Сейчас загружается

Свята пісьменства

Сёння ніхто, мабыць, ужо і не ўяўляе сабе (асабліва з маладых) Беларусь без Свята пісьменства. Яно стала для нашай краіны… ну, бадай, брэндам ці што – накшталт “Славянскага базара”, “Дажынак”, або Нацыянальнай бібліятэкі ці Белавежскай пушчы. Адным словам, з’ява чыста беларуская, самабытная. У гэтыя святы (заўжды першая нядзеля верасня) ў Беларусі ўшаноўваюцца перш за ўсё імёны Скарыны і Буднага – прарокаў і апосталаў беларускага друкарства, вялікай асветніцы нашай Еўфрасінні Полацкай, Міколы Гусоўскага, Купалы, Коласа. Уручаюцца літаратурныя прэміі бягучага года. Узгадваюцца юбілеі літаратараў Беларусі.

Многім можа падумацца, што так яно і было заўжды. Аднак аб гэтым свяце, як і аб стварэнні саксафона, можна гаварыць, называючы канкрэтную дату. І гэта была першая нядзеля верасня 1994 года. Тады ў нашым горадзе, гэтак жа, як і ў “сталіцы” свята – Полацку, адбыліся першыя ў гісторыі мерапрыемствы. Арганізацыяй іх заняўся Аляксандр Мікалаевіч Жукоўскі (на той час старшыня райсавета і старшыня раённага літаратурнага аб’яднання), а госцем быў папулярны беларускі празаік Віктар Супрунчук. Было цікава: чыталі вершы мясцовыя паэты, урыўкі са сваіх твораў – Віктар Супрунчук, парадаваў выступленнем і Уладзімір Дамашэвіч.
З таго дня гэтае свята ў нас праводзіцца рэгулярна. У розныя гады ў ім удзельнічалі мясцовыя артысты – і дарослыя, і юныя. Традыцыйна работнікі раённай бібліятэкі афармлялі і рэалізоўвалі святочны сцэнарый, кніжную выставу. І заўжды на свяце панаваў шчыры, цёплы і ўзнёслы настрой.
Шмат розных успамінаў узнікае ў сувязі з гэтым святам, якое для мяне (як для ўсяго “Голаса”) стала асабістым, радасным і доўгачаканым: не так часта адбываюцца ў нас сустрэчы з чытачамі. Асабліва ж узгадваюцца святы пісьменства, што запомніліся чымсьці незвычайным. Так, у 1997 годзе “сталіцай” свята стаў Нясвіж. У праграме было шмат цікавага, у тым ліку – сустрэча з беларускімі паэтамі. І імёны там былі такія, што на месцы я, пэўна, усядзець не магла. Уся ва ўражаннях ад учарашняга мерапрыемства ў Клецку (а мы яго заўсёды праводзім напярэдадні, у суботу), я прысуседзілася да аўтобусіка РЦК і махнула ў Нясвіж: разявіўшы рот, назірала працэс перадачы Непагаснай лампады, слухала ў дворыку Замка камерны канцэрт. У назначаны час паспяшалася да месца паэтычнай сустрэчы. Тут мяне чакала расчараванне: пачаўся страшэнны лівень, усе кінуліся ў палацавую браму… Адным словам, сустрэча не адбылася.
Ужо збіраючыся вярнуцца дадому, мы пачулі за спіной знаёмы глухаваты голас: “Клецкія паненкі!”. Азірнуліся – Уладзімір Максімавіч! Так што зваротны шлях быў для нас не толькі спакойным (бо дождж скончыўся!), але нават радасным і прыемным (бо ў добрай кампаніі).
У 1999 годзе на Свяце пісьменства ў Клецку прысутнічалі Уладзімір Арлоў і Валянціна Аксак. І гэта было класна, бо госці не толькі чыталі вершы і адказвалі на запіскі, але і падаравалі раённай бібліятэцы свае кнігі. А Валянціна Аксак падпісала аўтарскую кніжачку такім экспромтам:
Як Бог ішоў з Нясвіжа ў Клецак,
Паставіў вёску Смалічы –
Радзіму сумную паэтак…
Развейце скруху, чытачы!
Смалічы – яе радзіма.
У гэтым жа, 1999, калі “сталіцай” свята быў Пінск, мы сустракалі экспедыцыю Непагаснай лампады ў Сіняўцы. А потым, праз пару гадоў, дакладна не памятаю, свята рухалася праз Клецк. І мы сустракалі яго (з хрэсным ходам, з вялікім наплывам народу!) каля Лебядзінскага маста. І так прыгожа было – і на вуліцах, і на плошчы, і ў царкве… А потым людзі ціха-ціхенька разыходзіліся, беражліва захоўваючы агеньчыкі свечак…
У 2000 годзе быў юбілей (50-годдзе) Леаніда Галубовіча. Гэта ўжо было – супер! Бо і сам юбіляр, і яго спадарожнікі (Міхась Скобла і Эдуард Акулін) былі на такім уздыме, столькі чыталі, а Акулін – вядома ж, бард – спяваў! І яго анёльскі голас, здаецца, пранізваў дах Раённага цэнтра культуры… І з канцэртам выступаў фальклорны гурт з Загорнага – землякі паэта. А Міхась Скобла на апошняй старонцы майго асабістага Галубовічавага зборніка “Споведзь бяссоннай душы”, купленага ў Клецкай кнігарні яшчэ аж у 1989(!) годзе, напісаў такі экспромт пра Галубовіча:
Галубовіч Лявон у паэзіі Бог,
Хоць паэт ён і грэшны, і свецкі –
Хай і мае ў Мінску
кватэру-бярлог,
Чалавек ён варонінска-клецкі!
А на сваёй кніжачцы эпіграм “Розгі ў розніцу” (там, дарэчы, Галубовічу напісана аж дзве эпіграмы!) ён вывеў такое прысвячэнне-мініяцюру мне:
Вітаю Лілію Мялешка,
Яна мне стала як радня.
Здароўя, поспехаў, усмешак
Жадаю Лілі на штодня!
2008 год. “Сталіца” свята – Барысаў. Мы ўдваіх з Ігарам Канановічам прызначаны (з шэрагу іншых) прадстаўляць там абласную “Жывіцу”. Дай Божа здароўя Тамары Лявонцьеўне Калейнік, якая міласэрна ўзяла нас з сабою ў рэдакцыйную машыну. Калі б не яна, у нас на “творчую камандзіроўку”, пэўна, пайшоў бы не адзін дзень, а 3-4 (бо дзе Клецк, а дзе Барысаў!). Уяўляеце сабе карцінку – Ігар з гітарай і я ў капелюшы (+32 градусы!) даганяем электрычкі…
Што сказаць у заключэнне? Цудоўнае рашэнне было прынята аднойчы. У гэтым годзе Святу беларускага пісьменства – 20. І прымае яго Быхаў. Хто ведае, можа, і да нашага Клецка калі-небудзь дойдзе чарга? А чаму б і не? Ну, цесна ў нас… Але ж што-небудзь магчыма прыдумаць? Усё ж такі мы – адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі, старэйшы за многія, што сёння ў пашане і славе. Старэйшыя ў тым ліку і за Нясвіж – другую сталіцу Вялікага Княства Літоўскага. Ды і не толькі! Калі хто забыўся, дык маю гонар нагадаць: наш Клецк на 20 гадоў старэйшы за Маскву. Хаця, кожны патрыёт нашага гарадка з дапамогай няхітрых матэматычных разлікаў мог бы вызначыць гэта і сам…
Ну, ды не будзем аб фантастыцы. А проста: парадуемся сёлетняму святу. З 20-годдзем Цябе, Свята беларускага пісьменства! Далейшага Табе росквіту – і Многая Лета!

Лілія Мялешка.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили