Сейчас загружается

Прынц Вільгельм у Радзівілімонтах

Застаўка красавікЛюдзі, якім даводзіцца бачыць рэшткі палаца ў Чырвонай Зорцы, колішніх Радзівілімонтах, шчыра не могуць зразумець, чым жа адметная названая мясціна. І сапраўды, цяжка ўявіць, што некалі гэта быў прыгажэйшы куточак Клеччыны, дзе віравала тое, што прынята называць свецкім жыццём. Тут не саромеліся прымаць самых высокіх гасцей. Здаецца, ніхто яшчэ не складаў спіска князёў, графаў і іншых тытулаваных асобаў, якія адведвалі радзівілаўскі палац. Але, думаю, не памылюся, калі скажу, што на першае месца і па знатнасці, і па ўплыву трэба паставіць спадкаемца трона Германскай імперыі прынца Вільгельма Гогенцолерна – будучага імператара (кайзера) Вільгельма ІІ.
Яго Высокасць запрасіў уладальнік Нясвіжскай і Клецкай ардынацый Антоній Вільгельм Радзівіл – прадстаўнік прускай лініі роду, якая брала пачатак ад аднаго з клецкіх Радзівілаў. Значныя багацці і асабістыя здольнасці забяспечылі яе прадстаўнікам трывалае становішча пры двары. Яны нават знаходзіліся ў сваяцтве з прускім каралеўскім домам. Антоній Вільгельм, пра якога ідзе гаворка, зрабіў бліскучую вайсковую кар’еру – даслужыўшыся да генерала артылерыі. Удзельнічаў у войнах з Аўстрыяй і Францыяй, быў ад’ютантам трох нямецкіх імператараў, а на яго мундзіры ззялі вышэйшыя ўзнагароды амаль усіх еўрапейскіх краін.
У 1875 г. Антоній разам з жонкай перабраўся на сталае жыхарства ў Беларусь. Яго новай рэзідэнцыяй стаў Нясвіжскі палац, для аднаўлення якога пара прыклала вялікія намаганні. Разам з тым, князь не забываў і старых сяброў. У лютым 1886 г. ён арганізаваў вялікае паляванне на мядзведзя, сярод удзельнікаў якога быў і прынц Вільгельм. У свіце спадкаемцы трона знаходзіўся мастак Юліян Фалат, які пакінуў не толькі серыю замалёвак, але і ўспаміны пра тыя падзеі.
Спачатку высокія госці прыбылі ў Нясвіж. Там іх сустрэў рускі генерал Струкаў, адмыслова камандзіраваны ўрадам для суправаджэння нямецкага прынца. Нягледзячы на афіцыйныя мерапрыемствы, роўна ў чатыры гадзіны дня санны поезд рушыў на Радзівілімонты. “Прыязджаем туды ўжо цёмнай ноччу, – паведамляе Ю.Фалат. – Кучы дроў, што гарэлі на павароце дарогі, у сярэдзіне дзяцінца, перад стайнямі і ў розных закутках, сведчаць, што дрэва тут хапае. Сканцэнтроўваю ўвагу, аж дух мне займае ў грудзях. Радзівілімонты – гэта два доўгія драўляныя аднапавярховыя будынкі, якія стаяць адзін супраць другога з размешчанымі ў сярэдзіне ганкамі. Вялізныя драўляныя калоны, якія падтрымліваюць дахі ганкаў, даюць уяўленне аб велічыні сосен, што тут растуць. Марозная пара перанасычвае цёмную ноч – зямлю пакрывае амаль мятровы слой нядаўняга снегу. Перад ганкам шэраг радзівілаўскіх паляўнічых у поўным узбраенні, з паходнямі ў руках, сабраных у знак пашаны да вялікага госця. Радасць б’е з усіх твараў: відаць, што паляванне ў Радзівілаў – гэта вялікае свята. Маю ўвагу прыцягваюць ляснічыя – праўдзівыя вернідубы. Рух людзей, прыезд санак, хаджэнне прыезжых паміж будынкамі нагадваюць карнавальны настрой…”.
Пераначаваўшы ў маёнтку, гаспадары і госці накіраваліся на поўдзень радзівілаўскіх уладанняў, да вёскі Астроўчыцы, якую Ю.Фалат назваў “варотамі лясной краіны”. Далей пачыналася Дзяніскавіцкая пушча – адно з улюбёных месцаў княжацкіх паляванняў. Тут, у лясной глушы, ужо чакалі цэлыя табары паляўнічых санак і вялікая колькасць загоншчыкаў, што грэліся каля безлічы вогнішчаў. Нарэшце, бліжэй да полудня паляўнічыя выйшлі на вызначаныя месцы.
Прынц Вільгельм заняў пазіцыю паміж двух Радзівілаў. З аднаго боку стаяў Антоній, з другога – Мацей Радзівіл, уладальнік маёнтка Паланечка каля Баранавічаў. Калі загоншчыкі выгналі мядзведзя, ганарысты прусак не спяшаўся страляць. Ён прывык, што яму, як асобе каралеўскай крыві, належыць права першага стрэлу, і спакойна падпускаў дзічыну бліжэй. І раптам з месца князя Мацея прагучаў стрэл. Мядзведзь паваліўся на снег. Сітуацыя склалася не вельмі прыемная, улічваючы статус госця. Ды і сам Мацей зразумеў сваю памылку, але хутка знайшоў выйсце. “Ваша Высокасць, – звярнуўся ён да Вільгельма, – малыя мядзведзікі для мяне, а вялікія – для Вашай Каралеўскай Вялікасці”. Усе прысутныя, як па камандзе, пачалі прыніжаць вартасць здабычы, даводзячы, што яна ўвогуле не вартая клопату. Настрой прынца некалькі палепшыўся, і ён вярнуўся на пазіцыю. Праз некалькі дзён задаволены Вільгельм вяртаўся дадому. За час палявання ён здабыў аднаго лася, двух вялікіх і аднаго малога мядзведзя. Яшчэ аднаго ляснога волата запісаў на свой рахунак яго ад’ютант. Двух маленькіх мядзведзянят павезлі ў Берлін жывымі ў якасці трафеяў.
Праз два гады прынц стаў германскім імператарам Вільгельмам ІІ. Калі ў 1918 г. нямецкія войскі занялі Нясвіж, ён, захоўваючы добрую памяць пра Радзівілаў, некалькі разоў накіроўваў адмысловыя тэлеграмы, якімі прадпісваў ахоўваць палац і фамільныя пахаванні ў сутарэннях касцёла. Звестак пра ахову Радзівілімонтаўскай сядзібы няма, хоць можна меркаваць, што кайзер адчуваў пэўны сантымент да гэтай мясцовасці. Шкада – пра гэта не ведалі нямецкія салдаты, якія ўчынілі крывавую бойню ў Бабаевічах у сакавіку 1918 г. Але гэта ўжо іншы час, і іншая гісторыя…

Андрэй Блінец, пазаштатны аўтар газеты.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили