У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28 верасня 2007 года была распрацавана і зацверджана Праграма развіцця і аптымізацыі сетак устаноў сацыяльнага абслугоўвання, згодна з якой у сельскай мясцовасці неабходна дадаткова адкрыць аддзяленні кругласутачнага знаходжання для людзей сталага ўзросту і інвалідаў з мэтай забеспячэння пастаяннага догляду за грамадзянамі, што не могуць пражываць самастойна па прычыне адзіноты, стану здароўя, узросту, непрыгоднасці жылля, адсутнасці ў пункце пражывання аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры, немагчымасці ці недастатковасці аказання сацыяльных паслуг дома.
У нашым раёне склалася няпростая дэмаграфічная сітуацыя. Статыстыка сведчыць аб тым, што на Клеччыне, як і па краіне ў цэлым, назіраецца пастарэнне нацыі. На сённяшні дзень у нас налічваецца больш за 5 тысяч адзінокіх і адзінокапражываючых грамадзян, больш за тысячу – адзінокіх (агульная колькасць насельніцтва раёна складае 32,1 тыс.чалавек). У аддзяленні сацыяльнай дапамогі дома ТЦСАН на абслугоўванні значыцца 1391 прыстарэлы і інвалід. Пэўнай частцы з іх патрабуюцца паслугі сядзелкі, якіх, на жаль, не хапае. Менавіта ў сувязі з гэтым, а таксама каб узмацніць сацыяльную абароненасць асобных катэгорый кляччан, павысіць узровень якасці жыцця тых, хто знаходзяцца ў цяжкім жыццёвым становішчы, было прынята рашэнне аб перапрафіліраванні былой Заляшанскай школы ў аддзяленне з кругласутачным знаходжаннем. Безумоўна, арганізацыя абслугоўвання ва ўстанове такога тыпу – добрая альтэрнатыва пражыванню грамадзян у дамах-інтэрнатах. Такі падыход з’яўляецца больш рацыянальным як з сацыяльнага, так і эканамічнага погляду. Да прыкладу, ад рэалізацыі Праграмы, якая, дарэчы, фінансуецца за кошт сродкаў як рэспубліканскага, так і мясцовага бюджэтаў, па краіне ўвогуле чакаемы эканамічны эфект павінен скласці 198 млрд.руб. Сёння ж гаварыць аб нейкіх выніках яшчэ пакуль вельмі рана.
На цяперашні час на перапрафіліраванне аддзялення нашага раёна асвоена крыху больш за 2 млрд.руб. (увесь праект прадугледжвае 4 млрд.руб.). Вялікую падтрымку, як зазначае дырэктар ТЦСАН З.В.Уласевіч, аказаў Сусветны банк, за кошт якога (0,5 млрд.руб.) праведзена цеплавая рэанавацыя, заменены вокны, устаноўлены дзверы. У дадзены момант з-за адсутнасці грашовых сродкаў будаўнічыя работы на аб’екце вядуцца маруднымі тэмпамі. Знешне (на здымках) будынак будучага аддзялення для састарэлых і інвалідаў нават у незавершаным выглядзе ўжо радуе вока. Бо гэта на сённяшні дзень, без перабольшвання, амаль адзіная «жамчужына» яшчэ нядаўна, здавалася б, неперспектыўных Заляшан. Калі закрылі школу, сяльчане былі перакананы, што іх вёска зусім хутка вымра і на карце Беларусі застанецца чарговая цёмная пляміна. На шчасце, упэўненасці у заўтрашнім дні ў жыхароў крыху прыбавілася адразу, як толькі адзін за адным, нібы грыбы пасля дажджу, па прэзідэнцкай праграме адраджэння вёскі пачалі з’яўляцца акуратныя, дабротныя домікі з усімі выгодамі. Нарэшце і газіфікацыі тут ужо дачакаліся: артэрыі з блакітным палівам вось-вось разрастуцца па вуліцах Заляшан. Што і казаць, усе гэтыя змены станоўча паўплывалі на ўсведамленне вяскоўцаў. Прыбавілася аптымізму і тады, калі даведаліся, што хутка на месцы былой школы з’явіцца новая ўстанова сацыяльнага тыпу. Для некаторых, шчыра кажучы, гэта доўгачаканая перспектыва атрымаць (памяняць) рабочае месца, у пенсіянераў пачалі з’яўляцца абнадзейваючыя думкі, маўляў, на старасць год ні пры якіх там непрадказальных сітуацыях ужо не застанемся сам-насам з нямогласцю, а для ўсіх сяльчан увогуле, як ужо адзначалася вышэй, як-ніяк гэта праяўленне гаспадарлівасці і парадку, бо як бы там ні было, а ў многіх душа балела ад таго, што прападае такая магутная будыніна.
Як бачна, заляшанскі навабуд мае толькі карысныя намеры, і так не хацелася б, каб да яго шчыльна прыклеіўся сінонім даўгабуд. Давайце ўсе разам адгукнемся на дадзеную праблему, тым больш, вядома ж, ад старасці застрахавацца нельга. Рана ці позна яна да нас прыйдзе, і, хто ведае, як складуцца жыццёвыя абставіны: магчыма, менавіта гэты дом стане нашым апошнім прытулкам.
У ліпені быў аб’яўлены дабрачынны марафон па зборы грашовых сродкаў для таго, каб хутчэй завяршыць будаўніцтва аддзялення з кругласутачным знаходжаннем для састарэлых і інвалідаў. У выніку сабрана каля 8 млн.руб. Самы актыўны ўдзел прынялі прыватныя прадпрыемствы, прадпрымальнікі і частка дзяржаўных устаноў і арганізацый. Калі хто-небудзь захоча праявіць дабрачыннасць і міласэрнасць у адносінах да гэтай справы і ўнесці свой уклад, тэлефануйце па нумарах:
55-9-12 (дырэктар ТЦСАН) і 53-3-69 (бухгалтэрыя).
Святлана Орпель.
Фота Яўгеніі Семянчук.
Отправить комментарий