыцый. Вартасць гэтага, яна безумоўная. Гэта тое, на чым трымаецца культура, менталітэт і, як бы гучна не было, але і будучыня. Такіх людей як Вольга Пілецкая, я не магу сказаць, што шмат. Шмат людей кажуць, што яны займаюцца этнаграфіяй. Але, адна справа збіраць аўтэнтычныя рэчы. А другое, зрабіць так, каб людзі іх бачылі. У Вольгі гэта атрымоўваецца.  Магу па ўласным вопыце сказаць, што не ў кожным раёне ёсць такія творчыя асобы.

Вам вельмі пашансіла не толькі з Воляй, але і з Галінай Яраш, якая многае зрабіла, как аднавіць марачанскі строй. А таксама пашансіла з мясцовымі людзьмі, якія захавалі рэчы сваіх продкаў. Бачна вялікая розніца паміж Віцебшчынай, Гарадзейшчынай, і калі прыязджаеш на Палессе, дзе яшчэ жывуць беларускія традыцыі.



Культурніцкая кампанiя «Традыцыя» займаецца развіццём, папулярызацыяй беларускай традыцыйнай культуры і пашырэннем ведаў пра яе.

Мэта ініцыятывы — распаўсюджванне традыцыйнай культуры, узмацненне цікаўнасці да яе сярод беларусаў па ўсім свеце і захаванне культурнай спадчыны.

"Традыцыя" займаецца выпускам дыскаў, выданнем кніг, арганізацыяй канцэртаў і фестываляў з удзелам аўтэнтычных творцаў, правядзеннем майстар-класаў, спеўных і танцавальных сходаў, этнаграфічных экспедыцый.

Падтрымлівае спевакоў і аўтэнтычныя беларускія гурты. За час існавання кампанii было арганізавана больш за 200 імпрэз, майстар-класаў і трэнінгаў і некалькі фестываляў, выдадзена 8 дыскаў з беларускай традыцыйнай музыкай, два спеўнікі беларускіх народных песень, метадычны дапаможнік па выхаванні дзяцей у беларускай традыцыйнай культуры.

У дадзены момант кампанія працуе над:

– відэаролікамі пра беларускія абрады і традыцыі “Кола беларускіх абрадаў”;

– укладаннем нотных спеўнікаў для самастойнага вывучэння песень і спеваў;

–  відэаэнцыклапедыяй “Традыцыйны строй” беларускіх нацыянальных касцюмаў;

– выданнем папяровага каталога “Традыцыйны строй”;

– выданнем музычных альбомаў аўтэнтычных беларускіх калектываў на  папулярных музычных інтэрнэт-пляцоўках.



Юрый МЫСЛІЦКІ.

Фота - праекта "Традыцыйны строй".

Отправить комментарий

Возможно, пропустили