Гісторыя Беларусі, на жаль, багата трагедыямі. Шматлікія войны, што адбываліся на нашай зямлі, пакінулі сляды ў выглядзе курганоў-пахаванняў і сумных народных песень. З часам памяць пра даўнія падзеі або сціралася, або саступала месца іншым – больш яркім. Трынаццацігадовая вайна сяр. XVII ст. амаль забыта. А гэта быў, напэўна, самы страшны час нашай гісторыі. Невыпадкова сучаснікі параўноўвалі яго з біблейскім патопам. У той вайне ўсе ваявалі супраць усіх. Хутка заключаліся і гэтак жа хутка разбураліся саюзы і перамір’і. Цяжка было адшукаць хоць адзін куточак, дзе людзям не пагражала б небяспека. Здавалася, што з гэтага пекла не будзе ніякага выхаду. А калі вайна нарэшце скончылася, Беларусь не далічылася 1,5 мільёна чалавек. Кожны другі загінуў або быў выведзены ў палон. Тыя падзеі не абмінулі і Клеччыну.
Вайна паміж Маскоўскай
дзяржавай і Рэччу Паспалітай, якая выбухнула ў 1654г., ¬ выспявала даўно. Дзвюм вялікім краінам было відавочна цесна на ўсходзе Еўропы. У супрацьстаянні, якое доўжылася стагоддзямі, нехта мусіў перамагчы. Паступова перавага ўсё больш схілялася на бок Маскоўскай дзяржавы. Рэч Паспалітую раз’ядалі сваркі магнатаў, сялянскія хваляванні і выступленні ўкраінскіх казакаў. У 1651 г. ледзь-ледзь удалося загасіць полымя казацка-сялянскай вайны, якая ахапіла большую частку Беларусі.
І вось – новая вайна. Ужо праз некалькі месяцаў былі страчаны Смаленшчына, Падня¬проўе і Падзвінне. На наступны год арміі цара Аляксея Міхайлавіча працягнулі наступ. У ліпені яны захапілі Менск, у жніўні – Вільню, сталіцу Вялікага княства Літоўскага. У гэты ж час вайну Рэчы Паспалітай абвясціла Швецыя, якая акупіравала паўночныя тэрыторыі і большую частку Польшчы.
Летам 1655 г. у баку ад асноўнага тэатра баявых дзеянняў распачаўся сумнавядомы паход маскоўскага ваяводы Аляксея Трубяцкога. У канцы жніўня яго 20-тысячны корпус падышоў да Слуцка. Прапанову аб капітуляцыі случчакі адхілілі, а штурм быў імі лёгка адбіты. Праз некалькі дзён Трубяцкі зняў аблогу і павёў войска на Клецк. Мясціны, па якіх праходзілі яго ратнікі, ператвараліся ў папялішчы і бязлюдзелі. Цару гэты “палкаво¬дзец” паведамляў: “А идучи дорогою, села и деревни, и хлеб, и сено, и всякие конские кормы мы по обе стороны жгли, и людей побивали, и в полон имали, и разоряли совсем без остатку, и по сторонам потому ж жечь и разорять посылали”. Ваявода ведаў, што навокал няма ніякіх сіл, здольных супрацьстаяць яго корпусу ў адкрытым баі. Таму старанна рабаваў паселішчы і мястэчкі. Адным з такіх спаленых мястэчак сталі Цімкавічы. Захопленыя тут “языкі” паведамілі, што шмат мяшчан і шляхты ўцяклі ў Клецк. Каб не выпусціць здабычу, Трубяцкі адразу ж накіраваў да нашага горада значныя сілы.
Уцекачы, якія збягаліся ў Клецк з розных бакоў, спадзяваліся знайсці прытулак і абарону за сценамі яго замка. Аднак іх чакала горкае расчараванне. Гарадскія ўмацаванні былі абсалютна непрыдатныя да абароны і ўяўлялі сабой вартае жалю відовішча. Драўляныя замкі былі збудаваны яшчэ ў сяр. XVI ст. Калісьці яны служылі месцам збору войск, якія адпраўляліся на Інфлянцкую вайну, і шляхецкага апалчэння, якое мусіла супрацьстаяць казакам, што ўварваліся з Украіны. У той час замкавыя сцены маглі служыць на¬дзейнай абаронай для гарнізона. Аднак паступова яны ўсё больш і больш занепадалі. Карціна гэтага заняпаду яскрава адлюстравана ў інвентары-апісанні 1626 г. Там сказана: “У Высокі замак (размяшчаўся на валу – А.Б.) вядзе вялікі мост, вельмі стары. На ўваходзе ў яго старая брама пад старым гонтавым дахам і гадзіннік на гэтай браме. Паабапал – каморы для вязніцы. На ўваходзе ў замак – старыя пабудовы, пад вельмі дрэнным дранічным дахам”. Не ў лепшым становішчы быў і Дольны замак – тэрыторыя сённяшняй бальніцы, які меў выгляд паўкола, што сваімі канцамі ўпіралася ў Лань і Сільну. Яго сцены былі збудаваны ў выглядзе паркана – г.зн. з гарызантальных бярвёнаў, канцы якіх заганяліся ў вертыкальныя стаякі. Баявыя пляцоўкі на сценах адсутнічалі і абаронцы маглі весці агонь толькі з вузкіх вокнаў-байніц і веж. Іх у Дольным замку было 12. Дзве вежы-брамы і 10 “глухіх” вежаў паміж імі, размешчаныя на адлегласці 60-80 метраў адна ад другой. У інвентары 1641 г. пра іх сказана: “Вежы старыя, дрэнныя, без дахаў”. Увогуле, для XVIІ ст., калі ў фартыфікацыі замацоўвалася бастыённая сістэма, клецкі “паркан” выглядаў анахранізмам. Можна толькі гадаць, чаму ўладары горада так мала ўвагі надавалі яго абароназдольнасці. Гэта тым больш дзіўна, што суседнія гарады былі выдатна ўмацаваны. Радзівілаўскія Нясвіж і Слуцк абнесены каменнымі сценамі і землянымі валамі, Ляхавіцкі замак лічыўся адной з лепшых фартэцый Вялікага княства. А ў Клецку – старыя сцены і вежы без дахаў!
Мала таго, што горад не меў умацаванняў, тут яшчэ не было і гарнізона, здольнага абараняцца. У той час найбольш баяздольнымі лічыліся наёмныя нямецкія ці вугорскія (венгерскія) аддзелы. Гэта былі прафесіяналы, для якіх вайна станавілася сэнсам жыцця і была адзінай справай, якой яны па-сапраўднаму валодалі. Менавіта наёмнікі прымусілі Трубяцкога адступіць ад сцен Слуцка. Але ў Клецку мы не знаходзім ніводнай згадкі пра наёмныя атрады. Падобна, што горад больш спадзяваўся на сваё апалчэнне – гандляроў і рамеснікаў, якія толькі час ад часу займаліся ваеннай падрыхтоўкай. Апалчэнцы яшчэ маглі несці каравульную службу, але ў сутыкненні з рэгулярнай арміяй, ды яшчэ без вопытных камандзіраў і ўмацаванняў, іх шанцы былі невялікія. Па¬дзеі пад Клецкам гэта падцвердзілі лішні раз.
29 жніўня 1655 г. пад горад падступіў атрад Рыгора Ізмайлава. Абаронцы нават не спрабавалі адседзецца за сценамі, а выйшлі насустрач ворагу “за посад”. Мы не ведаем, хто былі гэтыя людзі; не ведаем, хто ўзначальваў абарону; не ведаем, колькі іх было – тых, хто вырашыў біцца без ніякіх шанцаў на перамогу. Нейкую частку гарнізона складалі шляхцічы – людзі, якія, прынамсі, умелі валодаць шабляй. Астатнія – мяшчане, якіх узяцца за зброю прымусілі абставіны. Бой быў нядоўгі. Маскоўскія пехацінцы і рэйтары (кавалерысты) хутка зламалі кволую абарону і ўварваліся ў горад. Пра далейшыя падзеі А.Трубяцкі паведамляў цару: “…твои государевы ратные люди тех клецких сидельцев многих побили и в город Клецк въехали, и клецкие, государь, шляхтичи и мещане из города из посаду побежали за пруд через мост к городу Ляховичам, и твои государевы люди в Клецку, в городе и на посаде людей побили всех, а которые побежали через мост и за теми литовскими людьми государевы ратные люди гоняли больше пяти вёрст и в языцех поймали. А взято на том бою в языцех шляхты и мещан 42 человека”. Адносна невялікая лічба палонных дазваляе дапусціць, што большасць абаронцаў і ўцекачоў знайшлі сваю смерць у трагічны дзень 29 жніўня.
Захапіўшы Клецк, Ізмайлаў не затрымаўся тут надоўга. Яго атрад накіраваўся пад Новую Мыш, гарнізон якой “асмеліўся” атакаваць ар’ергард маскавітаў на шляху ад Цімкавіч да Клецка. “Городок Мыш выжгли и совсем разорили без остатку”. У наш горад неўзабаве ўвайшлі асноўныя сілы Трубяцкога. Тут ваявода атрымаў чарговы царскі загад, які прадпісваў: “…от Клецка идти войною до Слонима живыми и невоёванными месты розными дороги”. Такімі ж “живыми и невоёванными” шляхамі належала вяртацца са Слоніма ў Клецк. Рабілася гэта спецыяльна, каб спустошыць шырэйшыя абшары, і паланіць больш лю¬дзей. На працягу верасня войскі Трубяцкога выконвалі гэты загад, а потым вярнуліся да Старога Быхава. Так скончылася для кляччан кампанія 1655 г. Але вайна працягвалася.
Становішча, якое склалася на беларускіх землях у гэты час, можна вызначыць адным словам – хаос! Адна частка насельніцтва захавала вернасць каралю і вялікаму князю і ваявала супраць Расіі і Швецыі. Другая – падалася пад апеку шведскага караля і ваявала супраць Расіі. Трэція прысягнулі на вернасць маскоўскаму цару. Сваю гульню павялі ўкраінскія казакі, чыя вярхушка выношвала планы стварэння самастойнай дзяржавы з цэнтрам у Кіеве. Наёмныя ад¬дзелы рабавалі ўсіх, хто трапляў пад руку. У такой сітуацыі пачалі выбухаць сялянскія паўстанні. Буйнейшае з іх, якім кіраваў Дзяніс Мурашка – беларускі палкоўнік, як ён сябе называў, аха¬піла Менскае і Навагрудскае ваяводствы.
Атрады Мурашкі, што складаліся з мясцовых сялян, нападалі на двары прысяжнай шляхты (г.зн. той, якая прысягнула на вернасць цару), знішчалі маскоўскія абозы і невялікія атрады. Вясной 1660 г. “беларускі палкоўнік” і яго саюзнікі са сваімі людзьмі стаялі ў ваколіцах Нясвіжа. У гэты час войскі князя Хаванскага беспаспяхова спрабавалі здабыць Ляхавічы, якія разам з Нясвіжам і Слуцкам заставаліся апошнімі няскоранымі крэпасцямі Вялікага княства. Напалову разбойніцкія аддзелы Мурашкі пераразалі дарогі ў тылу маскавітаў, ускладняючы дастаўку харчоў і боепрыпасаў. А заадно рабавалі ваколіцы, каб зрабіць немагчымай здабычу правіянту згаладнелымі вой¬скамі праціўніка. На барацьбу з сялянскімі атрадамі ваявода накіроўваў значныя сілы. Праследуючы паўстанцаў, яны даходзілі аж да Капыля і Слуцка. Неўзабаве ў аблогу быў узяты Нясвіжскі замак. Дастаткова зірнуць на карту, каб пераканацца, што Клеччына апынулася ў самым эпіцэнтры гэтай барацьбы і адпаведна падвяргалася найбольшым спусташэнням з усіх бакоў.
Толькі пасля перамогі над Хаванскім пад Палонкай у чэрвені 1660 г. баявыя дзеянні па¬ступова пачалі адсоўвацца на ўсход краіны. А ў 1667 г. вайна скончылася Андрусоўскім замірэннем паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай. Апошняя так і не здолела падпарадкаваць сабе беларускія землі, але далучыла Смаленшчыну. На гэты раз назаўсёды.
Дакументы малююць жудасную карціну наступстваў той вайны. Так, у Клецку была спалена палова двароў. Колькасць гара¬джан па самых прыблізных падліках зменшылася на 1150-1250 чалавек (на 51%). Нават у канцы XVIII ст. у горадзе жыло амаль у два разы менш людзей, чым у сяр. XVII ст. Не лепшым было становішча і ў ваколіцах. Шасцітомная “Гісторыя Беларусі” паведамляе, што ў маёнтку Цапра Навагрудскага ваяводства ў 1664 г. плошча ворных зямель скарацілася на 65%. Іх проста не было каму апрацоўваць! Хаця дакладнае месцазнаходжанне маёнтка не ўказана, з вялікай доляй верагоднасці можна дапусціць, што гаворка ідзе пра “нашу” Цапру. Згодна звестак за 1679 г., у Клецкім княстве колькасць сялянскіх гаспадарак складала толькі 46% ад даваеннага ўзроўню. Ды і тыя знаходзіліся ў такім жабрацкім стане, што не маглі сплочваць падаткі. Многія палі пазарасталі лесам.
У глабальным плане наступствы вайны 1654-1667 гг. так і не былі пераадолены. Калі да 29 жніўня 1655 г. развіццё горада ішло па нарастаючай лініі, то пасля гэтай даты былы цэнтр княства па¬ступова ператвараецца ў малазначнае мястэчка, роля якога ў палітыка-гаспадарчым жыцці зводзіцца на нішто. Відаць невыпадкова той час празвалі “патопам”.
Отправить комментарий