Сейчас загружается

Антосева крынiчка

IMG_7135_Сёння ў доме дунайчыцкіх вяскоўцаў Барташэвічаў – вялікае свята. На выхадныя тут збяруцца ўсе пяцёра дзяцей, вылецеўшых некалі з роднага гнязда, дзесяць унукаў разам з іх малымі дзецянятамі – праўнукамі Антона Мікалаевіча і Галіны Сямёнаўны. Нагода значная: разам з 70-годдзем Вялікай Перамогі ветэран А.М.Барташэвіч адзначае свае 90!

Антося прызвалі ў армію ў 1944 годзе. Першую ваенную навуку атрымліваў у лесе пад Брэстам, пасля тых трэніровак быў накіраваны ў супрацьтанкавую артылерыю. Першы бой у юнака быў пад Віслай.
– Адтуль фронт трымаў наводку на Варшаву, а там, як прайшлі ўсю Польшчу, аказаліся на нямецкай тэрыторыі. Так рухаліся аж да самага Берліна, дзе і сустрэліся з амерыканцамі, – Антон Мікалаевіч коратка, без асаблівых эмоцый і разважанняў расказаў пра свой ваенны шлях.
Сівавалосы стары задумаўся і зняў свае акуляры. Цяпер я лепш разглядзела яго “парэзаны” на глыбокія маршчыны твар, блакітныя глыбокія вочы, якія з узростам сталі кепска бачыць, і адчула яго душэўную дабрыню і цеплыню, калі той заўсміхаўся, адказваючы на чарговае пытанне пра пачуцці, што адольвалі, калі зразумеў аб заканчэнні вайны?
– Пачуцці? Дзіва, што будуць тыя пачуцці! Ведалі, што хоць адпачнем крыху, але больш рады былі, што засталіся жывыя, – шчырую гутарку пачаў ветэран, – нас сем чалавек на адну пушку было, ды і замена ў кожнага, як параняць або заб’юць, трэба ж каб нехта твае функцыі выконваў. Увесь час мы былі без сну: і днём, і ноччу ваявалі. Я цяпер не разумею, як былі без адпачынку, як вытрымлівалі, але, ведаеце, і не хацелася спаць, і сіл хапала, не слабелі і не драмалі – увесь час ваявалі. Як я трапіў на фронт, немец ужо не такі дужы і моцны быў. Ён яшчэ затрымліваўся, аднак сілы былі не тыя: паб’е-паб’е трохі і супакоіцца, так і гналі паціху яго перад сабой – мы ўслед за пяхотаю і падступалі. У савецкіх войскаў моцнае ўзбраенне, было чым біць. Але нашых шмат загінула...
Гінулі тысячы, мільёны. А каму шчасціла і заставаліся сілы, цаною неймаверных пакут і старанняў рухаліся наперад: мэта была адна – перамагчы. Ваявалі на знос. Няспыннае наступленне патрабавала ўсё больш і больш сіл, а яны страчваліся.
– Разумеючы, што магу проста больш не вытрымаць фізічна, пачаў прасіць Бога, каб мяне раніла, не моцна, крыху, каб пару дзён проста адпачыць. Клянуся вам, як на духу кажу. Але толькі каб не насмерць, так – лёгка, – прызнаецца ветэран. – І Бог пачуў мае малітвы: ніжэй паясніцы чатыры асколкі ад снарада прабілі шынэль, ватнікі, бялізну зімовую і нідзе не заселі. Каб не ватнікі, прайшлі б навылёт.
Паколькі раненне на самой справе было не цяжкім, Антона Барташэвіча пакінулі ў палявым шпіталі. Тры асколкі дасталі, а адзін не заўважылі, з якім ветэран вось ужо і да 90 гадоў дажыў. Трымалі не доўга – яшчэ не зажыла рана, а артылерыст пачаў прасіцца на фронт:
– Вядома ж, акрыяў, кажу – хопіць прахалоджвацца, ваяваць трэба, што я тут разлёгся, пускайце. І вярнуўся ў сваю роту.
Менавіта гэты выпадак змяніў светапогляд Барташэвіча:
– Я ўвесь час маліў Бога, каб раніла, але лёгка, каб не забіла. Пасля гэтага пачаў думаць, што Бог ёсць на свеце. Чаму ж так атрымалася?
І ўжо падчас мірнага жыцця ў Дунайчыцах заўсёды наведваў царкву, спяваў у царкоўным хоры, далучыў да якога Антона Мікалаевіча дзяк-сусед.
Але на радзіму А.М.Барташэвіч вярнуўся яшчэ не хутка. Да 1949 года служыў у афіцэра ад’ютантам, той паглядзеў, што чырвонаармеец добра разумее і крыху размаўляе па-нямецку, і да апошняга трымаў нашага земляка каля сябе. А як знайшоў замену, Барташэвіча накіравалі ў Беларусь.
Пра вайну, калі збіраюцца родныя, гаворка заходзіць часта, вядома ж, толькі з сям’і на яе пайшлі тры швагры і тры браты, блага, вярнуліся ўсе. А з сяла – з кожнай хаты і па некалькі чалавек, заставаліся толькі хто зусім стары, а так – да 1926 года нараджэння аказаліся ў акопах.
Антон быў у сям’і самым малодшым, таму калі браты і сёстры раз’ехаліся, застаўся даглядаць бацькоў і родную хату. Сёння ён, будучы старэйшым у родзе, і сам не ведае, з якога году гэтая хата, здаецца, стаяла яна тут ўсё жыццё, але галоўнае, што Антон Мікалаевіч захаваў бацькоўскі кут і спадчыну, падтрымлівае і цяпер яго ў належным стане. Безумоўна, не без непасрэднага ўдзелу гаспадыні – Галіны Сямёнаўны. Калі ён яе, мясцовую, спаткаў, дзяўчына не мела яшчэ і 19 гадоў, каб можна было ажаніцца ды павянчацца. Але жаніх, старэйшы яе на 10 гадоў, чакаў:
– Нічога, што маленькая, падрасце, можа. Але гэтая маленькая аказалася даражэй за вялікую. І робіць усё, і пяцёра дзяцей выгадавалі. Дружна жылі, а чаго ж нам ваяваць? Наваяваліся, радзіму абараняючы…
У клопатах мужа былі поле, сенакос свой, потым працаваў на спіртзаводзе, перайшоў у калгас. Ён – сапраўдны гаспадар. Клапаціўся пра жонку і дзяцей, дапамагаў родным і аднавяскоўцам. Ніхто ў сяле не мог сказаць пра яго кепскага слова, а пляменніца Ніна Мартынаўна Шылко наогул лічыць яго сваім другім татам:
– Дзядзька Антось застаўся самым старэйшым у нашым родзе, ды неяк і мы з ім больш за ўсіх мелі зносіны. Ён сярод сваіх трох сясцёр і двух братоў – малодшы, з маёй матуляй падтрымліваў сувязь больш чым з кім. Наш дзязька вельмі вясёлы, на кожны выпадак ёсць у яго жартоўны расказ. А працавіты які! Любую работу ведае, як я выйшла замуж, усім вясковым справам майго мужа вучыў больш дзядзька Антось, чым бацька: і касіць, і свінню разбіраць.
За соткамі А.М.Барташэвіча пачынаецца калгасны сенакос, дзе яшчэ ў гады яго маладосці вясковыя мужыкі нарыхтоўвалі для сваёй гаспадаркі сена на зіму. А ад хлява праз увесь палетак шмат гадоў вяла вузенькая сцежка да крынічкі. Мясцовыя жыхары празвалі яе Антосевай, бо менавіта Антон Мікалаевіч усё сваё свядомае жыццё даглядаў яе, абкошваў, абгароджваў, а касцы ў любы час маглі падчас работы наталіць у ей смагу. Сёння і сцежкі той няма, і, напэўна, ніхто і глытка з яе не робіць, бо і сенакос той гаспадарка тэхнікай абкошвае, але стары ветэран часцяком наведваецца да яе – галоўнае, што бурліць яна і праз столькі дзясяцігоддзяў!
Няма супынку дзеду і ў яго 90! Яшчэ мінулаю вясною сам абрэзваў сад.
– Як у такім узросце рызыкнулі на дрэва ўзабрацца?
– Што ж там лезці? Паставіў лесвіцу ля яблыні, а там па лапах і пайшоў уверх! Гэта ерунда.
А які касец дзядька Антось. І сёння яго каса гатова да ранішняй касьбы. Летась усе ўзмежкі сам абкасіў, нават суседскі – нядбайных вяскоўцаў, каб пустазелле не расло, і ў садзе травастой.
– Касу накляпаю так, што не адчуваецца цяжкасці.
Родныя параўноўваюць яго з дзядзькам Антосем з “Новай зямлі” Коласа, я паслухала, і сапраўды…
Я тут партрэт яго зазначу.
Ён невысок, не надта ёмак,
Ды карчавіты і няўломак…
…Антось наш дбалы, акуратны,
А пры рабоце які здатны!
Што ні замысліць, то ўсё зробіць
І так прыгоніць, так аздобіць,
Што і для вока нават міла…
…І людзі дзядзьку шанавалі,
А на кірмашы частавалі.
Каса чыя нядобра косіць,
Няхай Антося ён папросіць:
Антось наладзіць – так дагоніць,
Тады пабач, як загамоніць!
Каса не косіць, каса брые
І шчытнякі бярэ сухія,
Бо ў дзядзькі рукі залатыя.
Антон Мікалаевіч быў передавым на сяле. У яго першага з’явіўся фотаапарат – падарыў немец, у якога пасля вайны ў Германіі жыў на кватэры, навучыў, як рабіць здымкі, а потым усе прылады купіў і сабе, фатаграфаваў сваіх, хадзіў у суседнія вёскі, калі хто прасіў зрабіць фотакарткі на памяць. А яшчэ да брата Антося прыходзіла сястра заўсёды на Каляды і Вялікдзень, каб па прыёмніку паслухаць прамую трансляцыю святочнага богаслужэння з Ватыкана.
Дзверы хаты Барташэвічаў заўсёды былі адчынены добрым людзям. Антон Мікалаевіч з Галінай Сямёнаўнай не зайздросцілі нікому, жылі самі ў міры і згодзе, так і сваіх дзяцей выхоўвалі. Магчыма, сёння яны таму ўсе такія дружныя і кампанейскія, паважаюць бацькоў і шануюць іх. Калі якая справа – хату будаваць, вяселле або радзіны спраўляць – усе разам кінуліся і зрабілі, не лічацца са сродкамі. Ніна, Коля, Маруська, Люба і Вова – іх фотаздымкі на сцяне ў вялікім пакоі, насупраць – здымкі ўнукаў і праўнукаў, і пра ўсіх дзядуля з бабуляю расказваюць з шчырай пяшчотаю, любоўю, радасцю.
Дарэчы, з такімі ж пачуццямі гаворыць пра сваю жонку і Антон Мікалаевіч. Некалі не часта казаў, што любіць, а цяпер прызнаецца ў каханні:
– Я б без яе прапаў, яна – мой камандзір. І сёння выглядае як хораша, мала што 80 гадоў, а прыгажуня! Але ж і я яшчэ маладзец. Мне да ста гадоў на сваіх нагах разам з жонкаю, і больш не трэба…
З такім аптымізмам, любоўю і гумарам, упэўнена, векавы юбілей забяспечаны А.М.Барташэвічу разам з яго другой палавінкаю. А значыць – і яшчэ ні адзін – сумеснага жыцця. З такім жа размахам, як яны летась адсвяткавалі брыльянтавае вяселле.
О, тады сапраўды была ўрачыстасць! Маладых і распісвалі, і на ручнік яны ступалі, кветкамі іх адорвалі, з сельвыканкама ўручылі Дыплом за вернасць і любоў, а малодшы зяць у якасці падарунка прывёз ансамбль, які пяць гадзін без перапынку спяваў і граў на ўсю вёску. На пытанне, колькі каштуе, адказаў: “Гэта не мае ніякага значэння, колькі б ні каштавала, бацькі гэтага заслужылі”.
Такія словы, упэўнена, будуць у сям’і Барташэвічаў гучаць яшчэ многа і многа разоў, а бліжэйшы – у надыходзячыя выхадныя, калі ў бацькоўскім доме збяруцца ўсе віншаваць Антона Мікалаевіча з 90-годдзем, а Галіну Сямёнаўну – з вясновым святам 8 Сакавіка. І абавязкова на застоллі прагучыць любімая ў гэтай сям’і песня “Сердце, тебе не хочется покоя…” А які ж спакой у душы юбіляра бурліць, нібы тая яго – Антосева – крынічка:
– Яшчэ польку як адчыбушу, будзь здароў! Дзе весела, то без мяне там не будзе. Я некалі ў кукольнікі – першы: у кожнай хаце паспяваць, павіншаваць:
Вялик Святый тот день настал,
Христос Воскрес, Сыне Божий!
Что слав от гроба воссиял.
Христос Господь – наш вечный свет.
Христос Воскрес, Христос Воскрес!..
І ветэран заплакаў, папрасіў прабачэння і перастаў спяваць:
– Не магу, без слёз не магу спяваць, шчыміць душа…
Калі спытала ў Антона Мікалаевіча, у чым сакрэт яго доўгажыхарства і фізічных сіл, ён расказаў пра асабісты рэцэпт стравы з зеляніны – шчаўе, укроп, цыбуля, агурэчнік, якую ён ужывае з вясны да позняй восені. Але мне здаецца, што нішто так не падтрымлівае яго маральна і фізічна, як спрыяльнае акружэнне: любоў, спагада, дабрыня, ласка і пяшчота, клопат жонкі, дзяцей. Ім ён жадае здароўя і міру, каб дажылі да яго гадоў і імі радаваліся іх дзеці. А галоўнае, каб быў мір. Калі ўсе разам дзеці і ўнукі будуць віншаваць юбіляра, абавязкова скажуць яму дзякуй за магчымасць жыць у незалежнай Беларусі, дзятва захоча, напэўна, пагуляць і прымераць дзядуліны ўзнагароды, сярод якіх днямі з’явілася чарговая – юбілейны медаль “70 год Вялікай Перамогі”, а вось да медаля “За адвагу” – асаблівыя адносіны, ён застаўся гісторыяй пра ветэрана: «за то, что он в боях за г.Потсдам 28.01.1945 г. под сильным артиллерийско-минометным огнем противника бесперебойно и своевременно подносил боеприпасы к орудию, в результате чего орудием было уничтожено два пулемета, один – НП и рассеяно до взвода пехоты». Многія франтавыя ўжо пагублены, а пра тыя, што засталіся, – “фронтовики, наденьте ордена!»

Ірына Шаг.
Фота Аляксандра Абрагімовіча.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили