«Мы шмат гаворым аб высокіх матэрыях, інавацыях. Але часам маўчым аб тым, што адной з асноўных прычын гібелі людзей у нашай краіне застаецца вытворчы траўматызм. Лічу, у ХХІ стагоддзі такая сітуацыя выглядае проста абсурдам».
А.Р.Лукашэнка.
Аспекты захавання тэхнікі бяспекі як на дзяржаўных прадпрыемствах, так і ў камерцыйнай сферы з’яўляюцца побач з вытворчымі пытаннямі зусім не другараднымі. Беражонага заўсёды зберажэ Бог, калі сам чалавек своечасова паклапоціцца аб сваім здароўі і жыцці.
Пытанні захавання тэхнікі бяспекі былі ў цэнтры ўвагі кіраўнікоў прыватных арганізацый і сялянскіх фермерскіх гаспадарак, якіх у зале пасяджэнняў райвыканкама разам сабраў семінар па тэме «Арганізацыя работы па ахове працы з улікам новаўвядзенняў». Яго мэта – азнаёміць прысутных з дакументамі, на падставе якіх павінна быць арганізавана работа па ахове працы. А што недаробак тут шмат, нагадала ў сваім выступленні начальнік аддзела працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Н.І.Савошка.
– Як правіла, кіраўнікі, асабліва прыватных арганізацый, пачынаюць цікавіцца абмяркоўваемымі праблемамі пасля таго, як здарыцца нейкае ЧП ці адбудзецца няшчасны выпадак, – зазначыла Надзея Іванаўна. – А адказы на ўсе незразумелыя пытанні можна знайсці ў заканадаўстве, якое пастаянна дапаўняецца новымі звесткамі і дакументамі. Але адкуль аб гэтым можна даведацца, калі некаторыя кіраўнікі нават не знайшлі часу, каб пабываць на семінары і пачуць шмат цікавага для сябе.
Апрача арганізацыі работы па ахове працы, якую падрабязна асвяціла ў сваім выступленні Н.І.Савошка, на семінары былі абмеркаваны пытанні захавання працоўнага заканадаўства, пажарнай бяспекі на прадпрыемствах, забеспячэння электрабяспекі пры эксплуатацыі электраўстановак спажыўцоў, гігіенічныя патрабаванні да ўмоў працы работнікаў і ўтрыманне вытворчых і невытворчых прадпрыемстваў, а таксама парадак афармлення дакументаў для назначэння пенсіі. Іх асвяцілі галоўны дзяржаўны інспектар Слуцкай МРІП Ф.С.Мяцельскі, галоўны спецыяліст аддзела механізацыі, кантролю і будаўніцтва ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання А.М.Мікуліч, начальнік раённай інспекцыі дзяржэнерганагляду М.Л.Дубіна, намеснік начальніка раённага аддзела па НС А.В.Жукоўскі, загадчык аддзела гігіены РЦГ і Э М.М.Новік, намеснік начальніка упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Г.А.Міхайлава.
Усім кіраўнікам было прапанавана атрымаць ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне распрацаваную памятку на электронным носьбіце.
Пасля заканчэння работы семінара 24 чалавекі прайшлі праверку ведаў па пытаннях аховы працы.
Ірына Уласень.
Отправить комментарий