Сейчас загружается

К 80-летию Президентской библиотеки Республики Беларусь

head_byПрэзідэнцкая бібліятэкі яе блытаюць з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, назву мае крыху інакшую – Прэзідэнцкая (да 1994 года – Урадавая) бібліятэка  Рэспублікі Беларусь. Знаходзіцца яна ў самым цэнтры нашай дзяржавы – на плошчы Незалежнасці ў правым крыле Дома Урада. Разам з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Я.Коласа Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі ўваходзіць у тройку самых буйных кніжніц нашай краіны. Сёння гэта спецыялізаваны галіновы цэнтр бібліятэчна-інфармацыйнага забеспячэння органаў улады і кіравання краіны, цэнтр навукова-дапаможнай бібліяграфіі па дзяржаве, праву, міжгаліновай эканоміцы. Сярод яе прыярытэтных абанентаў у Рэспубліцы Беларусь – Адміністрацыя Прэзідэнта, Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага Сходу, Савет Міністраў, Канстытуцыйны і Вярхоўны Суды, мясцовыя Саветы дэпутатаў і іх выканкамы, а таксама Выканаўчы сакратарыят СНД. Але інфармацыйныя рэсурсы адкрыты і для шырокага кола карыстальнікаў. 10 снежня 2013 года бібліятэка святкуе 80-годдзе свайго нараджэння. З гэтай нагоды, шаноўныя чытачы нашай газеты, да вашай увагі прапануецца артыкул загадчыка аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Валерыя Герасімава, які прысвечаны бібліятэцы-юбіляру і яе працы па захаванню нацыянальнай прававой спадчыны.

Кніга і духоўная культура Беларусі. У кожнай кнігі свой лёс. Кніга – гэта сімвал таямніцы, святла і дабра і адначасова – інструмент інтрыг, барацьбы за ўладу. Кніга – рэч духоўная. Але разам з тым і матэрыяльная, бо ў яе ўкладзена праца мноства людзей: аўтара, мастака-афарміцеля, друкара, пераплётчыка і, нарэшце, захавальніка-бібліятэкара.

Кніга – атрута, калі насыціць кніжную старонку атрутай і з яе дапамогай пазбавіць жыцця ворага, як гэта зрабіла некалі ў XVIстагоддзі ўладарная свякруха-італьянка Бона Сфорца з сваёй нявесткай, нашай знакамітай  каралевай Барбарай Радзівіл.  

Кніга – зброя, калі перанесціся ў часы сталінскіх рэпрэсій і "да штыха прыраўняць пяро", як выказваўся некалі ў творчым запале "рускі пралетарскі пісьменнік" Максім Горкі. І як усякая зброя, пісьмовае слова можа быць  не толькі дабрым, але і злым. Само слова не вінаватае, яно толькі служыць чалавеку. Вядома, напрыклад, што артыкулы некаторых даваенных беларускіх літаратараў, скіраваныя на выкрыццё ідэалагічных "хібаў" у навуковых і мастацкіх творах сваіх калег, фактычна паслужылі даносамі і падставаю для пакарання з боку ўлады. Для Беларусі гэта асабліва актуальна. Таму што тады была вынішчана інтэлектуальная эліта Беларусі, а развіццё беларускай нацыі, культуры і мовы запаволена на дзесяцігоддзі. Толькі ў адну ноч  з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў мінскай "амерыканцы" – унутранай турме Народнага камісарыята ўнутраных справаў (НКУС) было расстраляна звыш ста пісьменнікаў, дзяржаўных дзеячаў, вучоных. Алесь Дудар, Валерый Маракоў, Міхась Чарот, Міхась Зарэцкі, Ізі Харык, Тодар Кляшторны, Юрка Лявонны, Янка Нёманскі, Анатоль Вольны... – колькі выдатных твораў магла мець беларуская літаратура, калі б яны засталіся жывыя?!

Кніга без чалавечых рук як бы ўсыхае, губляе душу. Ёю павінны карыстацца. Дзеля гэтага і існуюць бібліятэкі, альбо як іх раней называлі славяне, – кніжні, кніжніцы.

Беларусі ёсць чым ганарыцца. Яна мае больш, чым тысячагадовую дзяржаўнасць. Яна мае такое ж старадаўняе пісьменства. Яна мае старадаўнюю кнігу. Яе кніжніцы сягаюць у дзевятае стагоддзе.            

Увогуле гісторыю беларускага пісьмовага слова можна пачаць разглядаць з перыяду намнога ранейшага, а менавіта – з ІІІ–V стагоддзяў, калі існавала пісьменства (магчыма, рунічнае) так званых праславянскіх дзяржаў венедаў, антаў і склавінаў. У VІ–VІІІ стагоддзях знаходзім ужо рысы пісьменства дзяржаўных аб'яднанняў – крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў, ліцвінаў, з якіх пазней сфармавалася беларуская нацыя.

Берасцяныя граматы, графіці на сценах першых беларускіх сабораў, надпісы на пярсцёнках – таксама помнікі кніжнай культуры. А высечаныя па загаду полацкага князя Барыса ў дванаццатым стагоддзі на валунах (вядомыя як сем Барысавых камянёў, тры з іх захаваліся да нашага часу) шасціканцовыя крыжы і надпісы "Господи помози…" да таго ж і сведчанне выкарыстання пісьмовай мовы ў дзяржаўным ужытку (у якасці сімвалаў улады ды ахоўных, межавых знакаў). Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Кліменцій Смаляціч, Францішак Скарына, Сімяон Полацкі, Гальяш Капіевіч – гэта тыя постаці беларускай культуры, якія ўнеслі вялізны ўклад у развіццё як беларускай кнігі, так і сусветнай цывілізацыі. Тураўскае, Полацкае, Аршанскае, Слуцкае Евангеллі, Біблія Скарыны, Брэсцкая Радзівілаўская Біблія, "Катэхізіс" Сымона Буднага, Радзівілаўскі і Баркалабаўскі летапісы – гэта залаты фонд беларускай кнігі.

Толькі некалькі прыкладаў. Згодна з падлікамі вучоных сярэднестатыстычны чалавек можа прачытаць за сваё жыццё каля пяці тысяч кніг. Сімвалічна, але, сапраўды, у сярэднявечнай беларуска-літоўскай дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім была выдадзена якраз такая іх колькасць. Гэта значыць, нашыя продкі ўжо некалькі стагоддзяў назад як бы забяспечылі нас, сённяшніх беларусаў, друкаваным словам розуму і ведамі. А да гэтага ж былі і шматлікія рукапісныя кнігі. Яшчэ лічба ад навукоўцаў: у XVI–пачатку XVIІ стагоддзя на тагачасных землях Беларусі выйшла з друкарняў дзесьці 400 назваў кніг, Украіны – 30, у Маскоўскім царстве – 10. Аналагічная карціна вымалёўваецца і з друкарнямі. Напачатку XVI стагоддзя ў нашай Рэчы Паспалітай іх было каля 125. А ў Масковіі – 2, прытым, што адна з іх была заснавана нашым земляком Сімяонам Полацкім, паэтам і асветнікам, які займаўся выхаваннем дзяцей расійскага цара Аляксея Міхайлавіча.

Але залаты век беларускай культуры, у часе якога менавіта праз нас і ад нас ішла кніжная культура на поўдзень і ўсход, скончыўся пасля вядомых падзелаў (у 1772, 1793 і 1795 гадах)  Рэчы Паспалітай. 123 гады – да 25 сакавіка 1918 года, калі была створана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), мы былі пазбаўлены сваёй дзяржаўнасці. На працягу стагоддзяў драпежніцкі вываз беларускіх кніжных скарбаў рознага кшталту акупантамі, дапоўніўся стратамі ў выніку таго грандыёзнага перамешвання гістарычных беларускіх кнігазбораў, якое мела месца пасля бальшавіцкага перавароту і далейшай цэнтралізацыі дзяржавай кніжна-бібліятэчнай справы. Давяршылі ўсё падзеі апошняй сусветнай вайны. Вось так і сталася, што за межамі Беларусі апынуліся большая і найбольш старая частка самай вялікай прыватнай бібліятэкі Вялікага Княства Літоўскага – Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў, кнігазборы магнатаў Сапегаў, Храптовічаў і іншыя.  У выніку, цэльных гістарычных кнігазбораў у Беларусі на сённяшні момант практычна няма. А тыя духоўныя цаглінкі-кавалкі зруйнаванай і разбэрсанай кніжнай спадчыны, якія захаваліся, не заўсёды знаходзяцца ў, так бы мовіць, законных (гістарычна наканаваных, спадкаемных) месцах захоўвання.

Апошнім часам сітуацыя тут, дзякуй Госпаду і сучасным кніжнікам-энтузіастям, пакрысе мяняецца. Доўга лічылася страчаным, але нядаўна выйшла з нябыту адна з нацыянальных праваслаўных святынь Беларусі – Слуцкае Евангелле 1582 года, перапісанае, верагодна, самім слуцкім князем Юрыям Алелькавічам. (Сёння арыгінал Евангелля захоўваецца ў хатнім храме Патрыяршага Экзарха Беларусі Мітрапаліта Філарэта.). Вярнуліся на Бацькаўшчыну знакаміты "Статут ВКЛ" 1588 года (набыты ў Расіі Музеем гісторыі Магілёва), ні аднаго асобніка якога да апошняга часу не было ў Беларусі, і ўнікальны трактат сямнаццатага стагоддзя "Вялікае мастацтва артылерыі" Казіміра Семяновіча (набыты Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі), у якім наш зямляк упершыню на навуковым узроўні разгледзеў прынцыпы дзеяння і змясціў чарцёж шматступеневай ракеты з дэльта-крыламі.

Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь сёння таксама прыкладае шмат намаганняў, каб кніжная спадчына ў галіне дзяржавы і права атрымала сваё другое жыццё.

Радаводнае дрэва. Лёс нашай бібліятэкі як дзяржаўнай кніжніцы для забеспячэння патрэб улады і кіравання сягае ў далёкую мінуўшчыну і ў асноўнай сваёй частцы як бы паўтарае агульны лёс развіцця беларускай культуры. Карані свайго радаводнага дрэва мы таксама выводзім ад Еўфрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага, Аўраамія Смаленскага. Беларускія асветнікі, кніжнікі, бібліяфілы таго часу, гэтаксама як і дзяржаўныя мужы, безумоўна, мелі свае асабістыя бібліятэкі і яны неслі пэўныя функцыі дзяржаўных інфармацыйных устаноў адпаведных сваёй эпосе.

У ІХ–ХІІ стагоддзях  з’яўляюцца тагачасныя храмавыя бібліятэкі, кнігазборы Полацкіх, Тураўскіх, Смаленскіх князёў, прыкладам, сына знакамітай вольналюбівай Рагнеды князя Ізяслава-кніжніка.

Наступны перыяд –  з ХІІІ стагоддзя па 1795 год. Гэта бібліятэкі вялікіх князёў Вялікага княства Літоўскага і каралёў Рэчы Паспалітай – Жыгімонта І Старога, Жыгімонта Аўгуста, Станіслава Аўгуста Панятоўскага, тут жа Нясвіжская ардынацыя Радзівілаў, кніжныя зборы слуцкіх Алелькавічаў, Сапегаў, Храптовічаў, Наркевічаў-Ёдкаў, Ельскіх ды іншых магнатаў і шляхціцаў.

У прамежку 1795–1917 гадоў стваралі бібліятэкі дзяржаўных устаноў так званага Заходне-Рускага краю Расійскай імперыі. Не менш, а нават больш для нас важныя бібліятэчкі і зборы дакументаў, што існавалі пры паўстанскіх урадах Касцюшкі, Каліноўскага. Дакументы (загады, позвы, маніфесты) паўстанцкіх урадаў таксама носяць дзяржаўны характар і як бы ўтвараюць своеасаблівыя канстытуцыі тагачасных паўстанцкіх дзяржаў, хай сабе і нелігітымных, пазазаконных з пункту гледжання царскай адміністрацыі.

На больш высокіх адгалінаваннях радаводнага дрэва – чытальні, бібліятэкі, архівы ўрадаў Беларускай Народнай Рэспублікі і асабістыя кнігазборы яе дзеячоў 1918–1925 гадоў. Тут і Вацлаў Ластоўскі, браты Іван і Антон Луцкевічы, і Язэп Варонка, і Кастусь Езавітаў, і Алесь Ружанец-Ружанцоў – усе тагачасныя нацыянальныя палітычныя і грамадскія дзеячы, як правіла, былі бібліяфіламі.

 ССРБ (Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі – менавіта так афіцыйна называлася Беларусь з 1919-га па 1922 год) – БССР: гэта новы час. У 1919–1933 гадах узнікаюць бібліятэкі тагачаснага парламента – Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта (ЦВК), урада – Савета Народных Камісараў (СНК), наркаматаў (міністэрстваў). Вось мы бачым вокладку "Отчета о деятельности органов юстиции БССР за 1926 год". Месца выхаду і дата: “Минск, 1927 год”. На выданні штамп: "Бібліятэка Савету Народных Камісараў Беларускае ССР". Гэта пазнака бібліятэкі – нашай папярэдніцы. І таму прыйшоў час звернуцца непасрэдна да гісторыі Прэзідэнцкай  бібліятэкі.

Урадавая бібліятэка да вайны. Пабудавалі Дом Урада ў Мінску да 7 лістапада 1933 года. Напачатку для бібліятэкі асобнага памяшкання не прадугледжвалася. Здавалі будынак і сюды пачалі пераязджаць ЦВК, СНК, наркаматы – у кожнай з гэтых устаноў былі свае бібліятэкі ці невялікія падборкі неабходнай прафесійнай літаратуры. Тады зразумелі, што для кніг неабходна агульнае памяшканне і вызначылі ў цокалі месца для аб’яднанай бібліятэкі. Потым доўгі час чытальныя залы і працоўныя кабінеты размяшчаліся ў левым крыле на пятым паверсе Дома Урада. Там яны былі і да, і пасля вайны. Толькі гадоў трыццаць таму вярнуліся мы на сваё гістарычнае месца – у цокальны паверх правага крыла Дома Урада.

Спачатку бібліятэка працавала як аддзяленне (філіял) Дзяржаўнай бібліятэкі БССР са статусам аб'яднанай бібліятэкі наркаматаў. З 1938 года яна стала поўнасцю самастойнай, з афіцыйным найменнем – Урадавая бібліятэка БССР імя А.М.Горкага. Амаль няма ў нас дакументаў з характарыстыкай даваеннага фонду. Але мы, прыкладна як і сёння, былі недзе на трэцім месцы па яго каштоўнасці і аб’ёму пасля "Ленінкі" (сёння "Нацыяналкі") і навуковай бібліятэкі пры Акадэміі навук. 250 тысяч адзінак захоўвання, кніжны фонд – каля 80 тысяч. Ужо тады ва Урадавай бібліятэцы было вельмі шмат рэдкіх выданняў – пасля канфіскацыі з маёнткаў, манастыроў, з гімназій і семінарый быў створаны дзяржаўны фонд па размеркаванні літаратуры. Пасля яна паступала ў дзяржаўныя бібліятэкі. І да нас таксама. Даваенны фонд наш такім чынам утрымліваў шмат беларусікі, якая была выдадзена да 1917 года, да прыкладу, "Памятныя кніжкі" і "Агляды" беларускіх губерняў, матэрыялы губернскіх статыстычных камітэтаў, земстваў  і упраў. Было багата камплектаў дарэвалюцыйных газет і часопісаў і поўны збор газет таго часу – 1920–30-х гадоў.

Вайна і пасляваеннае аднаўленне фонду. Пачалася вайна і фонд быў амаль цалкам страчаны, бо не эвакуіраваўся. Сумнавядомыя каманды нацысцкага "Штаба рэйхсляйтэра Розенберга", якія вывозілі культурныя каштоўнасці з усёй Еўропы, таксама дзейнічалі і ў Беларусі. Пасля вайны літаратура з беларускіх бібліятэк была знойдзена на тэрыторыі Польшчы і Германіі. Наш зямляк маршал Канстанцін Ракасоўскі, дапамог вярнуць кнігі назад. І адзін ці два эшалоны кніг прыбылі з Германіі. З гэтымі эшалонамі патрапіла і літаратура, якая была вывезена гітлераўцамі з іншых краін Заходняй Еўропы.

Такім чынам апынулася ў нас  частка Рускай Тургенеўскай бібліятэкі ў Парыжы. Гэта, варта нагадаць, была першая руская грамадская бібліятэка, створаная ў ХІХ стагоддзі рускімі эмігрантамі ў Парыжы, у многім дзякуючы менавіта Івану Тургеневу і яго каханай жанчыне Паліне Віардо. На пачатку Другой сусветнай нацысты вывезлі яе ў Германію, а потым кнігі са штэмпелем "BibliothèquerusseTourguéneff" аказаліся раскіданымі па ўсім кантыненце. У Прэзідэнцкай бібліятэцы каля пяцісот яе дакументаў: кнігі, часопісы, газеты.

Таксама нешта маем з бібліятэкі Дрэздэнскай карціннай галерэі, Прускай каралеўскай бібліятэкі, Украінскай бібліятэкі імя Сымона Пятлюры ў Парыжы. Ёсць кнігі знакамітай акультысткі і экстрасенса Елены Блавацкай – заснавальніцы міжнароднага Тэасофскага таварыства, кнігі на замежных мовах з штампамі і экслібрысамі тэасафічных бібліятэк Амстэрдама і Антвэрпена. Верагодна, некаторыя з такіх выданняў маглі раней знаходзіцца ў асабістых бібліятэках Гітлера. Мы ж ведаем, што ён захапляўся літаратурай кшталту містычнай і астралагічнай, і дзеля чаго вёўся пошук па ўсім свеце. (Гэтым займалася так званая нацысцкая арганізацыя "Аненербе" – "Спадчына продкаў", якая праз старажытныя артэфакты імкнулася стварыць акультна-ідэалагічны падмурак для фашысцкага рэйха.).

Вярнулася і частка нашага даваеннага фонду. А заадно – літаратура з іншых беларускіх бібліятэк: нацыянальнай, акадэмічнай, рэгіянальных – Магілёва, Віцебска. Некаторая наша літаратура, у сваю чаргу, патрапіла ў гэтыя бібліятэкі. Такі вось атрымаўся вымушаны ліхалеццем культурніцкі абмен.

Пачынаючы з 1944 года камплектатары бібліятэкі аб’ездзілі ці не ўвесь былы СССР, каб аднавіць страчаны ў гады нямецкай акупацыі фонд.

Тут нам пашанцавала ў тым сэнсе, што да вайны згодна з палажэннем аб абавязковым экзэмпляры кожны асобнік беларускай друкаванай прадукцыі накіроўваўся ў галоўныя – Дзяржаўныя бібліятэкі саюзных рэспублік. Пасля вайны некаторыя з іх, найперш азербайджанская, армянская і грузінская, падзяліліся з намі захаванымі беларускімі скарбамі. Багата патрэбнай літаратуры было адшукана ў Вільні (Вільнюсе).

Фонд рэдкіх выданняў бібліятэкі. Місія. А ці патрэбна старая (старажытная, антыкварная) кніга сёння? Асабліва ў век электронных тэхналогій, калі, напрыклад, у Нідэрландах ужо алічбавана дзесяць працэнтаў усяго фонду нацыянальнай літаратуры. Бібліятэкарам, якія працуюць з рэдкімі выданнямі, даволі часта задаюць такое пытанне.

Адна з галоўных прычын недастатковага разумення ролі рэдкай кнігі ў сучасным жыцці грамадства хаваецца ў нядаўнім савецкім мінулым нашай краіны, калі ў кожным рукапісным манускрыпце ці старадруку бачыўся магчымы патэнцыяльны ідэалагічны шкоднік, вораг. Да таго ж, каб перавесці традыцыйную кнігу ў лічбавы фармат, трэба мець яе арыгінал. І арыгінал той трэба захоўваць вечна ў выпадку, калі маем справу з нацыянальным дакументам. Па-першае, гэта культурная спадчына беларускай нацыі, а па-другое, і з электронікай можа нешта здарыцца.

Лёс рэдкай кнігі ў фондах Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь непарыўна звязаны з лёсам самой бібліятэкі. Відавы, тэматычны, жанравы склад яе калекцый рэдкіх выданняў вызначаўся ў гістарычнай рэтраспектыве тым, што мы сёння акрэсліваем паняццямі місія, статус, профіль кожнай бібліятэчна-інфармацыйнай установы. Вось чаму права і дзяржаўнае будаўніцтва – асноўныя тэматычныя чыннікі ў фарміраванні фонду аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь.

Самае галоўнае ў гэтай справе – каб кніжныя багацці не ляжалі мёртвым грузам, збіраючы пыл на паліцах стэлажоў, а былі патрэбныя і дзяржаўнаму службоўцу ў дапамогу яго дзейнасці, і шырокаму колу чытачоў. Каб яны станавіліся сапраўдным духоўным і сацыяльна-культурным базісам развіцця нашай нацыі і краіны.

Структура фонду. Фонд аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў бібліятэкі з'яўляецца адным з самых унікальных і каштоўных у Беларусі. Налічвае ён звыш 70 тысяч кніг, часопісаў, газет і іншых дакументаў, датаваных у храналагічным прамежку ад XVI стагоддзя да нашага часу.

Фонд дзеліцца на тры асноўныя часткі: нацыянальная кніга, расійская кніга, замежнамоўная кніга. Ва ўсіх частках сярод іншых калекцый асобна вылучаны толькі найбольш значныя гістарычна вядомыя кнігазборы: дзяржаўныя, рэлігійныя, грамадскія, навучальныя, прыватныя. Агульная ж  колькасць колішніх бібліятэк, выданні з якіх па волі гістарычнага лёсу апынуліся ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь, складае нават не дзесяткі, а сотні адзінак.Таму ў сваім аглядзе мы засяродзімся толькі на некаторых кніжных калекцыях.

Па храналагічнай і іншых фармальных прыкметах  вылучаны ўласныя калекцыі нашай бібліятэкі: кірыліцы, альбо выданні на царкоўнаславянскай мове (XVIІ–пачатак XIХ стагоддзя), і капіевіцы (інакш – грамадзянскага друку, а "капіевіцай" такія калекцыі называюцца ад прозвішча беларуса Гальяша Капіевіча, які напачатку ХVІІ стагоддзя наўпрост прычыніўся да распрацоўкі сучаснай графікі кірылічнага алфавіту і на замову Пятра І выдаў у Амстэрдаме новымі літарамі шэраг навуковых кніг і падручнікаў для патрэб Расійскай імперыі) – выданні да 1830 года, улётак (лістовак), календароў, карт, мініяцюрных выданняў і кніг вялікага фармату.

Акрамя ўжо згаданых калекцый "Тургенеўкі" і "Пятлюраўкі" захоўваюцца ў нашых фондах асобныя выданні і нават часткі вядомых гістарычных кнігазбораў Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў, Талачынскага і Баркалабаўскага манастыроў, Супрасльскай бібліятэкі Захертаў, Віленскага беларускага музея, Беларускага клуба ў Маскве, Саюза беларускіх пісьменнікаў (да 1991 года – Саюза пісьменнікаў БССР), бібліятэк расійскіх імператараў, а таксама асабістых кнігазбораў прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай эліты – А.Сапунова, Б.Эпімах-Шыпілы, М.Доўнар-Запольскага, А.Станкевіча, В.Ластоўскага, К.Езавітава, А.Ружанец-Ружанцова, М.Мялешкі, Я.Ліманоўскага, Р.Шырмы, С.Новіка-Пяюна,  П.Лепяшынскага, П.Панамарэнкі.

Выданні беларускага замежжа – сведчанні таго, з якой любоўю беларусы захоўвалі сваю мову, традыцыі і культуру ўсюды, куды б ні закінуў іх лёс. Можна лічыць, што Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь, якая не мела ў сваіх фондах выданняў беларускага замежжа, пашанцавала, калі ў 2000 годзе мы атрымалі ў дар ад бібліяфіла, бібліёграфа, гісторыка, беларускага краязнаўцы і адданага чытача бібліятэкі Алеся Баркоўскага больш за 300 выданняў літаратуры беларускага замежжа. Яна фармавалася збіральнікам шляхам перапіскі і кнігаабмену з беларускімі культурна-асветнымі і рэлігійнымі ўстановамі за мяжой і асобнымі дзеячамі беларускай эміграцыі. Шмат літаратуры бібліяфіл атрымаў у Беларускім музеі і бібліятэцы імя Францішка Скарыны ў Лондане (якой сёння загадвае Апостальскі візітатар для беларусаў-католікаў візантыйска-славянскага абраду за мяжой 87-гадовы айцец Аляксандр Надсан) падчас асабістай паездкі ў Вялікабрытанію. На аснове калекцыі Баркоўскага ў нашай бібліятэцы створаны спецыялізаваны фонд "Выданні беларускага замежжа", які папаўняецца сучаснымі дакументамі.

У асобныя  калекцыі пакуль не вылучаліся, але ўяўляюць несумненную цікавасць, часткі некаторых іншых бібліятэк, якія захоўваюцца ў нас: Віцебскай духоўнай семінарыі, Віцебскай гімназіі і Віцебскага рэальнага вучылішча, Полацкага кадэцкага корпуса, Гомельскай мужчынскай гімназіі, Народнага сакратарыята Беларускай Народнай Рэспублікі, Беларускага студэнцкага саюза і Беларускай гімназіі ў Вільні, Беларускага дома асветы ў Ленінградзе, Інстытута беларускай культуры, Беларускага педагагічнага тэхнікума і Мінскага гідратэхнікума, Магілёўскай беларускай савецкай партыйнай школы і Магілёўскага педтэхнікума.

Найбольш цікавыя і ўнікальныя выданні нашай бібліятэкі. Кожнае наша выданне па-свойму адметнае, непаўторнае і каштоўнае. Звернемся, напрыклад, да "Памятных кніжак" беларускіх губерняў, што выходзілі з сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Сёння яны маюць вялікую каштоўнасць для гістарычных (у тым ліку генеалагічных, біяграфічных), геаграфічных, дэмаграфічных, этнаграфічных і краязнаўчых даследаванняў. З іх дапамогаю можна ўзнавіць карціну жыцця губерні, асобных населеных пунктаў ці мясцовасцей, атрымаць звесткі пра заняткі людзей, стан эканомікі, прыроды, культуры на працягу больш чым 50 гадоў.

У сваёй структуры памятныя кніжкі мелі наступныя раздзелы: адрас- каляндар, дзе даваўся пералік усіх урадавых грамадскіх устаноў і іх асабісты склад; даведачны – інфармацыя пра адміністрацыйны падзел, пра паштовыя тэлеграфныя ўстановы, шляхі зносін, прамысловыя, гандлёвыя навучальныя ўстановы, лячэбніцы, аптэкі, музеі, бібліятэкі, кніжныя лаўкі; статыстычныя звесткі пра насельніцтва, сельскую гаспадарку, судовыя і навучальныя ўстановы; краязнаўчыя звесткі – архіўныя дакументы, фальклорныя запісы, навуковыя артыкулы, біяграфічна-бібліяграфічны матэрыял, прыродазнаўча-навуковае апісанне.

Цікава трымаць у руках двухсотгадовы "Латинский лексиконъ" Фамы Разанава, выдадзены ў Маскве ў 1805 годзе, з калекцыі кнігазбору Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў з экслібрысам Ежы Радзівіла і... поўнасцю спісанымі знутры вокладкамі. Можа, нехта з маленькіх Радзівілаў, не могучы запомніць складаныя словы, выпісваў іх на больш бачнае месца? Гэткім чынам па кнігазборах можна і характар іх гаспадароў вывучаць.
 У калекцыі гебраікі – выданняў на іўрыце і ідышы самы ўнікальны дакумент – скрутак на пергаменце даўжынёй больш за 9 м. Гэта – Тора старажытнагабрэйская рэлігійная рэліквія. Цікава, што літары іўрыту, на якім яна напісаная, засталіся нязменнымі на працягу тысячагоддзяў да нашага часу.

"Тупа оратория,  Косноязычна поэзия,  Неосновательна философия, Неприятна история, Сомнительна юриспруденция без грамматики," – так у прадмове да сваёй першай друкаванай грамадзянскім шрыфтам "Российской грамматики" напісаў М.Ламаносаў. Выйшла яна ў Санкт-Петербургу ў 1755 годзе. Наш асобнік выдання належаў да 1917 года вядомаму мінскаму педагогу і бібліяфілу С.П.Зубакіну.           

Увогуле, багата ў бібліятэцы дакументаў, якія непаўторныя, і якіх няма больш нідзе: да прыкладу, "Атлас свету" з арыгінальнай картай Беларусі 1772 года ці арыгінальная літаграфія гравюры знакамітага Напалеона Орды "Каралін пад Пінскам" ХІХ стагоддзя.

Рэдкая прававая кніга бібліятэкі. Зразумела, найбольшую ўвагу мы надаём кніжным помнікам прававой тэматыкі. Таму невыпадкова і наша самае старое выданне – гэта даведнік для натарыуса на лацінскай мове "Іл Бірачына", які выдадзены ў Венецыі ў 1542 годзе. Ён утрымлівае амаль усе тыповыя ўзоры справаводства сярэднявечнай юрыспрудэнцыі.

Сёння беларусы з гонарам сцвярджаюць, што Статут ВКЛ 1588 года ледзь не самы дасканалы збор законаў на роднай мове нацыі ў храналагічным прамежку ад кодэкса Юстыніяна шостага стагоддзя да Кодэкса Напалеона пачатку дзевятнаццатага стагоддзя. А наша бібліятэка мае магчымасць і прадэманстраваць у парыжскім выданні 1548 года гэты Кодэкс Юстыніяна, нормы якога выкарыстоўваліся пры складанні нашага Статута ВКЛ.

Сярэдзіна 1920-х гадоў у БССР – гэта НЭП. Актыўна працуюць прыватны рынак і кааператывы. Вас цікавяць рыначныя цэны на бульбу, крупу, цукар у 1927 годзе? А кааператыўныя цэны? Вы хочаце даведацца – які буфет працаваў ва ўніверсітэцкім гарадку? Які ўнівермаг знаходзіўся на рагу вуліц Савецкай (сення – праспект Незалежнасці) і Камсамольскай? Каму належаў тэлефон №4-17?  Тады разгарніце старонкі дадзенага выдання: "Мiнскi цэнтральны рабочы кааператыў. Справаздача Мiнскага цэнтральнага рабочага кааператыву за 1927–28 гаспадарчы год 1-му сходу ўпаўнаважаных 6-га склiку" (Менск, 1929; на выданні штамп: "Дзяржаўная Бiблiятэка БССР iмя В. I. Ленiна. Аддзяленне пры Доме Ураду"). Між іншым, гэтая кніга ўскосна сведчыць пра тое, што да 1939 года Мінск ў беларускамоўных тэкстах афіцыйна пісаўся менавіта ў варыянце "Менск".

Яшчэ адна кніга з нашага даваеннага фонду – "Материалы о состоянии городского хозяйства города Минска и о работе Минского городского совета" (Минск, 1933). У гэтым афіцыйным выданні прадстаўлены матэрыялы да дакладу Мінскага гарадскога савета прэзідыуму ЦВК СССР. З іх мы даведаемся пра стан прамысловасці, камунальнай гаспадаркі, гандлёвай сеткі, народнай адукацыі, аховы здароўя і іншых кірункаў развіцця горада ў 1927–1933 гадах. Асветлены і бюджэтныя пытанні. Так, мы можам даведацца, што будаўніцтва трамвайнага парку абыйшлося дзяржаве ў 700 тысяч рублёў, новага будынка Дзяржаўнай бібліятэкі – у 1 мільён рублёў, Універсітэцкага гарадка – у 5, 5 мільёнаў рублёў, Дома Урада – у 12 мільёнаў рублёў.

Але асабліва мы ганарымся зборам канстытуцыйных дакументаў, якія

адлюстроўваюць станаўленне дзяржаўнасці і яе прававое забеспячэнне на землях сучаснай Беларусі за больш чым тысячагодовую гісторыю.

Канстытуцыйныя дакументы ў калекцыі самыя розныя. Да прыкладу, адна з унікальных кніг – "Збор важнейшых помнікаў па гісторыі старажытнага рускага права" (Санкт-Пецярбург, 1859) – утрымлівае тэксты, так бы мовіць, гістарычна-прававога жанру. Сярод іншага, у зборнік уключаны дамовы "русаў з грэкамі", датаваныя 911 і 945 гадамі, да заключэння якіх спрычыніліся і дрыгавіцкія ды крывіцкія продкі беларусаў.

У манаграфіі знакамітага айчыннага гісторыка-этнографа М.Доўнар-Запольскага "Палітычны лад старажытнай Русі. Веча і князь" (Масква, 1906) асобныя раздзелы прысвечаныя некаторым інстытутам тагачаснай улады. І хоць канстытуцыі ў сучасным разуменні гэтага паняцця тады яшчэ не было, з манаграфіі можна ўявіць, як будавалася сістэма дзяржаўнага кіравання ў летапісныя "часы Баянавы". Дарэчы, асобнік экспанаванага выдання ў Беларусь патрапіў некалі з Ленінграда–Пецярбурга, пра што сведчаць адпаведныя штампы былых бібліятэк-уладальніц горада трох рэвалюцый над Нявой.

Сярод рэдкіх экспанатаў – дакументы пра тое, як Расія ад самадзяржаўя пераходзіла да канстытуцыйнай манархіі. Зборнік "Законодательные акты переходного времени 1904–1908 гг." выдадзены ў Санкт-Пецярбургу ў 1909 годзе. Тут змешчаны ўсе царскія маніфесты за аглядаемы перыяд,  у якіх дазваляліся пэўныя свабоды, у тым ліку і на беларускіх тэрыторыях.

Захоўваюцца ў Прэзідэнцкай бібліятэцы дакументы арыгінальныя сваім паліграфічным афармленнем. Гэта, найперш, канстытуцыі савецкага перыяду – як Канстытуцыя 1927 года, калі ў Беларусі існавалі чатыры дзяржаўныя мовы: беларуская, польская, руская і габрэйская. Адпаведна і тэкст Канстытуцыі прыводзіцца паралельна на чатырох мовах ды аздоблены каляровымі выявамі дзяржаўных герба і сцяга.

Яшчэ адна брашура М.Доўнар-Запольскага "Асновы дзяржаўнасці Беларусі", выдадзеная ў 1919 годзе ў Городне (так тады называлі Гродна) акрамя беларускай на ўсіх міжнародных замежных мовах: французскай, англійскай, нямецкай. Цяпер гэта таксама ўжо гістарычны дакумент, у якім адлюстраваны працэсы беларускага дзяржаваўтварэння і яго заканадаўчага замацавання ў прасторы і ў часе.

У ліку рэдкіх выданняў "Дневник Люблинского сейма1569 г." (Санкт-Пецярбург, 1869) – збор права Беларусі перыяду Вялікага княства Літоўскага, у якім дзень за днём адлюстраваны выступленні, спрэчкі, прыезд і ад’езд дэлегатаў, цырымонія падпісання палітычнай уніі ВКЛ і Кароны Польскай 1569 года, прыводзіцца і яе тэкст.

Нацыянальная кніга. Дыяментамі нашага кнігазбору нацыянальнай кнігі з'яўляюцца прыжыццёвая выданні Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага, у тым ліку чатыры асобнікі адзінага прыжыццёвага паэтычнага зборніка Максіма Багдановіча "Вянок", якому ў гэтым 2013 годзе спаўняецца 100 гадоў з дня выхаду ў свет. Беражліва захоўваюцца першыя легальныя газеты на роднай мове "Наша доля" (1906) і "Наша ніва" (1906–1915), энцыклапедычныя па сваім змесце часопісы "Крывіч" (1923–1927), "Наш край" (1925–1930), "Беларуская школа ў Латвіі" (1926–1929, 1932 –1933).

Вось "Жалейка" – першы зборнік Янкі Купалы, выдадзены ў пачатку 1908 года ў Санкт-Пецярбургу выдавецкай суполкай "Загляне сонца і ў наша ваконца" накладам 4300 асобнікаў. У ім надрукаваны 95 лірычных вершаў 19051907 гадоў і паэма "Адплата кахання". У зборніку ўпершыню публікуецца праграмны верш паэта "А хто там ідзе? ", які заняў асаблівае месца ў творчасці Купалы, бо на доўгі час стаў неафіцыйным беларускім гімнам і быў перакладзены на 82 мовы свету. Сам зборнік двойчы канфіскоўваўся царскімі ўладамі.

Вось "Смык беларускі" – зборнік вершаў Францішка Багушэвіча, шырока распаўсюджаны ў свой час у беларускіх вёсках. Гэта была ці не адзіная беларуская кніжка, якая непасрэдна служыла абуджэнню ў народзе яго нацыянальнай свядомасці ў канцы ХІХ–пачатку XX стагоддзя.

Вось "Лучынка" літаратурна-мастацкі і навукова-папулярны часопіс краязнаўчага кірунку для беларускай моладзі. Выдаваўся на беларускай мове ў Мінску ў 1914 годзе. Рэдактар-выдавец А.Уласаў, літаратурны рэдактар А.Пашкевіч (Цётка). У часопісе супрацоўнічалі пісьменнікі і публіцысты газеты "Наша ніва", беларускія студэнты. "Лучынка" прапагандавала ідэі  асветы на роднай мове, самаадукацыі, духоўнага і нацыянальна-патрыятычнага выхавання дзяцей і юнацтва.

Вось "Калоссе" – штоквартальны літаратурна-мастацкі часопіс. Выдаваўся ў 1935–1939 гадах у Вільні на беларускай мове. Змяшчаў артыкулы па гісторыі культуры Беларусі, беларускай мовы і літаратуры, краязнаўстве, публіцыстычныя, літаратурна-крытычныя і мастацкія творы. Асвятляў становішча ў Польшчы, Заходняй Еўропе. Супрацоўнікамі часопіса былі дзеячы Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ), заходнебеларускія пісьменнікі.

Выкарыстанне рэдкай кнігі ў абслугоўванні чытачоў. Некаторыя сфармаваныя і асобна вылучаныя калекцыі рэдкіх выданняў непасрэдна выкарыстоўваюцца ў абслугоўванні нашых прыярытэтных чытачоў – дэпутатаў, работнікаў органаў улады і самакіравання; другія – прыдатныя для гэтага ў меньшай ступені. Тады, у апошнім выпадку, на першы план выходзяць нацыянальныя і сацыяльныя функцыі Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь – бібліятэкі з рэспубліканскім статусам, – як аднаго з навукова-даследчых цэнтраў кнігазнаўства ў краіне, як базы навукова-вытворчай практыкі для студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, як дзяржаўнай бібліятэчнай установы, права на атрыманне неабходнай інфармацыі ў якой маюць усе паўналетнія грамадзяне. Такім  чынам, кожнае наша рэдкае выданне атрымлівае канкрэтны чытацкі адрас альбо ўводзіцца ў паўнацэнны навуковы зварот.

Стварэнне электроннай бібліятэкі. Алічбоўка і фарміраванне электронных калекцый, уласнымі сіламі ці сумесна з іншымі арганізацыямі, – адзін з найважнейшых напрамкаў дзейнасці нашай бібліятэкі. Як захаваць ці зрабіць шырокадаступнымі старажытныя, рэдкія, кшталту Радзівілаўскіх ці Тургенеўскіх, выданні ці каштоўныя афіцыйныя дакументы, якія адлюстроўваюць палітыку дзяржавы незалежна ад часу? Найлепш зрабіць іх лічбавую копію, размясціць на сайце ці выпусціць дыск.

Для віртуальнай рэканструкцыі калекцыі "Бібліятэкі Нясвіжскай Ардынацыі Радзівілаў" у межах спецыяльнага праекта міжнароднай праграмы ЮНЕСКА "Памяць свету" намі алічбавана звыш 120 поўных тэкстаў. Створана лічбавая калекцыя "Друк Беларусi 1941–1945 гадоў".

Працягваецца праца над стварэннем электроннага банка крыніц канстытуцыйнага права Х–ХХI стагоддзяў. Галоўная задача праекта – забяспечыць шырокі доступ усім жадаючым да гістарычных матэрыялаў. Улічваючы, што дакументы маюць высокую гістарычную каштоўнасць і адчуваюць патрэбу ў пэўных умовах захавання і карыстання, доступ да іх часам абмежаваны нават для невялікага кола спецыялістаў. Таму падрыхтаваныя дыскі маюць выключнае значэнне, і таму бібліятэка ідзе па шляху прадастаўлення спадчыны ў электроннай версіі.

Навуковымі кансультантамі ў праекце па канстытуцыйным праве выступаюць вядомыя гісторыкі і тэарэтыкі права Р.Васілевіч, М.Чудакоў, А.Літвін, супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Я.Анішчанка і іншыя вучоныя.

Праект па пошуку крыніц права Прэзідэнцкая бібліятэка вядзе супольна з Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Цэнтральнай навуковай бібліятэкай НАН Беларусі.

У межах праекта выдадзены тры CD-дыскі: "Помнікі гісторыі права Беларусі: тэматычны банк даных прававой інфармацыі". У першым выпуску, які з’явіўся ў 2009 годзе, – каля 100 дакументаў (менавіта помнікаў канстытуцыйнага права Беларусі). Імі ахоплены ўвесь перыяд існавання права на нашых землях, пачынаючы ад першых беларускіх протадзяржаў, якія існавалі ўжо ў перыяд з V па VІІІ стагоддзе. Затым ідзе права Полацкага, Тураўскага, Смаленскага княстваў і гэтак далей да пачатку савецкага перыяду і стварэння сучаснай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Прадстаўлены акты ВКЛ і Рэчы Паспалітай, паўстання 1794 года, акты Расійскай імперыі ў дачыненні да Беларусі,  акты перыяду аднаўлення беларускай дзяржаўнасці і БНР.

У другім дыску ўжо 132 дакументы, у трэцім іх яшчэ болей: тэма знаходзіць працяг у адпаведных дакументах. Гэта канстытуцыйныя законы, міжнародна-прававыя акты, юрыдычная літаратура.

Яшчэ адзін дыск выпушчаны Прэзідэнцкай бібліятэкай Рэспублікі Беларусь называецца "Гісторыя канстытуцыйнага права Рэспублікі Беларусь". У ім сабраныя бібліяграфічныя запісы на манаграфіі, зборнікі навуковых прац, артыкулы ў газетах і часопісах за 1995–2010 гады. Змешчаны тэксты Канстытуцый Беларусі, прынятых ў 1919, 1927, 1937, 1978 і 1994 гадах. У дыск уваходзяць таксама канстытуцыйныя акты 1941–1945 гадоў: савецкія дакументы і акты фашысцкай Германіі, якія дзейнічалі на акупаванай тэрыторыі Беларусі ў той час.

Цяпер яны і для гісторыкаў, і для насельніцтва вельмі цікавыя і нават карысныя практычна ў пэўных выпадках. Напрыклад, калі Германія выплачвала дапамогу грамадзянам – ахвярам вайны, людзі звярталіся не толькі ў афіцыйныя ўстановы, але і да нас, і мы для іх шукалі па старых картах, у склад якой дзяржавы ўваходзіў той ці іншы рэгіён. Да прыкладу, даваенная Беластоцкая вобласць БССР у часе акупацыі адміністрацыйна адносілася да Прусіі – тэрытарыяльнай адзінкі карэннага фашысцкага рэйха, а пасля вайны адыйшла да Польшчы. Адпаведна належала атрымліваць і кампенсацыю.

Краязнаўцы і краязнаўства. Без шчыльнага спалучэння працы з рэдкімі выданнямі і працы беларусазнаўчай, краязнаўчай проста немагчыма арганічна ўвязваць папулярызацыю культурна-духоўнай спадчыны і надзённыя задачы дзяржаўнага будаўніцтва ў незалежнай і суверэннай Рэспубліцы Беларусь.

Таму ў пошуку жыццяпісных слядоў найбольш адметных калекцый з фондаў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь мы імкнёмся максімальна выкарыстоўваць архіўныя і музейныя матэрыялы, магчымасці рэгіянальнага супрацоўніцтва. У аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў бібліятэкі наладжаны добрыя сувязі з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь (НАРБ), Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі (НГІАБ), Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь, Гомельскай і Брэсцкай  абласнымі бібліятэкамі, краязнаўцамі не толькі сталіцы і абласных цэнтраў, але і з Бабруйска, Мазыра, Талачына, Брагіна.

Акрамя іншага краязнаўчая частка нашай рэдкай літаратуры вельмі дапамагае выконваць запыты чытачоў з усіх канцоў Беларусі па гісторыі дзяржавы і права асобных мясцовасцяў. Дзеля гэтага мы шмат увагі надаём набыццю новых рарытэтаў. Так, у 2010 годзе былі куплены праз букіністычную краму два рукапісныя дакументы ХІХ–ХХ стагоддзяў. Некалі яны ўваходзілі ў склад царкоўных (прыхрамавых) бібліятэк.  Абодва дакументы не маюць вокладак, першых і апошніх старонак. Таму на падставе аналізу зместу ўмоўна названы намі: першы – "Кніга афіцыйнай дакументацыі Янаўскага благачыння. 1852–1857 гг.", другі – "Кніга афіцыйнай дакументацыі праваслаўнага  прыходу Радчыцкай царквы. 1934–1935 гг.". Пры іх праглядзе перад намі паўстаюць здаецца невялікія храналагічна, але насычаныя самымі рознымі падзеямі пласты сацыяльнага жыцця "берасцейскага" рэгіёна двух папярэдніх стагоддзяў – пытанні аховы і распаўсюджвання праваслаўя, супрацьдзеянне ўплывам канкурыруючых канфесій, гаспадарчы і фінансавы складнікі знешняй царкоўнай дзейнасці, маральны стан духавенства і прыхаджан, судовыя справы. Заўважым таксама, што ў вывучэнні такіх дакументаў неабходна аб’ядноўваць намаганні як мінскіх даследчыкаў, так і краязнаўцаў з рэгіёнаў, бо часам толькі веданне мясцовай тапанімікі, легенд і паданняў дапамагае расчытаць той ці іншы дакумент, раскрыць белыя плямы айчыннай гісторыі і, як вынік, – расшыфраваць своеасаблівыя цывілізацыйныя  пасланні нашых продкаў.

Вось чаму, дбаючы пра профіль і задавальненне прафесійных інфармацыйных патрэб сваіх карыстальнікаў, Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь у сваёй дзейнасці не пакідае па-за ўвагай сацыяльную і грамадска-культурную складнікі сваёй "місіі". Гэта значыць, для калекцыі любой жанравай скіраванасці павінен знайсціся свой чытач. Пазіцыя сабакі на сене ў працы з кніжнымі рарытэтамі, найперш нацыянальным дакументам, падаецца нам зусім непрымальнай.

Вобразна кажучы, мы захоўваем мінулае для будучага! Каб квітнела і мацнела наша дзяржава!

Напрыканцы хацелася б звярнуцца з двума просьбамі да жыхароў вашага рэгіёна. Першае. У сярэдіне 80-х–пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя нашая бібліятэка стварыла адзіную рэспубліканскую сістэму бібліятэчнага і інфармацыйнага абслугоўвання мясцовых органаў улады і кіравання Беларусі. Дзякуючы гэтай сістэме, вобразна кажучы, кожны народны дэпутат, кожны дзяржаўны службоўца – ад кіраўніка райкамунгаса да старшыні сельсавета мог звярнуцца да нас з запытам знайсці тую ці іншую патрэбную ў працы кнігу, інфармацыю па азеляненню населенага пункта, альбо інструкцыю па арганізацыі перапісу насельніцтва. Урадавая бібліятэка БССР была тады ўнікальнай (ледзь не адзінай у СССР) такога тыпу і з'яўлялася базай перадавога вопыту для іншых саюзных рэспублік. Сёння мы развіваем былую сістэму ў новых умовах незалежнай і суверэннай Рэспублікі Беларусь і электронна-інфармацыйнага грамадства.  Калі мы вам патрэбны як крыніца інфармавання па любых пытаннях і праблемах дзяржаўнага будаўніцтва, права, палітыкі і міжгаліновай эканомікі, – выходзьце з намі на сувязь. Тое самае датычыць і супрацоўнікаў мясцовых бібліятэк, якія маюць недахоп такой інфармацыі.

Другое. На падстрэшках і ў запыленых кладоўках нашых грамадзян захоўваецца шмат яшчэ забытых самімі ўладальнікамі старажытных і рэдкіх кніг, часопісаў, газет, календароў і ўлётак. Добра, як яны ўяўляюць з сябе сямейныя рэліквіі, а не апынуцца на сметніцы пасля адыходу  руплівых захавальнікаў у лепшы свет. У апошнім выпадку лепш нашчадкам перадаць такія выданні альбо матэрыяльныя рэчы ў бібліятэку, архіў, музей. Просім звяртацца да нас з любымі прапановамі на гэты конт. Гарантуем, што ў Прэзідэнцкай бібліятэцы кожнаму рарытэту знойдзецца дастойнае месца.

А яшчэ запрашаем усіх жадаючых да нас на экскурсію. Вы не толькі атрымаеце асалоду ад знаёмства з старажытнымі кнігамі, але, магчыма, сустрэнецеся з... прывідамі, што блукаюць па скляпеннях Дома Урада. Якімі?! Прыязджайце пазнаёміцца. А ўладкаваць асабісты жаночы ці мужчынскі лёс вам дапамогуць магічныя 150-кілаграмовыя жорны і пярсцёнкі (ім каля тысячы гадоў) з закляццямі – рунічнымі знакамі, што захоўваюцца ў невялічкім музейчыку пры аддзеле старадрукаў і рэдкіх выданняў. Дарэчы, стаць чытачом нашай бібліятэкі можа любы поўналетні грамадзянін: патрэбныя толькі пашпарт і фатаграфія.

Наш адрас і кантактныя тэлефоны: 220010, г.Мінск, Дом Урада, вул.Савецкая, 11. Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь. Дырэктар –Сяргей Іванавіч Квачан, тэл. – 222-65-68; загадчык аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў –Валерый Мікалаевіч Герасімаў, тэл. – 222-45-20. Неабходную інфармацыю можна таксама знайсці на сайце бібліятэкі – http://preslib.org.by.

Валерый Герасімаў.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили