Сейчас загружается

Калдычэва – праклятая прыгажосць

Вядомы беларускі паэт і кампазітар Сяргей Новік-Пяюн у адным з лістоў  пакінуў апісанне Калдычэўскага маёнтка, размешчанага ў 18 кіламетрах на поў­нач ад Баранавічаў: “…на беразе возера знаходзіцца былая сядзіба памешчыка Свіды Калдычава. Прыгожыя дрэвы раскінулі свае разлапістыя шаты і схавалі пад імі пабудовы маёнтка. Толькі стайня над возерам і новы белы будынак за садам відны падарожнікам. Ад кустоў бэзу сыходзіць тонкі водар, бесклапотна шчабечуць птушкі. Здаецца, няма лепшага месца для адпачынку”.  І сапраўды, у гэтым кутку можна было б стварыць выдатную базу адпачынку для  нашых і замежных турыстаў.  Можна было б, каб не падзеі, што разгарнуліся тут у 1942-1944 гг. Яны назаўсёды ператварылі Калдычэва ў вялікую брацкую магілу, разам перакрэсліў­шы ўсё, што было да гэтага.

Вясною 1942 г., трохі ў баку ад дарогі, што ідзе з Баранавічаў на Гарадзішча, вялікая пляцоўка была абнесена некалькімі радамі   калючага  дроту і глыбокімі рвамі, за якімі з’явіліся драўляныя баракі. Побач паўсталі спецыяльна абсталяваныя кулямётныя гнёзды і памяшканні для варты. Так пачыналася гісторыя аднаго з самых страшных лагераў смерці ў акупіраванай  Беларусі. Першымі яго вязнямі сталі зняволеныя перапоўненых турмаў з Баранавічаў і Стоўбцаў. Адсюль у Калдычэва даставілі прыкладна чатыры сотні чалавек. З таго часу больш чым два гады гэта слова наганяла жах на жыхароў сумежных раёнаў. З тысяч тых, хто сюды трапляў, толькі адзінкам пашчасціла выйсці жывымі.

Сюды кідалі партызанскіх сувязных, падпольшчыкаў і іх блізкіх, яўрэяў і цыган, сялян і настаўнікаў, маладых і старых. Вязні размяшчаліся ў вялікім хляве для жывёлы, абсталяваным трохяруснымі нарамі. Людзі спалі на голых дошках або проста на падлозе. Ніякай пасцельнай бялізны не было. Жанчыны і дзеці знаходзіліся ў асобным бараку, аднак умовы ўтрымання заставаліся такімі ж,  як у мужчын. Баракі заўсёды былі перапоўнены, у лагеры ў розныя перыяды знахо­дзілася адначасова ад 600 да 900 вязняў, таму некаторую іх частку трымалі ў падвале камендатуры на халоднай цэментнай падлозе.

Спачатку Калдычэва функцыяніравала як працоўны лагер. Праца пачыналася ў 6-7 гадзін раніцы і працягвалася да заходу сонца. Да ўсіх былі даведзены нормы выпрацоўкі на тарфяніках. Мужчына павінен быў вынесці з балота 1550 кавалкаў торфу штодня, жанчына – 1150. Норма распаўсюджвалася і на хворых, і на здаровых. За прамаруджванне, невыкананне нормаў людзей жорстка збівалі і пазбаўлялі ежы. Тых, хто больш не мог працаваць, расстрэльвалі на месцы. Кармілі вязняў баландой з буракоў, бульбяных лупін і мяса з дохлых коней, давалі хлеб з рознымі прымесямі. Кожны дзень хто-небудзь падаў мёртвым ад голаду і хваробаў. У студзені 1943 г. за некалькі дзён у лагеры памерла звыш 30 чалавек. Але рэгулярна прыбывалі новыя групы вязняў.

Неўзабаве Калдычэва ператварылася ў выключна знішчальны лагер. Цяжкая праца стала адным са спосабаў забойства. Акрамя таго, выкарыстоўваліся самыя розныя метады катавання і знішчэння: вязняў труцілі выхлапнымі газамі ў спецыяльнай машыне-душагубцы, палілі ў крэмацыйнай печы, марылі голадам, расстрэльвалі, даводзілі да смерці катаваннямі і нялюдскімі здзекамі. Існавала нават спецыяльная камера для катаванняў. Успаміны тых, хто прайшоў праз гэта пекла,  нармальнаму чалавеку немагчыма чытаць спакойна. Не стану тут прыводзіць падрабязнасці. Калі нехта хоча аб іх даведацца, няхай знойдзе кнігу Г.Паромчык “Калдычэўская трагедыя”, выда­дзеную ў Мінску ў 1962 г. А мы зададзімся пытаннем: хто тварыў усе гэтыя здзекі над безабароннымі людзьмі? Немцы? Не! У лагеры быў толькі нямецкі камендант унтэр-афі­цэр Франц Іорн і некалькі яго салдат (ад 2 да 4). Іорн аддаваў загады, але выконвалі іх іншыя. Жаўнеры 13-га беларускага батальёна СД. 99 чалавек. Ва ўмовах вайны гэтыя маладыя хлопцы з вёсак і мястэчак хутка ператварыліся ў сапраўдных звяроў, прагных да крыві.

Батальён стварылі ў студзені 1943 г. у Мінску. Некаторая частка яго байцоў была прымусова мабілізавана, але хапала і тых, хто пайшоў у паліцыю дабраахвотна. Менавіта з такіх дабраахвотнікаў і складалася ахова Калдычэўскага лагера. Спачатку яе ўзначальваў Бобка, а пасля – Мікалай Калько. Так ужо сталася, што лёс гэтага ката аказаўся цесна звязаны з нашым горадам. Ураджэнец вёскі Быхаўшчына, Калько да вайны працаваў на будаўніцтве дарог, а з пачаткам акупацыі быў прызначаны тэхнікам дарожнага аддзела Клецкай павятовай управы. Тут ён звярнуў на сябе ўвагу немцаў жорсткімі  адносінамі да яўрэяў. Неўзабаве яго накіравалі ў Мінск, у афіцэр­скую школу, а потым, прысвоіўшы званне лейтэнанта, – камандзірам звяза 13-га батальёна. Калько ўдзельнічаў у баях з партызанамі, займаўся вярбоўкай людзей у батальён. Вясной 1943 г. ён прыехаў у Клецк, дзе завербаваў  25 чалавек. Часта наведваў Капланавічы, тут працаваў кавалём яго брат. Мясцовыя людзі добра запомнілі Калько, які заўсёды хадзіў у чорнай форме і шапцы з вялікай какардай – чэрап і скрыжаваныя косці. У сакавіку 1944 г. яго прызначылі камендантам аховы Калдычэўскага лагера. Гэты страшны чалавек адрозніваўся хворай фантазіяй ката і асабістай помстлівасцю. Ён нікому не ўмеў дараваць, памятаў нават даўнія крыўды і цяпер зводзіў асабістыя рахункі.

У красавіку 1944 г. у адзін дзень у Клецку была арыштавана амаль уся польская моладзь. 60-80 чалавек, сярод якіх былі і 17-гадовыя дзяўчаты, загрузілі ў два грузавікі і вывезлі ў Калдычэва. Там усіх расстралялі пасля доўгіх катаванняў. Сярод арыштаваных быў і дарожны тэхнік Сяргей Руцкі. Яшчэ да вайны ён працаваў разам з Калько, і ў іх здарыўся нейкі канфлікт. Цяпер у Калдычэва Калько адпомсціў. Невядома, у чым была сутнасць даваеннага канфлікту і чыя там была праўда, але помста каменданта аказалася страшнай. Руцкога збілі да смерці. Жонка, якая прыехала ў лагер пасля вызвалення, каб адшукаць мужа, апазнала яго труп толькі па світары, які сама вязала. Твар ператварыўся ў суцэльнае крывавае месіва.

Вясной 1944 г. у Калдычэва прывезлі 92-гадовага настаяцеля Ёдчыцкай царквы Аляксандра Валасовіча. Яго сын і нявестка былі ў партызанах. У лес прапаноўвалі пайсці і старому, але ён адмовіўся,  не хацеў ні для каго станавіцца абузай і замест ляснога лагера апынуўся ў лагеры смерці. Па ўспамінах сведкаў бацюшка трымаў сябе годна, суцяшаў таварышаў па няшчасці, благаслаўляў тых, хто да яго звяртаўся. Расказвалі, што аднойчы з калоны вязняў, якую гналі на расстрэл, вырвалася дзяўчына і падбегла да Валасовіча з крыкам: “Бацюшка, благаславіце на смерць!”. У адказ пачула: “Дзіця, благаслаўляю цябе на жыццё!”. І здарыўся цуд: яна выжыла пад час расстрэлу. Раненая ўпала на дно ямы, а ноччу здолела выбрацца з-пад трупаў і ўцячы. А вось сам  Аляксандр застаўся ў Калдычэва навечна.

Усяго ж у лагеры загінула каля 22 тысяч чалавек. Апошні вялікі расстрэл адбыўся за некалькі дзён да прыходу Чырвонай Арміі. У энцыклапедыях і даведніках указана, што гэта было 30 чэрвеня 1944 г. Аднак С.Новік-Пяюн называе іншую дату – ноч з 1 на 2 ліпеня. Няма падстаў не давяраць чалавеку, які прайшоў усе кругі лагернага пекла і якому дата апошняга расстрэлу назаўсёды ўрэзалася ў памяць. Перад сваім адыходам ахова ўзарвала ўсе памяшканні, зраўняла з зямлёй насыпы на месцы пахаванняў і засеяла іх травой. Усё рабілася, каб схаваць сляды злачынстваў. На нейкі час гэта ўдалося. Каты з 13-га батальёна пазбеглі пакарання. М.Калько апынуўся ў Польшчы, працаваў тэхнікам-будаўніком чыгуначных мастоў. У 1947 г. ваенны трыбунал Паўночнай групы войскаў асудзіў яго за службу ў немцаў на 25 гадоў. Але пра зверствы ў Калдычэва яшчэ нічога не было вядома. Адсядзеўшы 8 гадоў у лагерах Комі АССР, паліцай трапіў пад амністыю і за­стаўся жыць у Варкуце.

Летам 1960 г. ён прыехаў да бацькоў, наведаўся і ў Клецк. Тут на базары яго ўбачыла Яўгенія Якімовіч з Дзямідавіч, былая зняволеная Калдычэўскага лагера. У першую хвіліну жанчына не змагла паверыць, што кат і забойца стаіць проста перад ёй у цывільным гарнітуры. Усё яшчэ не верачы вачам, жанчына запытала: “Вы Калько?”. “Так”. “Вы былі ў Калдычэва?”. “Быў.” “Ваш касцюм увесь у крыві! Пойдзем да пракурора!”. Калько нібыта падпарадкаваўся, зайшоў з ёю за вугал, а потым моцна ўдарыў кулаком і ўцёк. Акрыяўшы, Я.Якімовіч пайшла ў міліцыю. Запрацавала следства, Калько пачалі шукаць. Высветлілася, што ў Варкуце ён працаваў намеснікам начальніка шахты і нават быў узнагароджаны як ударнік працы. Неўзабаве следства выйшла і на яго паплеч­нікаў па злачынствах. У 1962 г. у Баранавічах на лаве падсудных апынуліся М.Калько, яго намеснік Л.Сянкевіч,  ахоўнікі М.Кухта і А.Каралевіч. Апошні па­спеў паваяваць у Савецкай Арміі і атрымаць медаль “За перамогу над Германіяй”.

Гэта быў адзін з найбольш гучных працэсаў над ваеннымі злачынцамі ў БССР. У якасці сведкаў было выклікана і дапытана 62 чалавекі з ліку былых вязняў. Сямёра з іх прыехалі з Клецкага раёна. Тут нарэшце прагучала ўся праўда пра Калдычэўскі лагер. Толькі праз 18 гадоў злачынцы атрымалі па заслугах. Усім чатыром быў вынесены смяротны прыгавор. А ў 1964 г. на месцы лагера быў па­стаўлены помнік ахвярам тэрора.

На фота: настаяцель Ёдчыцкай царквы а. Аляксандр Валасовіч.

Андрэй Блінец,

навуковы супрацоўнік ДУ “Музей гісторыі Клеччыны”.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили