Сейчас загружается

Літаратурна-музычны фестываль “ВОСЕНЬ У ЗАВОССІ” чакае гасцей

21 верасня 2024 г. з 12:00 да 16:00 у філіяле “Музей-сядзіба Міцкевічаў “Завоссе” пройдзе традыцыйны літаратурна-музычны фестываль “Восень у Завоссі”. Мерапрыемства ладзіцца сумесна з Баранавіцкім раённым выканаўчым камітэтам пры ўдзеле ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.

Завоссе – месца, вядомае не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Тут нарадзіўся славуты паэт Адам Міцкевіч (1798 – 1855 гг.). Сядзіба Міцкевічаў была адноўлена ў 1998 годзе. Сёння тут месціцца музейны комплекс. У залах музея-сядзібы разгорнута літаратурна-дакументальная экспазіцыя Вяртанне пана Тадэвуша. Яна распавядае пра гісторыю фальварка ў Завоссі, дэманструе адноўленыя інтэр'еры старой сядзібы і малюе вобразы яго жыхароў.

Традыцыйнае свята “Восень у Завоссі” з яго адметнай атмасферай, шчырасцю і ўтульнасцю даўно палюбілася не толькі прыхільнікам паэтычнага таленту Адама Міцкевіча, але і ўсім беларусам, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю, шануе сваю культуру.

Як заўжды, на свята рыхтуецца насычаная праграма. Гасцей фэсту чакаюць экскурсіі па сядзібе, канцэртная праграма, выступленні літаратараў, інтэрактыўныя пляцоўкі, выставы, квэсты, гульні, майстар-класы, фотазоны.

  • Прагучыць канцэртная праграма ў выкананні музыказнаўцы Святлены Немагай, салісткі Белдзяржфілармоніі, лаўрэата міжнародных конкурсаў Галіны Сакольнік і лаўрэата міжнароднага конкурса Таісіі Халамавай.
  • Госці свята змогуць насалодзіцца музычнай рэтраспектывай да эпохі барока ў выкананні капэлы Алеся Лася.
  • Цікавосткі пра героя свята можна будзе даведацца з лекцыі даследчыка-архівіста Змітра Юркевіча.
  • Госці пачуюць студэнцкі фальклор эпохі Адама Міцкевіча ў выкананні паэта, перакладчыка Аляксея Жбанава.
  • На свяце будзе прадстаўлена гістарычная анімацыя на XVI-XVII ст.ст. і сярэднявечныя забавы ад рэканструктараў.
  • Вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі НАН Беларусі Ігар Бабкоў правядзе сустрэчу на тэму: “Міцкевіч як апокрыф: нечаканае падарожжа”.
  • Прагучаць жніўныя і вясельныя песні ў выкананні спявачак Студэнцкага этнаграфічнага таварыства.
  • Анастасія Балыш ласкава запросіць дарослых і дзяцей паўдзельнічаць у майстар-класе па сілуэтным выразанні профіля Адама Міцкевіча.
  • Спецыяльныя музычныя госці – народны фальклорны ансамбль “Сарматы” (БДУ) і Ілья Шынкарэнка.

Будуць працаваць кропкі харчавання і рамесніцкі кірмаш.

Падрабязная праграма свята з’явіцца на сайце www.bellitmuseum.by, а таксама ў сацсетках Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

Уваход вольны!

Наш адрас: Брэсцкая вобласць, Баранавіцкі раён, в.Завоссе.

Тэл. для даведак: +375 (17) 363 56 21, +375 (17) 363 94 65.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили