Сейчас загружается

Эх, дарогі…

Жыццё чалавека немагчыма ўявіць без дарогі. Пешшу ці на машыне яму даводзіцца пераадольваць сотні тысяч кіламетраў шляху. Але тыя, хто ездзіць па дарогах, якія абслугоўвае філіял КУП «Мінскаблдарбуд» – «ДРБУ № 212», напэўна, робяць гэта з задавальненнем, таму што на ўсіх кіламетрах дарожных артэрый падтрымліваецца парадак і забяспечваецца належны рух.  У рамках распрацаванай да 2015 года рэспубліканскай праграмы «Дарогі Беларусі» дарожнай арганізацыяй былі прадугледжаны сур’ёзныя меры, накіраваныя на паляпшэнне агульнага стану дарожнай сеткі. Вопыту прафесіяналам дарожнага будаўніцтва не займаць. Яшчэ зусім нядаўна немагчыма было застаць на рабочым месцы ў поўным саставе калектыў інжынерна-тэхнічных работнікаў філіяла. Эканамісты, бухгалтары, інжынеры ў саставе створаных чатырох брыгад дапамагалі рабочым рыхтаваць дарогі да эксплуатацыі ў летні перыяд. Яны фарбавалі сігнальныя слупкі, павільёны, масты, знакі, стойкі пад іх, рабілі новыя разметкі на дарогах, добраўпарадкавалі прыдарожныя палосы. Асабліва непа­кояць дарожнікаў праблемы са смеццем: сёння сабралі, а заўтра, на тым жа месцы, яно зноў ляжыць. За вялікія сродкі, якія дарожнікі проста выкідаюць на вецер, збіраючы смецце, можна было б зрабіць намнога больш, і ў першую чаргу, для бяспекі тых жа ўдзельнікаў руху.

Калі казаць аб рабоце дарожнікаў коратка,  то гэта – утрыманне і  бягучы рамонт артэрый у залежнасці ад пары года. Уся працоўная дзейнасць калектыву падпарадкавана адной задачы – забяспечыць бесперашкодны рух па дарогах рэспубліканскага і мясцовага значэння. І калектыў з ёю паспяхова спраўляецца.

– Зазначу, што зіма прайшла без істотных заўваг, – гаворыць  начальнік планава-вытворчага аддзела філіяла Лідзія Іванаўна Сандрозд. – У любы дзень тыдня і ў любы час сутак неадкладна паднімаліся людзі і тэхніка, і дарогі расчышчаліся. Усе паказчыкі, прадугледжаныя праграмай адраджэння і развіцця вёскі, за першы квартал гэтага года выкананы. За тры месяцы аб’ём работ склаў 1 млрд. 251 млн.руб.  Дасягнутая грашовая сума асвоена на ўтрыманні дарог у зімовы перыяд і на выкананні прамых дагавораў. Дакладныя фінансавыя сродкі – 442,2 млн.руб. – пакладзены ў скарбонку філіяла на будаўніцтве 10 аднакватэрных жылых дамоў у вёсцы Шчэпічы, 2 з якіх ужо ўведзены ў эксплуатацыю ў сакавіку, а яшчэ 44 млн. –  на добраўпарадкаванні МТФ «Рудкі».

З пускам асфальтабетоннай базы з’явілася магчымасць выкарыстоўваць сумесь адразу на аб’ектах. Першым  стала ўпарадкаванне пад’язной дарогі да аўтастанцыі. У асфальт «апрануліся» вуліцы Гагарына і Чырвонаармейская, што "пацягнула" на 162 млн.руб. На чарзе – пракладка асфальтабетоннага пакрыцця на вул.Пушкіна і Заранаўскай. Цяпер вядзецца бягучы рамонт – аднаўленне слоя зносу асфальтабетоннага пакрыцця – на аўтадарозе Сякерычы – Садовая. Вядуцца работы на МТФ «Іскры», узвядзенні 10 аднакватэрных жылых дамоў у вёсцы Грыцэвічы.

Сёлета аб’ём работ у параўнанні з папярэднім годам павялічыцца на 136 працэнтаў і павінен скласці 16 млрд. 224 млн.рублёў. Значную суму грашовых сродкаў намечана асвоіць на добраўпарадкаванні фермы Рудкі і тэрыторыі 70- і 80-кватэрных ЖБК, дзе будзе пабудавана дарога, а таксама сацыяльнага дома, яшчэ 2 млрд. 500 млн. – на пад’ездах да месцаў індывідуальнай забудовы па раёне. А звыш трох мільёнаў будзе выдаткавана на добраўпарадкаванне вытворчых аб’ектаў у сельскагаспадарчых арганізацыях раёна.

– Не за гарамі капітальны рамонт  пад’езда да вёскі Арда ад аўтадарогі Клецк-Хвоева, – працягвае размову Л.І.Сандрозд. –  Пакладзецца асфальт па гравію не толькі на гэтым 1,4-кіламетровым участку, але і на 1,2 – ад аўтадарогі Туча – Бабічы. У недалёкай перспектыве – рамонт маста, які знаходзіцца на шостым кіламетры дарогі Клецк – Сноў – Хвоева. Цякучым рамонтам будзе  ахоплена у кожным аграгарадку па адной дарозе: у асноўным гэта аднаўленне слоя зносу асфальтабетонных пакрыццяў.

Сёлета на баланс філіяла ДРБУ-212 перададзены вуліцы ўсіх населеных пунк­таў раёна. На іх утрыманне выдзелена 172,5 млн.руб. Сёлета будуць працаваць дарожнікі і на добраўпарадкаванні аграгарадкоў. Вытворчы фронт на мясцовасці ўжо ацанілі, і хутка пачнуцца будаўнічыя работы.

Значыць, дарогі раёна ўзнімуцца на якасна новы ўзровень. За ўсім гэтым бу­дзе стаяць не заўсёды прыкметная, але вельмі складаная і напружаная, круглагадзічная – у любое надвор'е – праца клецкіх дарожнікаў.

Ірына Уласень.

Фота Яўгеніі Семянчук.

На здымку: На дарогах раёна ва ўсю вядуцца работы.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили