Такога ўраджаю бульбы як сёлета ва ўласнай гаспадарцы Алены Іванаўны Новік, што жыве ў Кухчыцах, не было даўно. З 35 сотак, вынесеных у палеткі севазвароту мясцовага сельскагаспадарчага кааператыва, дбайныя вяскоўцы накапалі ажно тры “самазвалы”, а гэта недзе каля 15 тон клубняў, маючых добрыя таварныя якасці, умеру вялікія, гладкія. Праўда, ёсць і сапраўдныя клубні-волаты. На здымку 1 бачна, як тры бульбіны “перацягнулі” за 2 кілаграмы.
Хваляць гаспадары і смакавыя якасці свайго “другога хлеба”, маўляў, разварыстая бульба, вартая і на аладкі, і на смажанку з кашай.
– Ды куды дзець такі ўраджай? – цікавімся ў гаспадароў.
– Частку апусцім у пограб, на ўласныя патрэбы. Не забываем адабраць і насенне, каб было чым пасадзіць вясною. А лішкі плануем прадаць.
– Праблем з рэалізацыяй не будзе?
– Думаем, не, бо ад камерсантаў прапаноў многа.
– А не спрабавалі звярнуцца ў каапнарыхтпрам?
– Ды і туды не было б праблем прадаць бульбу. Але ж важную ролю, самі разумееце, мае закупачная цана. Дзе больш дадуць, туды і здадзім. Цяжка вырошчваць бульбу, палоць яе, капаць, таму хочацца за сваю працу добрую капейку атрымаць.
– Дарэчы, а з уборкай праблем не было?
– У нашых сваякоў ёсць свой трактар, капалка. Так што ўсе разам дружна справіліся з работай.
Так, бульба ўрадзіла на славу. Так што вырошчваць яе – справа выгадная.
Вольга Русіновіч.
Фота Яўгеніі Семянчук.
Отправить комментарий