Сейчас загружается

Вяртанне ў Паэзію

У зборніку «Заложнік цемры» (1994) Леаніда Галубовіча есць такія радкі:

Калі табе за сорак, і нялёгка

Знайсці ўжо рыфму свежую, нібыта

Кашулю, перавешаную жонкай,

То мусіш дзеясловамі грымець.

Калі табе за сорак, то садзіся

За стол пісьмовы з кавай,  цыгарэтай,

Пішы самотна-бытавую прозу,

Клубамі дым пускаючы  пад столь.

Калі мы адзначалі ў Клецку 50-годдзе паэта, ён раздаваў прысутным свае зборнікі, сярод іх і незадоўга да таго выдадзеную кніжку «Апошнія вершы». Тады ж урачыста заявіў, што больш вершаў пісаць не будзе.

Прайшло 10 гадоў. Галубовіч стрымаў абяцанне – вершаў больш не пісаў, ва ўсякім разе не друкаваў іх. Аднак, калі 14 жніўня, у суботу, у гасцёўні Клецкага РЦК ён слухаў свае творы з вуснаў цудоўных дзяўчынак-сямікласніц Аляксандры Сланімскай, Анастасіі Анікей і Сафіі Гуль, у выразе яго твару з’явілася нешта падобнае на настальгію. Агульная атмасфера свята была надзвычай цеплай і шчырай: песні, вершы, падарункі… Дзве з паловай гадзіны аніяк нам не здоўжыліся. Юбіляра ўшаноўвалі прадстаўнікі ўлады, прэсы, бібліятэчнай сістэмы. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Святлана Чакун уручыла яму памятны адрас – каб не забываў дарогу дадому. Вяла свята загадчык ЦБС чароўная Людміла Цімавец, якая здолела надаць мерапрыемству характар хатня-сямейны.

Што можа падарыць паэт паэту? Пэўна ж, вершы. Гэтак і было. Даўні сябра Леаніда Галубовіча, вядомы беларускі паэт, празаік, эсэіст, літаратурны крытык Міхась Скобла дарыў юбіляру свае кніжкі, артыстычна расказваў пісьменніцкія байкі, а завяршыў усё «Одай баразне», чым давёў публіку да стану лёгкага экстазу. Выбітны беларускі паэт і бард Эдуард Акулін спяваў свае непараўнальныя кампазіцыі, падарыў юбіляру сваю новую кніжку вершаў, а пасля выказаў спадзяванне, што калі-небудзь у Клецку з’явіцца плошча Галубовіча (ну, паколькі плошча Маякоўскага ўжо ёсць!). Паэты літаб’яднання «Голас», што існуе пры рэдакцыі райгазеты «Да новых перамог»  Галіна Нупрэйчык, Альдонія Наўчанкова, Вольга Красавіцкая, Віктар Худавец і аўтар гэтых радкоў чыталі для юбіляра прысвечаныя яму вершы. Маладыя голасаўцы Ліза Васілевіч, Вера Кавалеў­ская, Ігар Канановіч  комплексна прадставілі сваю творчасць на суд паэтычнай эліты. Прыемна зазначыць, што ацэнка была высокай. Калі ж спяваў Ігар Канановіч, выраз твару Галубовіча быў такі, што здавалася: вось зараз ён проста ўпадзе і памрэ ад шчасця (і гэта Галубовіч – сама стрыманасць!). А Аляксандр Жукоўскі ўзгадаў той далекі час, калі ён у Драбаўскай васьмігодцы навучаў юнага Лёню рускай мове і літаратуры, сказаў, што лічыць гэта за гонар для сябе і прачытаў такія вершаваныя радкі:

Калі вучань мой стане паэтам

І праславіць сябе на ўвесь свет,

То лічыце, сябры, пасля гэтага,

Што і я – невядомы паэт.

Асмелюся спадзявацца, шло і Леаніду Галубовічу, і яго сябрам, і жонцы Веры спадабалася ўсё, што адбывалася ў той дзень на роднай зямлі юбіляра. Ведаю дакладна, што мясцовая публіка была проста ў захапленні як ад усёй праграммы, якую прыгожа пераплялі беларускія песні ў выкананні Дашы Рудко, Людмілы Васількінай, Аляксандра Чыркуна, Вольгі Маргун, так і ад выступлення самога юбіляра – шчырага і цёплага, а найбольшае ўражанне мы атрымалі, пэўна ж, ад яго вершаў, бо, калі чытае Галубовіч, то гэта папраўдзе нешта!

Развітваліся ўзрушаныя і ўсхваляваныя. Акулін і Скобла паехалі ў Мінск, а Галубовіч з жонкай (увесь у кветках і падарунках, са свежым нумарам «раёнкі», у якой ёсць і яго юбілейная паласа) – у роднае Вароніна. Верыцца, што там для яго ізноў пачнецца перыяд вершаскладання. Нездарма ж калісьці ў зборніку «Споведзь бяссоннай душы» (1989) ён пісаў:

Не прадаўся за грашы,

Не растраціў розум,

Ліру звонкую душы

Не змяняў на прозу.

Вяртайцеся ў Паэзію, Леанід Міхайлавіч…

Лілія Мялешка.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили