У кожнага з нас ёсць дарагі і любы сэрцу куточак, дзе нарадзіўся і вырас, дзе першы раз закахаўся, дзе сталі цябе паважаць і ўспрымаць як асобу… Родная вёска, знаёмая да болю вуліца, бераг возера, дзе так салодка марылася, сцяжынка, па якой ішоў з любай дзяўчынай… Усё гэта назаўсёды застанецца ў памяці, куды б ні закінуў лёс, колькі б ні мінула часу…
Усё гэта я перабірала ў памяці, калі прысутнічала на святочным мерапрыемстве ў Тучы. Традыцыя святкавання трэцяга Cпаса, які носіць назву арэхавага, зернавога, хлебнага, тут закладзена даўно. Толькі ў вёсцы Туча аднайменнага сельскага Савета адзначаецца ўрачыстасць пад назвай Роха (дзень заснавання Тучанскай царквы ў 1925 годзе), якая прыпадае на трэці па ліку жнівеньскі Спас, і менавіта ў гэты дзень тучанцы святкуюць Дзень вёскі.
Сучаснае немагчыма без мінулага, і гэта – правільна. З цікавасцю слухалі аднавяскоўцы ўспаміны былога старшыні сельвыканкама Анатолія Іосіфавіча Куракова аб той Тучы, якой яна была шмат гадоў назад. А дзівіцца сапраўды ёсць чаму. У 30-ых гадах яна ўяўляла сабою толькі адну вуліцу, на якой былі пабудаваны 70 хат з саламянымі стрэхамі. У вёсцы меліся 4-гадовая драўляная школа і крама (такія ж, як і хаты вяскоўцаў), царква, а асаблівасцю Тучы быў панскі двор: з гумнамі, стальмашняй, спіртзаводам, некалькімі дзесяткамі кароў і коней і 370 га зямлі. Пасля 1939 года Туча пачала расці, і да сямідзесятых гадоў стала ўжо даволі вялікай вёскай. Так, у 1975-76 гг. у Тучы было 334 падворкі, на якіх налічвалася 139 кароў, а яшчэ ў 33-ох дзяржаўных кватэрах пражывалі 1058 чалавек…
Самае галоўнае багацце вёскі – людзі. Гэта іх плённай працай здабыты добры ўраджай у гаспадарцы, адноўлены механічны парк, пабудаваны жывёлагадоўчыя фермы з улікам сучасных тэхналогій і патрабаванняў. Аб гэтым і гаварылі з удзячнасцю да вяскоўцаў дырэктар СВФ “Туча” РУП “Мінск Крышталь” Сяргей Андрэевіч Урбановіч і старшыня Тучанскага сельвыканкама Наталля Леанідаўна Бурак.
Зноў і зноў расказвала загадчыца Тучанскай СБ Валянціна Іосіфаўна Здрок пра землякоў, іх жыццёвы і працоўны шлях, а я думала: якая багатая і шчодрая на добрых людзей тучанская зямля!
Часам можна пачуць меркаванне, што наша моладзь – занадта ганаровая і чэрствая да праблем пажылых. На чым гэта было заснавана, не бяруся меркаваць, ды толькі я пераканалася ў адваротным. Тамара Янучок, Іна Кулеш, Алена Пілецкая, Аляксандр Кулеш… Іх ведаюць у Тучы ўсе, і асабліва тыя, каму па ўзросту і па стану здароўя так патрэбна дапамога, бо яны – сацыяльныя работнікі. Добразычлівыя, чулыя і спагадлівыя, яны штодзень спяшаюцца да сваіх падапечных, каб прывесці ім прадукты, дапамагчы па хатняй гаспадарцы, управіцца на двары і ў агародзе. Іх добрасумленнасць бачаць вяскоўцы і мясцовая ўлада, за што сакратар сельвыканкама Л.А.Есіс уручыла сацыяльным работнікам сертыфікаты на 100 тысяч рублёў, з якімі яны могуць наведаць гандлёвую кропку і набыць штосьці на свой густ.
А сем’і! Якія дружныя і цудоўныя сем’і жывуць у Тучы! Нават цяжка было ўявіць, што ў рамках аднаго мерапрыемства можна ўшанаваць адразу столькі юбіляраў! Залатое, жамчужнае, срэбранае, фарфоравае і шкляное вяселлі адзначылі тучанцы на сцэне мясцовага СДК (дырэктар В.М.Здрок)! Урачыста былі зарэгістраваны залатыя юбіляры – Аляксандр Апанасавіч і Валянціна Пятроўна Шлапаковы. Пры рэгістрацыі залатых "маладых" усё было па-сапраўднаму: ручнік, подпісы ў ганаровай кнізе, абмен залатымі пярсцёнкамі, моцны пацалунак і вясельны вальс. А больш за ўсё былі хвалюючымі віншаванні дзяцей, даўно ўжо дарослых, дзвюх дачок і сына, якія маюць свае сем’і. Таксама пакінулі свае подпісы ў ганаровай кнізе Тучанскага сельскага Савета Аляксандр Васільевіч і Фаіна Васільеўна Патапчыкі (45 гадоў сумеснага жыцця, сапфіравае вяселле), Георгій Юльянавіч і Ларыса Іванаўна Ціханы (35 гадоў разам, палатнянае вяселле), адзначылі таксама 30-гадовы юбілей сумеснага жыцця – жамчужнае вяселле – Вячаслаў Густавіч і Ніна Кузьмінічна Вандровічы, Мікалай Іванавіч і Галіна Васільеўна Велічы, Пётр Аляксандравіч і Яўгенія Аляксандраўна Касцюкевічы. Таксама ў гэтым годзе срэбранае вяселле святкуюць Мікалай Міхайлавіч і Святлана Міхайлаўна Клубовічы, Аляксандр Аляксандравіч і Ірына Іванаўна Янучкі; 20-годдзе сумеснага жыцця (фарфоравае вяселле) у Віктара Міхайлавіча і Ірыны Міхайлаўны Карнейчыкаў, Валерыя Казіміравіча і Наталлі Яўгенаўны Лембіеўскіх. Шкляныя юбіляры (15-гадоў у шлюбе) – Сяргей Аляксандравіч і Антаніна Васільеўна Гулякі. Усім сямейным парам, якіх віталі вяскоўцы на свяце роднага сяла, былі ўручаны салодкія падарункі – тарты, з якімі можна было выпіць гарачай гарбаты халаднаватым жнівеньскім вечарам, сабраўшыся дружнаю сям’ёю.
Не магу не назваць прозвішчы яшчэ двух пачэсных жыхароў Тучанскага сельскага Савета. Самай сталай жыхарцы вёскі Рудкі споўнілася днямі 90 гадоў, і з гэтай нагоды Ганне Мітрафанаўне Анікей падарунак адрасаваў Клецкі ТЦСАН. Самая ж маленькая тучанка нядаўна адлічыла тры месячыкі з дня нараджэння, і хочацца пажадаць Альбінцы Буднік моцнага здароўя, расці дужанькай і вялікай разумніцай на радасць бацькам.
Многа гучала на свяце вёскі ў Тучы добрых слоў і прыгожых песень у выкананні і мясцовых самадзейных артыстаў, і калектыва мастацкай самадзейнасці Галынкаўскага СДК. Не адарваць было позірка ад вышыванак Валянціны Аляксееўны Нупрэйчык і Аляксандры Іосіфаўны Нупрэйчык. І ўсе гэтыя пачуцці і выказванні можна аб’яднаць адным сэнсам: любімая вёска, мілыя сэрцу людзі, землякі…
Дык няхай доўгім будзе твой век, вёска Туча, ажыўленымі – вуліцы, квітнеючымі – сады, і шчаслівымі – людзі гэтага слаўнага кутка Клеччыны…
Валянціна Сянкевіч.
Фота аўтара.
Отправить комментарий