Сейчас загружается

Партызаны, героi, патрыёты

Л. СташкоСцвярджэнне пра інтэрнацыянальны характар барацьбы з фашызмам некаторымі ўспрымаецца як прапагандысцкі штамп, створаны ў савецкія часы. І стаўленне да яго можа вагацца ад абыякавага да здзекліва-іранічнага. Не заўсёды мы памятаем, што на нашай зямлі побач з беларусамі, украінцамі, палякамі супраць фашызму змагаліся прадстаўнікі шэрагу еўрапейскіх краін. І далёка не кожны ведае, што на Клеччыне ваявалі і гінулі партызаны-славакі. Якая дарога прывяла іх у беларускія лясы?

Незалежная Славацкая дзяржава ўзнікла на карце Еўропы ў 1939 г. З першых дзён свайго існавання яе ўрад кантраляваўся Берлінам і быў саюзнікам Трэцяга Рэйха. Летам 1941 г. Славакія аб’явіла вайну СССР, на фронт былі накіраваны дзве дывізіі. Аднак большасць вайскоўцаў не падзялялі антысавецкіх настрояў. Салдаты тэрміновай службы мала разумелі ў палітыцы, але яшчэ менш – чаму яны павінны ваяваць за Германію – адвечнага ворага славянства. Баявая эфектыўнасць такіх адзінак была надзвычай нізкай, карысці на фронце яны прыносілі мала. Магчыма, па гэтай прычыне іх пачалі накіроўваць не на перадавую, а ў тыл для нясення ахоўнай службы.
Восенню 1942 г. уздоўж чыгункі Пінск-Гомель размясціліся аддзелы 101-га славацкага палка. У адным з іх служыў 24-гадовы надпаручык (старшы лейтэнант) Ладзіслаў Сташко. Як і большасць калег-афіцэраў, ён не вызначаўся асаблівым стараннем. За ўвесь час знаходжання яго падраздзялення на ахове чыгункі не было ніводнага выпадку, каб славакі перашкодзілі партызанам у здзяйсненні дыверсій. Калі ахова заўважала нешта падазронае, яна спяшалася пакінуць небяспечны ўчастак ды пачынала патруляванне ў іншым месцы. Немцы называлі сваіх славацкіх “саюзнікаў” не іначай як “партызаны нумар два”. Затое з мясцовым насельніцтвам у салдат і афіцэраў 101-га палка завязаліся самыя цёплыя адносіны. Жаўнеры перадавалі вяскоўцам дэфіцытную соль, запалкі, іголкі, цыгарэты, дзяліліся хлебам з уласнага пайка. Узамен атрымлівалі яйкі і малако. Маладыя хлопцы ў ваеннай форме хутка знаходзілі сябровак сярод мясцовых дзяўчат. І штодня ні адзін з іх задаваў сабе пытанне: чаму ён вымушаны ваяваць супраць гэтых людзей, а не дапамагаць ім?
У хуткім часе Л.Сташко ўвайшоў у падпольную арганізацыю, якая рыхтавала пераход славацкіх вайскоўцаў на бок савецкіх партызан. Кіраваў ёю капітан Ян Налепка (пазней ён стане партызанскім камандзірам і Героем Савецкага Саюза). Вакол Сташко паступова гуртаваліся надзейныя салдаты. Але раптам яго аддзел перакінулі пад Мінск, у Ратамку. Старыя сувязі былі разарваны і ўсё давялося пачынаць спачатку. Праўда, партызанскае камандаванне само прыглядалася да славакаў і шукала з імі кантакту. Спачатку дзейнічалі праз сувязных, а неўзабаве адбылася асабістая сустрэча партызанскіх камандзіраў са славацкімі патрыётамі.
У адну са жнівеньскіх начэй 1943 г. на вызначанае месца ў Банькаўскім лесе з’явіліся камандзір атрада імя Суворава 18-й брыгады імя Фрунзэ Іосіф Кушнер, начальнік штаба Фёдар Хацкевіч, камандзір роты Георгій Гукалёнак. Сюды ж падышлі Ладзіслаў Сташко і яго байцы Мартын Барло, Францішак Ворчак і Штэфан Шарына. Сустрэча доўжылася больш за дзве гадзіны. Партызаны распавялі аб становішчы на франтах, перадалі газеты і паведамленні Саўінфармбюро. Славакі падрабязна расказалі пра сістэму ўмацаванняў уздоўж чыгункі Мінск – Маладзечна і аб парадку руху цягнікоў.
Пазней Ф.Хацкевіч прыгадваў: “Дзякуючы атрыманым звесткам наша дыверсійная група разгарнула актыўную дзейнасць. За кароткі час яна пусціла пад адхон 5 варожых эшалонаў, узарвала жалезабетонны мост і двойчы пераразала падземны кабель. Мы працягвалі сустракацца са славакамі, атрымлівалі ад іх усю патрэбную інфармацыю, а таксама патроны, гранаты, медыкаменты”. Урэшце рэшт немцаў насцярожыла партызанская актыўнасць на ўчастках, якія ахоўваліся саюзнікамі. Яны ўзмацнілі кантроль за ротай Сташко і рыхтавалі яе перадыслакацыю. Тады надпаручык прыняў канчатковае рашэнне аб пераходзе ў лес.
28 верасня 1943 г. дзесяць славакаў прыйшлі ў партызанскі атрад імя Суворава. З сабой яны прынеслі 4 кулямёты, 5 вінтовак, аўтамат, 6 пісталетаў, ракетніцу з 4 ракетамі і 70 гранат. Пры гэтым, некаторыя з надзейных людзей наўмысна былі пакінуты ў гарнізоне для агітацыі і збора разведданых. Яны далучыліся да таварышаў некалькі пазней. Усяго ў атрадзе было больш за 20 славакаў.
Што рухала гэтымі людзьмі? Несучы ахоўную службу, яны асабліва не рызыкавалі сабой. Атрымлівалі добры паёк, мелі права на штогадовы месячны водпуск, а тэрмін службы не перавышаў два гады. Афіцэры маглі прэтэндаваць на цэлы шэраг ільгот. Усё гэта яны дабраахвотна мянялі на лясное жыццё, поўнае небяспек і цяжкасцей. Л.Сташко згадваў, што для яго сяброў галоўную ролю ў прыняцці рашэння адыграла пачуццё славянскага адзінства і салідарнасці з беларускім народам. Да таго ж, яны не маглі спакойна глядзець на зверствы, што чыніліся гітлераўцамі на акупаванай тэрыторыі.
Неўзабаве пасля пераходу Л.Сташко стаў намеснікам камандзіра атрада па разведцы, Ш.Шарына – камандзірам звяза, большасць салдат былі залічаны ў асобную дыверсійна-разведвальную групу. Сярод іншых байцоў яны выдзяляліся сваёй вайсковай выпраўкай, дысцыплінаванасцю, добрым узбраеннем і… прагай дзеянняў. “Навабранцы” рваліся на кожную аперацыю, жадалі ўдзельнічаць у кожным з баёў.
12 кастрычніка 1943 г. арганізавана засада ў раёне раз’езда Зялёнага. Тут павінна была праехаць група вышэйшых нямецкіх афіцэраў на чале з генералам для праверкі чыгуначных умацаванняў. Аперацыя планавалася сур’ёзная – належала дзейнічаць днём у непасрэднай блізасці ад варожых бункераў. Таму было вырашана павялічыць дыверсійную групу. У яе склад прапанавалі ўключыць усіх славакаў. Некаторыя пярэчылі: ці варта даручаць такое заданне ўчарашнім ворагам, ды яшчэ і збіраць іх разам? Аднак пасля некаторых ваганняў група Л.Сташко была далучана да правядзення аперацыі. У гэтым баі яны біліся побач са “старымі” партызанамі, дэманструючы не абы-якую адвагу. Славак Міхал Борка пад агнём варожых кулямётаў кінуўся да падбітай генеральскай машыны і захапіў партфель з важнымі паперамі. Пасля боя пад Зялёным сумненні ў надзейнасці новых саюзнікаў зніклі.
