Нясцерпны боль сціскае сэрца вось ужо шмат дзён, глыбокі смутак ахінае душу, адольвае жаданне вярнуць час, адхінуць падзеі назад, папярэдзіць трагічныя хвіліны і... адчай ад бездапаможнасці. Жэнькі ўжо няма. І ніколі з ім не сустрэцца, не пачуць яго голас: “Прывітанне, Тамара Лявонцьеўна! Як жыццё?”.
Яно ў Жэні Кішко, нашага калегі, было кароткім – 20 гадоў і 3 месяцы, – але яркім, насычаным, імклівым.
Першае вершаванае чатырохрадкоўе Жэнька напісаў у 11 гадоў. Яно і паслужыла падставай для нашага знаёмства.
...Пастукаўшыся, у кабінет зайшоў маленькі, як тады мне здалося, кучаравенькі хлопчык. Прывітаўся на беларускай мове (дарэчы, Жэня размаўляў і пісаў на роднай мове) і, падзякаваўшы за запрашэнне прысесці, запытаў:
– Я вось тут склаў вершык да фотаздымка “Што б гэта значыла?”, можа б, хто-небудзь пачытаў?
Прачытала і была ўражана трапнасцю думкі, вобразнасцю, таму не стрымалася, зацікавілася:
– Сам пісаў, ці, можа, хто дапамагаў?
– Сам. Мама чытала і сказала: “Занясі ў рэдакцыю”.
У тую сустрэчу мы размаўлялі з ім доўга. Ён расказваў пра свае захапленні, пра СШ №2 г.Клецка, дзе вучыўся, пра маці Зою Канстанцінаўну, бабулю і дзядулю. І столькі было цеплыні, захаплення ў яго голасе, дзіцячай непасрэднасці і шчырасці! Здзівілі ў хлопчыку сталасць і мудрасць думак не па гадах, назіральнасць.
З таго дня Жэнька смела заходзіў у кабінет, прыносіў свае вершы, а пазней – матэрыялы. Удзельнічаў як член школы юнкораў у абласных конкурсах сярод маладых аўтараў і заўсёды займаў у іх прызавыя месцы.
Часта наведваўся ў рэдакцыю і проста для таго, каб разам адшукаць тэму для напісання артыкула, параіцца.
Закончыўшы базавую школу, вырашыў прадоўжыць вучобу ў Клецкім сельскагаспадарчым ліцэі, дзе таксама праяўляў разнастайную актыўнасць і ініцыятыўнасць, якія, варта адзначыць, заўважаліся і станоўча ацэньваліся педкалектывам, дырэкцыяй. Чаму менавіта ліцэй? Сам Жэнька растлумачыў так: буду набываць прафесію і адначасова рыхтавацца для паступлення на журналісцкі факультэт. Ён марыў стаць прафесіянальным журналістам. Мару юнака мы падтрымлівалі, а ў тайне ад яго самога і маці асабіста я бачыла Жэню сярод мясцовых раёншчыкаў-калегаў, бо ў творчым крэда хлопца ярка вырысоўваліся задаткі ўдумлівага, няўрымслівага журналіста, і таму пасля паспяховага заканчэння ім ліцэя прапанавала пасаду карэспандэнта рэдакцыі. Жэня з радасцю згадзіўся і ў тое ж лета паступіў на завочнае аддзяленне Інстытута журналістыкі БДУ. Сёлета ён закончыў бы ўжо два курсы, заставаліся літаральна лічаныя дні да пачатку сесіі, але трагічны выпадак абарваў маладое жыццё, мары і здзяйсненні, паспяховае будучае журналіста. Што яно было б паспяховым, я ніколькі ў гэтым не сумнявалася. Жэня настойліва, удумліва, вынаходліва працаваў над словам, яго трапнасці іншы раз па-добраму зайздросціла сама і радавалася. Радавалася яго прафесійнаму росту, яго ўменню назіраць і бачыць, слухаць і чуць, яго бязмежнай любові да роднай вёскі Цапэрка, дзе ён бавіў шмат часу ў бабулі і дзядулі, якім дапамагаў па гаспадарцы як узмужнелы юнак, бо ўмеў і касіць, і каня запрэгчы, і араць.
Хоць і жыў у горадзе з маці, добра ведаў сельскае жыццё, яго будні і святы, цаніў і любіў аднавяскоўцаў, прысвячаў ім замалёўкі, вершаваныя радкі, трапна перадаючы малюнкі вясковага быцця. А той першы верш-подпіс пад фотаздымкам знайшоў працяг на яго прафесійным шляху. Ужо будучы карэспандэнтам рэдакцыі, Жэня разам з фотакорам адкрыў новы праект у газеце і сам прыдумаў да яго рубрыку: “З паэтычным фотапрыцэлам”. Працаваў над ёю, іншы раз і над стварэннем фотасюжэтаў, з творчым агеньчыкам. Аўтарскі праект быў станоўча адзначаны ў абласным конкурсе сярод рэдакцый раённых газет.
У кабінет Жэнька заходзіў заўсёды з якой-небудзь ідэяй:
– Я вось тут нешта прыдумаў, ці рэальна гэта, паслухайце, Тамара Лявонцьеўна.
І пачынаўся творчы пошук, вуснае расследаванне тэмы, ідэі... Яго чыталі, менавіта яго, бо аўтар Я.Кішко стаў ужо любімым у многіх чытачоў. Яго слухалі са сцэны і горача апладзіравалі...
...Школа, СПЛ, без малога два гады працы ў рэдакцыі нашай раённай газеты і такі ж перыяд вучобы на завочным аддзяленні Інстытута журналістыкі БДУ, супрацоўніцтва з газетай “Беларуская ніва”, часопісам “Вожык”, абласным клубам паэтаў і кампазітараў “Жывіца”, граматы, дыпломы за творчыя работы як пераможцу конкурсаў, спаборніцтваў – іх “назбіралася”, калі рыхтаваў дакументы для паступлення, на цэлы альбом ... Усё гэта ўмясцілася ў яго кароткае дваццацігадовае жыццё. Нават паспеў стаць у чаргу на будаўніцтва кааператыва. ...Ён нібы спяшаўся жыць, баючыся, што не паспее ўсё задуманае ажыццявіць.
Жэня любіў жыццё, людзей, у яго было шмат сяброў. Ён верыў у чэснасць, справядлівасць, дабрыню, бо сам быў такім – добрым, адкрытым, шчырым, сумленным, клапатлівым сынам, унукам, не раўнадушным да ўсяго, што адбывалася побач.
Паэт, сельскі журналіст, менавіта так яго называла пры жыцці, такім Жэнька для мяне і застаўся, бо за тыя гады, што ведала яго, паспела палюбіць як сына і ўскладвала вялікія надзеі як на прафесіянала. У яго магло быць яркае будучае. Але.. не будзе. Застаецца вечная памяць і смутак, боль, спачуванне маці, бацьку, родным.
Тамара Калейнік, былы галоўны рэдактар ДУ “Рэдакцыя газеты “Да новых перамог”.
Отправить комментарий