"Добры дзень, паважаная рэдакцыя!"
Так ці прыкладна так пачынаецца кожнае пісьмо, дасланае ў рэдакцыю раённай газеты «Да новых перамог». Увогуле, допісы чытачоў друкуюцца амаль у кожным нумары. З іх пераважна складаецца дадатак да газеты «Жыццяпіс». Яны – наш компас у далейшай рабоце, арыенцір у пошуку цікавых тэм.
Дзякуючы нашым пазаштатным аўтарам, за першае паўгоддзе 2010 года рэдакцыя раённай газеты атрымала 444 пісьмы (за другі квартал – 215). Няштатныя аўтары, чытачы раёнкі дзяліліся сваімі навінамі і праблемамі, паведамлялі штосьці важнае і цікавае, расказвалі аб земляках. Інфармацыя з месцаў дакладна адлюстроўвала рэчаіснасць, высвечвала станоўчае і адмоўнае з жыцця гараджан і вяскоўцаў, раскрывала рысы характару лепшых працаўнікоў прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, і проста выпадковых прахожых з добрымі, чулымі сэрцамі, якія сустракаліся на шляху людзей, што трапілі ў бяду і мелі патрэбу ў дапамозе.
Неяк да нас у рэдакцыю зайшла жыхарка г.Клецка, інвалід першай групы В.Ф.Янцэвіч. Са слязьмі на вачах жанчына расказала сваю жыццёвую гісторыю: «Бяда заўсёды прыходзіць тады, калі яе не чакаеш. Так здарылася і са мной. Я згубіла пашпарт. Улічваючы тое, што зусім сляпая, гэта – трагедыя. З дапамогай кляччанкі Валянціны Кулік дайшла да раённага аддзела ўнутраных спраў, а там Бог паслаў мне сапраўды бескарыслівага выратавальніка ад маіх пакут. Ігар Сяргеевіч Адамовіч – участковы інспектар Тучанскага сельскага Савета – блізка да сэрца прыняў маю бяду. Гэты добры, чулы і спагадлівы малады чалавек уважліва выслухаў мяне, а затым сказаў: «Я вам дапамагу аформіць усе дакументы на новы пашпарт». І павёў мяне спачатку ў пашпартны стол, дзе запоўніў неабходныя бланкі, затым – у ашчадкасу, пасля – сфатаграфавацца … Праз некаторы час я атрымала новы дакумент. І гэта адбылося дзякуючы Ігару Сяргеевічу Адамовічу. Сардэчны яму дзякуй за клопаты і дапамогу».
У рэдакцыйнай пошце трэцяга квартала было пісьмо ад жыхаркі г.Клецка, пенсіянеркі Т.В.Рыбаковай, у якім Таісія Васільеўна дзялілася ўражаннямі ад святкавання Дня Перамогі.
«Гэта асаблівае свята ў жыцці людзей – пісала ў сваім допісе чытачка раёнкі. – Глядзела і не верыла, што ўсё гэта адбываецца ў нашым невялікім райцэнтры. Усюды – чысціня, прыгажосць. Прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў ішлі з кветкамі. А як мала засталося ветэранаў! Калі выступалі самадзейныя артысты, школьнікі, спартсмены, прыгожа чаканілі крок дзяўчаты-барабаншчыцы, – плошча проста расквецілася. А колькі прыгожага і непаўторнага чакала ў той дзень кляччан у парку адпачынку! Тэматычна складзеныя канцэртныя праграмы, цудоўнае выкананне нумароў аматарамі самадзейнасці перапаўнялі душу пачуццём гонару за свой народ і раён. А хіба магчыма забыць выступленне зводнага аркестра духавых інструментаў РА НС і РЦК і саліста, які неперадавальна прыгожа выканаў песню пра Вялікую Перамогу! Дзякуй і нізкі паклон раённаму аддзелу культуры, работнікам РЦК за тое, што здолелі падарыць незабыўныя хвіліны».
Актыўна супрацоўнічалі з раёнкай работнікі райваенкамата, пракуратуры, праваахоўных органаў, медыцыны, цэнтральнай раённай бібліятэкі, настаўнікі школ раёна і іншыя. Асабліва шмат пісьмаў паступала ад школьнай моладзі. У падрыхтоўцы падборак, старонкі «Узлёт», змешчанай у спецвыпуску «Маладыя крылы», удзельнічалі слухачы школы юнкораў Раман Каражан, Дзмітрый Васько, Юлія Дубіна, Анастасія Андрончык, Марыя Глобаж, Інга Мікуліч, Ксенія Мацейка, Наталля Рамашка, Алеся Скрунда, Анастасія Шумейка, Яўгенія Чудук, Юлія Прыступа – вучні Клецкай школы №3, Зубкаўскай і Чырваназоркаўскай ДАСШ, Кухчыцкага НПК. Няхай яшчэ не ўсё атрымліваецца ў рабят, але ёсць упэўненасць, што настойлівая, мэтанакіраваная праца, творчы неспакой, прага да новага і самаўдасканаленне прынясуць добры плён, а час, праведзены на занятках у школе юнкораў, пойдзе ім толькі на карысць.
Звярталіся ў рэдакцыю раёнкі нашы чытачы і за дапамогай. Нярэдка, каб вырашыць праблему аўтараў тэлефонных зваротаў, мы накіроўваліся на месца «здарэння», бясконца турбавалі і працягваем турбаваць кіраўнікоў розных інстанцый, пакуль не будуць прыняты адпаведныя меры і станоўча не вырашацца набалелыя пытанні людзей. Усяго за першае паўгоддзе гэтага года ў рэдакцыю паступіла 9 тэлефонных званкоў па гарачай лініі (за другі квартал – 4). У асноўным праблемы, узнятыя кляччанамі, вырашаны, некаторыя пытанні ўзяты на кантроль. Сярод іх – праблема, выказаная ў пісьме жыхарамі дома №2а па вуліцы Піянерскай в.Зубкі. «В 2005 году сдан в эксплуатацию наш девятиквартирный дом, возведённый ПМК-191, – чытаем у пісьме. – Но уже за это непродолжительное время он постепенно начинает разрушаться. В квартире №3 протекают потолки, осыпается штукатурка, обои отваливаются от сырости. На фасаде дома «шубой» падает штукатурка несущих стен балконных перекрытий. И упаси Бог, чтобы эта «шуба» никому не упала на голову! Красный кирпич рассыпается от воздействия влаги, того и гляди, рухнут плиты перекрытия балконов! Просим вас посодействовать в решении этой проблемы…». Нягледзячы на тое, што аўтары дасланага ў рэдакцыю допіса не пажадалі назваць свае прозвішчы і іх пісьмо можна было б як ананімку «спісаць у архіў», мы разам з дырэктарам ДУП «ПМК-191» В.В.Нупрэйчыкам выехалі на месца, каб сустрэцца з адрасатамі і дасканальна вывучыць пытанне. Але гутарыць не было з кім, бо аўтараў пісьма ўстанавіць не ўдалося. Не пісалі яго і жыхары «злополучной» трохпакаёвай кватэры №3. Увогуле, аб’ектыўна аказалася, што сітуацыя там не настолькі страшная, як было пададзена ў пісьме. Тым не менш, мы з Васіліем Васільевічам палічылі мэтазгодным зайсці да дырэктара МАУ ПГП «Зубкі» І.С.Ільюкевіча і праінфармаваць яго наконт дома №2а па вуліцы Піянерскай. Праз некаторы час адклеены пласт тынкоўкі быў сапраўды зняты з балкона, але далей справа не пайшла. Ад дырэкцыі сельгаспрад-прыемства да гэтага часу так і не паступіў заказ у ДУП «ПМК-191» наконт рамонту.
За прайшоўшыя шэсць месяцаў бягучага года на старонках раёнкі было надрукавана 10 крытычных матэрыялаў (у другім квартале – 6). Звычайна вынікі рэйдаў, фотаабвінавачванні, крытычныя сігналы – і рэдакцыйныя, і атрыманыя ад чытачоў – дасылаюцца на рэагаванне ў адпаведныя інстанцыі. І, варта зазначыць, кіраўнікі арганізацый, прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў прысылаюць у рэдакцыю адказы аб прынятых мерах у адве-дзеныя тэрміны. А вось для таго, каб атрымаць рэагаванні з МАУ ПГП «Зубкі» і ААТ «Клецкі камбікормавы завод», давялося некалькі разоў турбаваць па тэлефоне іх кіраўніцтва. Яшчэ раз напамінаем, што на ўсе крытычныя выступленні, якія былі надрукаваны на старонках газеты, згодна з адпаведным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, трэба рэагаваць своечасова і дзейсна.
Рэдакцыйная пошта… Яе заўсёды чакаеш з нецярпеннем і шчыра радуешся кожнай дасланай вестачцы як ад нашых добра знаёмых і даўніх няштатных аўтараў – Алены Кульбіцкай, Алены Каражан, Ліліі Мялешкі, Леакадзіі Здановіч, Наталлі Мінец, Паўла Чудзіновіча, Вольгі Лабажэвіч, Тамары Крук, Іны Кулеш, Людмілы Іванейчык, так і ад маладых – Антаніны Іванісені, Кацярыны і Ігара Канановічаў, Наталлі Рэуцкай, Андрэя Блінца, Наталлі Вараб’ёвай, Ганны Сянкевіч і інш. Хочацца, каб яна была больш важкай, каб людзі па-ранейшаму даверліва дзяліліся праз газету сваімі поспехамі і няўдачамі, задавалі хвалюючыя пытанні, расказвалі пра сямейныя справы, выхаванне дзяцей і адпачынак, як пазбавіцца ад адзіноцтва і шкодных звычак. Часам ваша парада, станоўчы прыклад з асабістага жыцця становяцца ўрокам для іншых, а для некага – і паратункам.
І як заўсёды, раёнка звяртаецца да сваіх чытачоў з просьбай: пішыце, званіце. Чакаем!
Ірына Уласень,
загадчык аддзела пісем рэдакцыі.
Отправить комментарий