Напярэдадні 1944 г. 18-я брыгада імя Фрунзэ атрымала загад аб перадыслакацыі з Налібоцкай пушчы ў паўднёвыя раёны Баранавіцкай вобласці – сучасны Клецкі і Ганцавіцкі. Шэсць атрадаў колькасцю каля 100 байцоў кожны з поўным узбраеннем, уключаючы дзве 45-мм гарматы, мінамёты і станкавыя кулямёты, павінны былі пераадолець звыш 200 кіламетраў. Разам з абозам брыгада расцягнулася больш чым на 3 км. Пры гэтым належала перайсці дзве чыгуначныя лініі: Брэст-Мінск і Баранавічы-Слуцк і шашу Масква-Варшава, якія ўзмоцнена ахоўваліся праціўнікам. У авангардзе калоны рухаліся байцы атрада імя Суворава. На найбольш небяспечных участках на разведку выходзілі камандзір атрада І.Кушнер і яго намеснік Л.Сташко. У сярэдзіне студзеня брыгада прыбыла на новае месца дыслакацыі недалёка ад вёскі Морач. За паспяховае выкананне пастаўленай задачы пад час рэйда 15 байцоў і камандзіраў злучэння былі прадстаўлены да ўрадавых узнагарод. Сярод іх – Рудольф Гасіль і Міхал Борка (да ордэна Чырвонай Зоркі).
Галоўнымі праціўнікамі партызан у новым раёне сталі не немцы, а мясцовыя паліцэйскія гарнізоны. Асабліва выдзялялася мястэчка Заастравечча, якое было ператворана ў сапраўдную крэпасць. У сутыкненнях з заастравецкай паліцыяй брыгада імя Фрунзэ панесла немалыя страты. 16 лютага 1944 г. група байцоў арганізавала засаду ва ўрочышчы Хамінка, куды местачкоўцы павінны былі выехаць на лесанарыхтоўку. Адзін з удзельнікаў боя – яфрэйтар Людавік Пшурык, пазней прыгадваў: “…час цягнуўся марудна. Я, будучы назіральнікам, ужо думаў, што акупанты не прыедуць, калі заўважыў на даляглядзе рухомыя кропкі. Праз некалькі хвілін мы ўжо добра разгледзелі падводы і людзей. Было дванаццаць падвод, на кожнай сядзеў вазніца і двое ўзброеных салдат. Адлегласць паміж намі паступова скарачалася. Вось яны пад’ехалі ўжо на 150 метраў, а каманды няма. Вораг усё бліжэй і бліжэй… Нарэшце каманда:
– Агонь!
Узлесак ажыў. Загрымелі стрэлы. Вораг не ведаў куды дзецца і нават не абараняўся. Раптам за нашымі спінамі пачуліся стрэлы. Спачатку мы не звярнулі на гэта ўвагі, думалі, што адкрыў агонь нейкі з нашых атрадаў. Але калі кулі засвісталі над галавамі, мы зразумелі памылку”. Захапіўшыся боем, партызаны не заўважылі, як у тыл ім выйшла група паліцыянтаў. За гэту няўважлівасць давялося плаціць жыццём байцоў. Было забіта трое славакаў – Іосіф Оберт, Барталамей Габрыш, прозвішча трэцяга дакладна невядома.
18 лютага каля Морачы з паліцэйскай засадай сутыкнуўся Францішак Ворчак. Яму пашанцавала вырвацца. А вось Л.Сташко трапіў у рукі паліцыі. Адбылося гэта 23 лютага зноў жа каля Морачы. Ладзіслаў Сташко разам з беларусам Вінцусём Пагоцкім вярталіся з разведкі, калі выйшлі проста на ворага. Нейкі час яны адстрэльваліся, але хутка канчаліся патроны. Пагоцкі быў паранены. Афіцэр, падхапіўшы байца, спрабаваў дабегчы да лесу, ды трапіў пад кулямётную чаргу. Яго таварыш загінуў, цяжка паранены камандзір страціў прытомнасць.
У Заастравецкім пастарунку з палонным абыходзіліся на дзіва карэктна. Праз нейкі час яго адправілі ў Баранавіцкую турму, а адтуль – у шпіталь. Неўзабаве стала яснай прычына такога нязвыклага стаўлення да партызана. Сташко перавезлі на радзіму, дзе ўлады рыхтавалі над ім узорны судовы працэс, як над “здраднікам Айчыны”. Ад смяротнага прысуду патрыёта выратавала Славацкае нацыянальнае паўстанне, якое пачалося ў жніўні 1944 г.
Але вернемся на Клеччыну. У ліпені 1944 г. 18-я партызанская брыгада імя Фрунзэ ўвайшла ў Клецк. Сумесна з рэгулярнымі аддзеламі яе байцы вызвалялі горад і ваколіцы. Калі фронт адкаціўся на захад, перад учарашнімі партызанамі была пастаўлена новая задача. Ім належала вылаўліваць па лясах былых паліцаяў, пераймаць групы нямецкіх жаўнераў, што выходзілі з акружэння.
15 ліпеня 1944 г. партызаны-славакі ў складзе атрада імя Суворава выканалі апошняе баявое заданне на Клецкай зямлі. Каля Стралкава з’явілася група нямецкіх салдат колькасцю каля 150 чалавек. Немцы значна пераўзыходзілі па колькасці нашых байцоў. Бой абяцаў вялікія страты і няпэўны зыход. Таму было вырашана пайсці на хітрасць. Праз мясцовага жыхара ворагу перадалі ліст на нямецкай мове, дзе паведамлялі, што ён акружаны аддзеламі Савецкай Арміі і ў выпадку адмовы ад капітуляцыі будзе знішчаны артылерыйскім агнём. На роздум далі адну гадзіну. Л.Пшурык прыгадваў: “Нарэшце… з паднятымі рукамі паказаліся салдаты. Яны ішлі без зброі, адзін за адным. З лесу выйшла 170 няўдалых ваяк (паводле іншых звестак 162 – А.Б.), сярод іх 12 штабных афіцэраў. Яны былі непрыемна здзіўлены, што трапілі ў палон да партызан, а не Савецкай Арміі. Яны здзівіліся б яшчэ больш, калі б дазналіся, колькі было партызан. Кінутую зброю мы сабралі. Палонных адвезлі ў Клецк і здалі ў лагер”.
Неўзабаве партызан-славакаў перавялі ў Мінск. Пасля кароткага адпачынку іх залічылі ў І Чэхаславацкі армейскі корпус, які ваяваў на баку СССР. Не ўсе дайшлі да Перамогі. Міхал Борка загінуў у баях на Дуклінскім перавале на мяжы Польшчы і Славакіі, Рудольф Гасіль і Францішак Ворчак – у Карпатах. Пасля вайны сталі афіцэрамі новай чэхаславацкай арміі Ладзіслаў Сташко і Штэфан Шарына.
А скончыць хочацца сухімі лічбамі. Саюзная Германіі Славакія накіравала на Усходні фронт 36 тысяч салдат і афіцэраў. З іх за тры з паловай гады ў баях загінула каля 3 тысяч чалавек. Звыш 27 тысяч здаліся ў палон або перайшлі ў партызанскія атрады. Ці патрэбны да гэтага каментарыі?
Фота: Ладзіслаў Сташко – афіцэр чэхаславацкай арміі, пасляваенны здымак.

Андрэй Блінец, пазаштатны аўтар.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили