Адзіноцтва, «букет» хвароб, недахоп фінансавых сродкаў з’яўляюцца спадарожнікамі жыцця многіх пажылых людзей. Вось чаму кожны пражыты год, які набліжае людзей да пенсійнага ўзросту, яны сустракаюць без асаблівага ўздыму, разумеючы невясёлую перспектыву. Аднак старасць, як і восеньская пара, бывае не толькі змрочна-шэрай, але і сонечна-залацістай. А гэта значыць, што сярод нас ёсць людзі, якія і ў шаноўным узросце знаходзяць сваю асалоду.
Адзін з іх – жыхар вёскі Шчэпічы А.В.Драгун (на здымку). Згодна пашпартных дадзеных, Аркадзій Васільевіч можа лічыцца доўгажыхаром, бо яго асабісты жыццёвы каляндар сёлета адлічыў 82 гады. Але ўзрост у ім выдае хіба толькі ўдумлівая сканцэнтраванасць вачэй і мудрая разважлівасць, уласцівая чалавеку, пражыўшаму нялёгкае жыццё.
А.В.Драгун па-гаспадарску даглядае свой дом, веранду якога шчодра абвіў вінаград, знаходзіць сілы, каб клапаціцца аб агародзе. А яшчэ – дапамагае вырашаць праблемы аднавяскоўцам, удзельнікам і інвалідам Вялікай Айчыннай вайны, ветэранам працы, з’яўляючыся вось ужо шмат гадоў старастам Шчэпіч і старшынёй пярвічнай ветэранскай арганізацыі.
Некаторыя не разумеюць яго і здзіўляюцца: маўляў, навошта табе чужыя клопаты і чужы боль? Работа няўдзячная, да таго ж, грошай за яе не плацяць. Сапраўды, такіх, як А.В.Драгун, гатовых працаваць бескарысліва, у наш час няшмат. Але Аркадзій Васільевіч разважае па-свойму: «Некаму ж трэба дапамагаць людзям! Што гэта будзе, калі мы ўсе станем адмахвацца ад іх праблем, не раздзелім радасць і не дапаможам перажыць гора?». І на ўгаворы дачок перабрацца да іх у Баранавічы і Узду, дзе яны жывуць, упарта адмаўляецца. «Не магу, – сцвярджае, – сваіх пакінуць. Душой прыкіпеў да іх».
Увогуле, чалавекам няўрымслівым і таварыскім А.В.Драгун быў заўсёды. Дзе б ні давялося яму працаваць пасля заканчэння Беларускага інстытута фізкультуры (цяпер БДУФК), – у Чырваназоркаўскай, Янавіцкай, працяглы час – Даматканавіцкай, і да выхаду на пенсію – мясцовай Шчэпіцкай школах, – усюды былі заўважаны яго актыўнасць і неабыякавасць да жыцця. Не змяніў ён сваім асноўным прынцыпам – жыць у згодзе з сумленнем і заўсёды імкнуцца рабіць людзям дабро – і пасля таго, як шмат гадоў назад развітаўся са школай і з любімымі вучнямі.
Зрэшты, правам на заслужаны адпачынак Аркадзій Васільевіч распарадзіўся па-свойму. Адразу ж у першы «пенсійны» дзень ён паспяшаўся на збожжаток, дзе па просьбе кіраўніцтва мясцовай сельскай гаспадаркі працаваў некаторы час, а затым – да мінулага года – вартаваў калгасную гародніну.
– Калі чалавек працуе – яму хочацца жыць, – гаворыць Аркадзій Васільевіч. – А калі бязмэтна сядзіш дома, склаўшы рукі, хутчэй старэеш, і пачынаеш думаць аб сваіх балячках. На маю думку, аб сваёй бязбеднай старасці трэба задумвацца яшчэ будучы маладым. Для гэтага належыць выхоўваць у дзецях паважлівыя адносіны да старэйшага пакалення, не цурацца клопатаў аб унуках. І тады можна быць спакойным, што не застанешся адзінокім і пакінутым напрыканцы свайго жыцця.
А.В.Драгун можа ганарыцца сваімі дзецьмі. Алена і Наталля сталі не толькі добрымі спецыялістамі, але і выраслі спагадлівымі, чулымі людзьмі. Пасля таго, як пайшла з жыцця жонка Інэса Пятроўна, з якою Аркадзій Васільевіч пражыў душа ў душу звыш 40 гадоў, і якая доўгі час працавала загадчыкам Шчэпіцкага ФАПа і па словах вяскоўцаў была «доктарам ад Бога» за высокі прафесіяналізм і залаты характар, яны сталі для бацькі надзейнай апорай і падмогай. Калі надараецца магчымасць, спяшаюцца дачушкі ў родную хату, каб акружыць роднага чалавека ўвагай і клопатамі, і каб ён не адчуваў сябе адзінокім. Часта ў дзядулі бываюць трое ўнукаў, а цяпер ужо разам з імі – і трое праўнукаў.
Жыццё працягваецца, і Аркадзій Васільевіч штодня радуецца яму, не зважаючы на старасць.
Ірына Уласень.
Фота Яўгеніі Семянчук.
2 comments