Сейчас загружается

“Вучаць шанаваць роднае”. У Зубкаўскім дзіцячым садзе стварылі этнічны міні-музей

 

Адным з важных напрамкаў дзейнасці педагагічнага калектыву Зубкаўскага дзіцячага сада з’яўляецца захоўванне беларускай народнай культуры і традыцый. Выхавальнік Яна Дорына расказала, як яны далучаюць дзецяй да захавання нацыянальнай спадчыны.

Яна Іванаўна паведаміла, што выхаванне дашкольнікаў накіравана на фарміраванне у іх ўяўленняў аб побыце, культурных традыцыях беларускага народа. Дапамагае ў гэтым этнічны міні-музей «Скарбонка гісторыі», куды рабяты наведваюцца з вялікім задавальненнем. У  адноўленай вясковай хаце юныя землякі маюць магчымасць не толькі даведацца, як жылі іх прадзеды, чым займаліся, але і могуць дакрануцца да сапраўдных рэчаў даўніны, якімі карысталіся продкі, паразглядаць і нават пагуляць з імі падчас заняткаў.

У музеі прадстаўлена186 незвычайных прадметаў. Яны складаюць некалькі тэматычных раздзелаў. Кожны адкрывае сваю старонку з летапісу мінулага. Яна Іванаўна пазнаёміла з яго таямніцамі.

Спачатку трапляеш у «Куток гаспадара», дзе бачыш прылады працы: лапату, вугольнік, рубанак, пілу, начоўкі, страхоўку. Далей ідзе «Жаночы кут». Тут знаходзіцца печ – галоўнае месца гаспадыні, ад якога яна амаль што не адыходзіла, паколькі трэба было ўвесь час падтрымліваць агонь. Над печчу вісіць жэрдка для сушкі адзення.

Побач – люлька і хадункі, бо дзіця павінна было заўсёды быць ў цяпле і на вачах матулі. Непадалёк размясціліся паліца з посудам, маслобойка, прасніца. Па дыяганалі ад «Жаночага кута» абавязкова афармляўся «Чырвоны кут». Ён уключаў абраз з ручніком, лампаду, свечкі, малітвеннік і два збожжавыя снапы, як сімвалы добрага ўраджаю. На покуці стаяла дзяжа, дзе замешвалі хлеб. Ёй надавалі вялікае значэнне, нікому не перадавалі і ніколі не выкідвалі, каб захаваць сваё багацце. Маецца ў хатцы даўнейшая мэбля (куфэрак, лавы, ложак, шафа, стол), і адзенне (шапка-вушанка, хустка, фартухі).

Нельга не звярнуць увагу на выставу ручнікоў, якія суправаджалі чалавека ад нараджэння да смерці. У калекцыі прадстаўлены розныя іх віды: бытавыя, святочныя, вясельные, паграбальныя.

Экспазіцыі рэгулярна папаўняюцца новымі прадметамі, дзякуючы намаганням супрацоўнікаў Зубкаўскага дзіцячага сада. Геаграфія экспанатаў шырокая. Акрамя рэчаў мясцовых жыхароў і з суседніх вёсак, шмат чаго прывезена з Палесся, Нясвіжскага, Ганцавіцкага,  Капыльскага раёнаў.

– Кожны экспанат мае сваю каштоўнасць, – адзначыла Я.Дорына. – Але вырабы, што ткалі нашы бабулі з ільну пад лучынай доўгімі зімовымі вечарамі, лічу найбольш значнымі, бо яны даліся цяжкай працай і перадаюць душу чалавека.

Асаблівае месца ў музеі адведзена лялькам-абярэгам, якія дапамагалі іх ўладальнікам ўсё жыццё. Выхаванцы не проста разглядаюць ляльку, але і знаёмяцца з яе асаблівасцямі і прызначэннем, даведваюцца пра падзею, да якой яна вырабляліся.

– Напрыклад, калі нараджалася дзіця, бацька рабіў «Куватку», каб засцерагчы маці і немаўля ад нечысці, – тлумачыць суразмоўца. – На вяселле маладым дарылі «Неразлучнікаў», якія аберагалі ад сурокаў і забіралі ўсё дрэннае і нядобрае на сябе. У дарозе суправаджала «Падарожніца», пры ёй знаходзіўся вузельчык са збожжам і нітачкай, каб чалавек не ведаў голаду і заўсёды знайшоў дарогу дадому. «Траўніца» напаўнялася лячэбнымі травамі, напой з іх дапамагаў хутчэй акрыяць пры хваробе. Калі сабіралі ўраджай, гаспадыня рыхтавала «Крупенічку» як сімвал багацця і працавітасці.

Садкоўцы любяць гуляць з гэтымі лялькамі. Нават паспрабавалі самі зрабіць адну з іх – «Адарунак на падарунак». Нашы продкі верылі, што дзіця, якое без дапамогі змагло вырабіць ляльку, то станавілася самастойным, і яму даручалі нескладаныя хатнія справы, дазвалялі садзіцца за агульны стол з дарослымі.

Дашкаляты падарылі свае першыя лялькі бацькам, як было раней, чым выказалі ўдзячнасць за клопат пра іх.

Трэба адзначыць, што калекцыю лялек стварыла сваімі рукамі сама Яна Дорына.

На гульнях-занятках у музеі дзеці не толькі знаёмяцца з прадметамі побыту продкаў, але і вучацца імі карыстацца, атрымліваюць практычныя навыкі і ўяўленні аб хатняй працы. На наглядных прыкладах яны суадносяць і параўноўваюць сучаснае і былое. З асаблівай цікавасцю гладзілі качалкай бялізну, пілі гарбату з самавара, апраналі ляльку.

На працягу года рабят знаёмяць з такімі фальклорнымі святамі, як  Каляды, Гуканне вясны, Масленіца, Вялікдзень, Купалле, Дажынкі. Яны з ахвотай удзельнічаюць у тэматычных гульнёва-тэатралізаваных праграмах. Далучэнне малых да звычаяў і абрадаў спрыяе фарміраванню ў іх нацыянальнай самасвядомасці.

Выхавацелі Зубкаўскага дзіцячага сада распрацавалі яшчэ і інтэрактыўныя гульні ў электронным варыянце, дзе юныя землякі таксама вывучаюць гісторыю і традыцыі, культуру і звычаі, прамысловасць Беларусі.

У планах педагогаў папоўніць экспазіцыі музея новымі экспанатамі, асабліва вырабамі з саломы, лазы, каб хлопчыкі і дзяўчынкі мелі ўяўленне пра беларускія народныя рамёствы.

– Кожны экспанат – наша спадчына. Важна, каб дзеці ведалі свае карані, цанілі і зберагалі тое, што засталося ад продкаў. Музей дае ім магчымасць не проста вывучаюць гісторыю народа, але і ў жывую дакрануцца да яе, – сказала Яна Дорына.

Ірына ЖДАНКО.

Фото Юрыя МЫCЛІЦКАГА. 

Отправить комментарий

Возможно, пропустили