“З даведзенымі заданнямі – спраўляемся”
Як ідуць справы ў вобласці з выкананнем прагнозных паказчыкаў? З гэтага пытання, якое, бадай гатовы быў задаць кожны з 59 прысутных 19 жніўня прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі Міншчыны, пачалася прэсс-канферэнцыя са старшынёй абласнога выканаўчага камітэта Б.В.Батурай.
Барыс Васільевіч адзначыў, што па выніках работы за 7 месяцаў назіраецца станоўчая дынаміка па ўсіх прагнозных паказчыках. Пры гэтым па 5 з 13 вобласць выйшла на гадавыя заданні. Забяспечаны неабходны прырост аб’ёмаў прамысловай вытворчасці, спажывецкіх тавараў, выкананы паказчыкі па экспарту-імпарту. Сталічны рэгіён выходзіць на запланаваны ўзровень заработнай платы.
- Ёсць падставы гаварыць, што Мінская вобласць з даведзенымі ёй урадам заданнямі на бягучы год і пяцігодку ўцэлым справіцца, - падкрэсліў губернатар, - аднак я адчуваю, што выкарыстаны не ўвесь патэнцыял, узровень развіцця вобласці, як яе кіраўніка, мяне не задавальняе, ён павінен быць больш высокім, таму што ўдзельная вага Міншчыны ў агульным аб’ёме краіны вялікая і асабліва па прыцягненню інвестыцый. На адным з пасяджэнняў выканкама мы ставілі перад сабой задачу дасягнуць больш высокага прыросту да ўзроўню мінулага года. Кіраўнікі раёнаў павінны больш актыўна займацца гэтым пытаннем, бо за ім – новыя працоўныя месцы, іншы узровень заработнай платы і арганізацыя ўмоў працы па патрабаваннях сённяшняга дня.
Мінаблвыканкам аказвае сур’ёзную падтрымку прадпрымальнікам пры рэалізацыі перспектыўных праектаў, створаны савет па развіцці прадпрымальніцтва.
Пра інвестыцыі – асобным радком
Ужо другая сустрэча з журналістамі не абыходзіцца без абмеркавання пытання інвестыцый. Так ці інакш яно гучала з вуснаў шэрагу прадстаўнікоў газет, радыёстанцый і тэлеканалаў. Барыс Васільевіч нават прапанаваў жадаючым пазнаёміцца з поўным спісам 75 інвестыцыйных дагавораў на рэалізацыю перспектыўных праектаў. Да найбольш важных з іх ён аднёс інвестыцыйны дагавор з нямецкай кампаніяй па будаўніцтве ў Дзяржынскім раёне сучаснага ветрапарка, праект якога мае два этапы і, як плануецца, ажыццяўленне завершыцца ў 2014 годзе. Агульны аб’ём інвестыцый складзе каля 400 млн.еўра.
- Гэта будаўніцтва ўнясе немалы ўклад ў развіццё ў рэгіёне альтэрнатыўнай энергетыкі, - звярнуў увагу прысутных Б.В.Батура.
Удзельная вага мясцовых відаў паліва ў паліўным балансе павінен у бліжэйшы час скласці 25 працэнтаў замест цяперашніх 17. З’яўленне ветрапарка дазволіць наблізіцца да запланаванага паказчыка: аб’ём вырабляемай ветраўстаноўкамі электраэнергіі – 150 млн.кВт.гадз., што складзе 3 працэнты агульнай патрэбнасці ў ёй.
- Акрамя таго, - працягваў свой адказ старшыня аблвыканкама, - будзем рэалізоўваць у чатырох раёнах праекты з фінскімі кампаніямі па стварэнні міні-ТЭЦ. Лагойск у перспектыве стане цэнтрам фармацэўтычнай прамысловасці вобласці, дзякуючы таму, што там з’явіцца яшчэ адно прадпрыемства па выпуску лекавых прэпаратаў.
Гаворачы пра Мінскі раён кіраўнік вобласці заявіў, што бачыць яго развіццё праз будаўніцтва там забаўляльных цэнтраў.
Прысталічча
Гэты рэгіён у сваім развіцці павінен быць цесна звязаны з Мінскам і па ўзроўню жыцця насельніцтва, а гэта каля 160 тыс.чалавек, адпавядаць свайму статусу прысталічча. У аблвыканкаме пачалі распрацоўку генплана пасля зацвярджэння адпаведнага плана развіцця самой сталіцы рэспублікі.
- У раёне ёсць значнае адставанне па колькасці сацыяльных аб’ектаў пры інтэнсіўным жыллёвым будаўніцтве. Асабліва адчуваецца патрэбаў у школах і дашкольных навучальных установах, - патлумачыў старшыня аблвыканкама. – Пастараемся за наступную пяцігодку вырашыць праблему. А для гэтага і наогул для развіцця сацыяльнай інфраструктуры патрэбна прадугледзець магчымасць даваць крэдыты на будаўніцтва дзіцячых садкоў і школ УКСам, выканкамам, як гэта робіцца на ўзвядзенне жылля.
Кадры, па-ранейшаму, - галоўнае звяно
У Б.В.Батуры выпрацавана вопытам работы і шматгадовымі назіраннямі ўласная стратэгія на ўзаемаадносіны кіраўніка і маладых спецыялістаў. І хоць пытанне тычылася недахопу кваліфікаваных кадраў для работы ў сельскай гаспадарцы, тактыку паводзін, якую прапанаваў старшыня аблвыканкама, можа браць на ўзбраенне любы кіраўнік, незалежна ад той галіны, у якой працуе.
- На першым часе навічку вельмі важна не толькі асобны пакой і заробак, але і звычайная чалавечая ўвага, я б нават сказаў, сяброўскія адносіны старшыні сельгаспрадпрыемства да яго, маладога і нявопытнага. Вельмі часта прыходзіць чалавек, а на яго ніхто не звяртае ўвагі, - чырвоным радком правёў галоўную думку у адказе на “кадравае” пытанне Барыс Васільевіч.
Па яго словах, у краіне прынята дастаткова нарматыўных актаў для стымулявання моладзі на работу ў сельскай мясцовасці, у тым ліку і па забеспячэнні жыллём, налічэнні даплат. А да пытанняў прафарыентацыі, пачынаючы са школьнай парты, займацца патрэбна больш сур’ёзна. Неабходна развіваць матывацыю да працы, даваць уяўленне аб розных прафесіях, у тым ліку і сельскагаспадарчага накірунку.
Пытанне дня
Менавіта так можна назваць папярэднія вынікі ўборкі збожжавых і зернебабовых культур, на якіх журналісты папрасілі спыніцца асобна.
Кіраўнік сталічнага рэгіёна адзначыў, што ў гэтым годзе па прычыне вялікай спёкі вобласць не атрымала таго ўраджаю, які планаваўся, хаця ён быў вырашчаны, “стаяў у полі”. Па выніках жніва без уліку кукурузы будзе атрымана каля 1 млн.720 тыс.т зерня ў амбарнай вазе. Цяпер вядзецца ўборка кукурузы, плануецца атрымаць 50-60 ц/га.
- Па ўсіх культурах будзе выкананы дзяржзаказ, - запэўніў губернатар Міншчыны, - за выключэннем рапса – і таксама з-за ўмоў надвор’я. Першыя выхады па ўраджай на бульбяныя палеткі паказалі, што ён таксама будзе нядрэнны – каля 230 ц/га. Вобласць разлічвае ў грамадскім сектары атрымаць каля 300 тыс.т.
Барыс Васільевіч выказаў думку, што лішкі сельгаспрадукцыі Міншчына зможа выгадна прадаць, у прыватнасці, наконт гэтага вядуцца перагаворы з прадстаўнікамі Татарстана.
Што ж тычыцца наступнага года, то прадстаўнікі СМІ пачулі наступнае:
- Мы сур’ёзна займаемся тым, каб агратэхнічны ўзровень быў значна вышэйшы. Таму атрымаць 2,5 млн.т зерня маем намер не за лік дадатковых плошчаў, а пры больш інтэнсіўным вядзенні вытворчасці. Выйсці ў лідэры ў рэспубліцы мы павінны з ураджайнасцю 45 ц/га.
Для гэтага вядзецца цеснае супрацоўніцтва з вучонымі па забеспячэнні гаспадарак насеннем належнай якасці. Ход сяўбы азімых будзе весціся пад пастаянным кантролем не толькі навукоўцаў, але і супрацоўнікаў Камітэта дзяржкантролю. На асобным кантролі 12 адстаючых раёнаў вобласці.
- Мы павінны выканаць тую задачу, якую нам паставіў Прэзідэнт: выраўняць аддачу палёў у вобласці, - завяршыў думку Б.В.Батура.
Пытанне года
На прапанову даць адзнаку якасці работы розных рэгіёнаў і вылучыць лепшыя раёны Барыс Васільевіч трапна заўважыў, што паняцце якасці вельмі шырокае, асабліва, калі даваць ацэнку якасці жыцця. Безумоўна, многае ўдаецца, але ў адным месцы адно лепшае, у іншым – другое, аднак ідэалу, а якасць на ўсе сто працэнтаў – гэта і ёсць ідэал, няма нідзе. Да гэтага далёка. З “плюсаў”:
- Усе прадпрыемствы працуюць над укараненнем еўрапейскіх, міжнародных стандартаў якасці, праводзіцца мадэрнізацыя вытворчасці, пашыраецца асартымент выпускаемых тавараў. Новая прадукцыя займае ў агульным аб’ёме да 11-12 працэнтаў замест ранейшых 1-2. Праводзіцца сур’ёзная работа ў гэтым накірунку, бо без ажыццяўлення такіх мерапрыемстваў немагчыма выпускаць канкурэнтаздольны прадукт, - сказаў губернатар.
І не забыўся назваць сярод “мінусаў” якасць узводзімых аб’ектаў у аграгарадках.
Больш чым гадзіну старшыня абласнога выканаўчага камітэта адказваў на пытанні, а на развітанне выказаў гатоўнасць на сустрэчу ў наступны раз, каб даць такія ж кароткія, але канкрэтныя і ёмкія адказы.
Жанна Гардзіевіч.
Отправить комментарий